Тройчы апраўданага галоўнага інжынера МЗКЦ ізноў судзяць


Ужо чатыры гады Андрэй Галавач застаецца за кратамі. Калі ён першы раз пачуў, што апраўданы, на свабоду гэтак і не выйшаў. Тады яго ўзялі пад варту ў зале суда, але ўжо паводле іншай крымінальнай справы, зноў абвінаваціўшы ў атрыманні хабараў. 29 траўня пачаўся суд ужо ў новай крымінальнай справе, піша TUT.by.

Выпадак Андрэя Галавача нават дасведчаныя адвакаты называюць унікальным і не памятаюць падобных гісторыяў, калі чалавека ўтрымліваюць у СІЗА чатыры гады. У лютым 2018 году суд Фрунзенскага раёну Менску апраўдаў галоўнага інжынера ў атрыманні хабараў на суму больш як 180 тысяч дэнамінаваных рублёў, Менгарсуд пакінуў апраўдальны прысуд у сіле.

«3 траўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела пратэст намесніка генеральнага пракурора і пакінула яго без задавальнення. Апраўдальны прысуд майму мужу з’яўляецца законным і абгрунтаваным. Падставаў для яго адмены няма», – распавяла перад пачаткам працэсу Таццяна Галавач, жонка абвінавачанага.

Паводле новай крымінальнай справы галоўнага інжынера МЗКЦ абвінавачваюць паводле ч. 2, 3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі).

Дзяржаўны абвінаваўца па гэтай крымінальнай справе – вядомы пракурор Юрый Шарснёў. Ён падтрымліваў абвінавачанне па «справе Коржыча» і «справе медыкаў».

Паводле следства, з 2008 па 2015 гады на пасадзе галоўнага інжынера Галавач атрымаў у якасці хабару 192 200 долараў і 35 тысячаў еўраў. Грошы яму нібыта перадаваліся «за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю». Напрыклад, як сябра камісіі ён, па версіі абвінавачвання, лабіяваў інтарэсы нямецкай і паўднёвакарэйскай кампаніяў, паведамляў іх прадстаўнікам, якое абсталяванне (тэхнічныя характарыстыкі) плануе набыць МЗКЦ.

Як адзначаецца ў матэрыялах крымінальнай справы, Андрэй Галавач браў хабары ў розных месцах. Напрыклад, дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе, у кавярні ў Маскве, куды абвінавачаны прыехаў у камандзіроўку, яму, згодна абвінавачвання, перадалі 13 тысяч долараў; у 2014 годзе ў Grand Cafe – 60 тысяч долараў, у будынку МЗКЦ – адну тысячу еўраў.

Сваю віну інжынер не прызнае

Па словах пракурора, віна Галавача пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы, паказаннямі 50 сведак, якія будуць выкліканы ў суд, чэкамі з рэстаранаў, матэрыяламі аператыўна-вышуковай працы. Галавач выступіць пасля допыту сведак.

«Я паспрабую даказаць, што ўсё, што было ўстаноўлена следствам, не так», – кажа Андрэй Галавач.

Фота: Дар’я Буракіна / TUT.BY

Андрэй Галавач быў затрыманы ў траўні 2015 года, яго абвінавацілі ў атрыманні хабараў на суму больш як 180 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Суд першай інстанцыі прызнаў фігуранта вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і прысудзіў яму 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Але Менскі гарадскі суд адмяніў прысуд і адправіў справу на новы разгляд у той жа Фрунзенскі суд Менску, толькі да іншага суддзі. У гэты раз Галавачу быў вынесены апраўдальны прысуд.

У абарону Андрэя Галавача 887 супрацоўнікаў МЗКЦ падпісалі ліст на імя кіраўніка Беларусі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў