«Троіца», аркестры, майстар-класы ад цесляроў: фестываль SPRAVA запрашае ў Белую Царкву


Другі фестываль SPRAVA пройдзе 4-5 жніўня ў вёсцы Белая Царква на маляўнічым паўвостраве каля руінаў царквы ХVI стагоддзя, дзе выступяць больш 10 артыстаў, некалькі класічных аркестраў і тэатраў.

Хэдлайнерамі будзе этна-трыа «Троіца» і беларуска-польскі этна-джаз-квінтэт Ulyanica.

Фестываль аб’ядноўвае архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў, рамеснікаў, музыкаў і наведнікаў для збудавання невялікіх архітэктурных абʼектаў вакол Чарэйскага возера. Як і летась, любы ахвочы зможа вырабіць сваймі рукамі зэдлік, столік ці іншы драўляны абʼект пад кіраўніцтвам дасведчаных цесляроў з Нямеччыны і Беларусі.

Таксама вас чакае палявая кухня, экскурсія па ваколіцах, паказ дыяфільмаў, майстар-класы ад фатографа Максіма Шуміліна, «Торба Шоу», «Мыльнага фальварку», арт-студыі PLASTILIN ды шмат чаго іншага.

«Першы фестываль SPRAVA паказаў, што паўвостраў зʼяўляецца месцам сілы не толькі для нас – жыхароў вёскі. Шмат актыўных і творчых людзей хочуць укласці ў гэтую прастору сваё натхненне і веды. Мы хочам падтрымліваць гэтую традыцыю, таму ў гэтым годзе SPRAVA пройдзе пад дэвізам «фестываль месца», дзе любы жадаючы можа стаць не толькі наведнікам, але і актыўным удзельнікам», – кажуць арганізатары Каця Аверкава і Мацвей Сабураў.

Квіткі можна замаўляць ТУТ і ТУТ.

Стужка навінаў