Трох заўзятараў «Крумкачоў» затрымлівалі ў Бабруйску, аднаму з іх далі штраф


Як заўзятары «Крумкачоў» зʼездзілі на выезд у Бабруйск.

Інцыдэнт адбыўся ў дзень матчу першага туру беларускага футбольнага чэмпіянату «Белшыны» – «Крумкачы».

У перапынку матчу трое заўзятараў гасцей былі дастаўленыя ў РАУС.

Дваіх адпусцілі ў той жа дзень, а яшчэ адзін быў затрыманы да панядзелка.

Па выніках судовага паседжання хлопцу, які аказаўся праграмістам адной з буйных менскіх IT-кампаніяў, быў выпісаны штраф у памеры 420 тыс. рублёў.

«Адзін з затрыманых распавёў, што пасля першага тайма заўзятары пайшлі ў аўтобус, каб выпіць спіртнога, за імі зайшоў супрацоўнік міліцыі і зрабіў аднаму з іх заўвагу, што ён знаходзіцца ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.

Хлопец хацеў даведацца, па якім крытэры ацэньваецца яго стан, на што, па словах сведкі, супрацоўнік яму адказаў, што «крытэр – гэта я». Заўзятар, які правёў увесь другі тайм у міліцыі, эмацыйна распавядае, што малады чалавек пачаў спрачацца, і яго завезлі ў РАУС для высвятлення асобы, так як ён не захацеў паказваць пашпарт і сказаў, што не будзе гаварыць без свайго адваката.

Астатніх забралі ў якасці сведак. Яму прапанавалі заплаціць штраф, але хлопец, які апынуўся праграмістам адной з буйных менскіх IT-кампаніяў, адмовіўся.

Пасля званка па тэлефоне яны адказалі, што затрыманы ўжо ў ізалятары часовага ўтрымання і ў панядзелак над ім будзе суд. Змірыўшыся са стратай прыяцеля і папярэдзіўшы ягоную жонку, усе расселіся па месцах і сталі абмяркоўваць гульню. У суправаджэнні машыны ДАІ і супрацоўнікаў міліцыі аўтобус выехаў з гораду», – напісаў у артыкуле журналіст TUT.BY Яўген Карпаў.

HM, belsat.eu, паводле Sport.tut.by

Стужка навінаў