Трое жыхароў Менскай вобласці кралі з фермаў цялят і прадавалі мяса ў рэстарацыі


Міліцыя затрымала трох мужчынаў, што працяглы час кралі з фермаў Менскай вобласці цялят, забівалі іх і прадавалі мяса прыватным асобам ды рэстаранам. За адзін месяц у чэрвені яны тройчы абкрадалі фермы пад Валожынам.

Усяго следства выкрыла 7 выпадкаў крадзяжу маладых кароваў, як паведамляецца на сайце УУС Менаблвыканкама.

Фота: УУС Менгарвыканкама

Першыя звесткі аб знікненні цялятак у Менскай вобласці зʼявіліся яшчэ ўвесну ад кіраўнікоў фермаў у Маладзечанскім, Ашмянскім і Вялейскім раёнах. Злачынцы добра планавалі справу, вышуквалі фермы, дзе цяляты стаяць пад акрытым небам і каля лесу. Выкрадалі жывёлінаў ноччу, накінуўшы вяроўку на шыю.

«Выводзілі за агароджу, калі ахоўнік абыходзіў тэрыторыю далей ад хлява. Каля ўчастка білі жывёліну па галаве металічным прадметам, разбіралі тушу, грузілі ў машыну і зʼязджалі дадому», – кажа намеснік старшыні РАУС Валожына Сяргей Гелда.

Фота: УУС Менгарвыканкама

Мяса прадавалася рэстарацыям у Менску, а таксама вялікі попыт трымаўся сярод мясцовых жыхароў. Каштавала мяса танней, чым на рынку або ў магазіне, таму пакупнікі з ахвотай куплялі, не патрабуючы ніякіх дакументаў.

Злачынцаў затрымалі па дарозе з Менску, куды яны завезлі на продаж чарговую партыю ялавічыны. Мужчыны маюць узрост 29, 31 і 49 гадоў, адзін з іх ужо быў асуджаны па такой жа справе. Зараз іх будуць судзіць па крымінальным артыкуле «Крадзеж, здзейснены групай асобаў», які прадугледжвае пакаранне да 4 гадоў пазбаўлення волі.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў