Трэці месяц дэпрэсіі і руху да метра «па 500». Чаму гэта – рух да катастрофы

Месяц таму я пісала пра тое, што рынак нерухомасці ў верасні знаходзіцца ў ступары праз тое, што адбываецца ў краіне. Зараз зразумела, што ў верасні мы былі яшчэ хіба ў высокай кропцы сінусоіды Каца, і трэці месяц рухаемся ўніз, да татальнай дэпрэсіі.

Статыстыка рэальных здзелак НКА паказвае: калі верасень быў правальны (720 здзелак, прыкладна 65% ад нормы), то кастрычнік ( па ім яшчэ няма канчатковай лічбы, але папярэднія горш ад вераснёўскіх) – наогул прабіў дно. І лічбы па здзелках ў першую траціну лістапада не лепшыя ад кастрычніцкіх.

Фота: ІА / Белсат

Увогуле, у дэпрэсіі пакупнікі нічым не цікавяцца. У стане здранцвення прадаўцы. Кватэр на продаж выстаўлена больш за 10 тысяч (гэта рэкордныя лічбы), але цэннік ад пікавых сёлета значэнняў упаў усяго на 130 долараў за квадратны метр. Сярэдні зараз, па дадзеных парталу Realt.by, $1347 за квадратны метр.

Прадаўцы вельмі інэртныя, на што спадзяюцца – загадка. Рыэлтары стаміліся біцца галавой аб сцяну, тлумачачы, што пакупнік з грашыма – рэдкасць і трэба згаджацца на гандаль, шанцу прадаць па дакрызісных цэнах у бліжэйшыя пару гадоў не будзе. Ім не вераць, а дарма.

Як будуць падаць кошты: версія рыэлтараў

У рыэлтарским асяроддзі яшчэ жывая надзея, што пакупнікі проста стаіліся і чакаюць, калі будзе «метр па тысячы». Верагодней за ўсё, ближэй да вясны. І тады партызанскія атрады адкладзенага попыту выйдуць з лесу здранцвення, і рынак ажыве. Гэта меркаванне мае права на жыццё – на руках у беларусаў-больш за паўтара мільярда долараў, знятых у апошнія месяцы з дэпазітаў, і яшчэ каля 6 мільярдаў у банках. І патрэба ў жытле, зноў жа, ёсць.

У гэтым аптымістычным сцэнары пры метры «па тысячы» да дакрызіснага ўзроўню аднаўляецца аб’ём здзелак. Але кароткачасова, паколькі колькасць людзей, якія чакаюць гэтага цэнніка, абмежаваная. Ну, а далей цана будзе залежаць ад эканомікі і даходаў насельніцтва.

На жаль, гэты аптымістычны сцэнар не ўлічвае асноўнага фактару, што паралізаваў рынак –палітычную сітуацыю.

Узмацненне рэпрэсій у апошнія тыдні, крымінальныя справы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, больш за тысячу затрыманых у мінулую нядзелю, новыя катаванні не дадаюць аптымізму тым, хто думае пра жыллё. Статыстыкі няма, але і без яе зразумела, што з кожным днём касцяк патэнцыйных пакупнікоў меншае. Такімі тэмпамі да вясны практычна ўсе, у каго ёсць грошы або кваліфікацыя, якая дазваляе іх зарабляць, будуць або ў турме, або пад следствам, або за мяжой.

Таким чынам, кошты ў Менску ўпадуць. Калі вы не верыце, што жыллё можа каштаваць ніжэй за тысячу долараў, проста вывучыце гэтую карцінку. У рэгіёнах сабекошт будаўніцтва не нашмат ніжэйшы, але кошты продажу ўжо «истотна иншыя».

 

Сем’ям, якія вырашаць з’язджаць, трэба будзе альбо замкнуць кватэру на ключ і адключыць святло-газ-ваду да вяртання, альбо прадаць сваю нерухомасць па тым кошце, па якім возьмуць тыя, якія застаюцца. А застаюцца сілавікі, чыноўнікі, пенсіянеры, кваліфікаваныя кадры, што змірыліся з сітуацыяй і некваліфікаваныя, якія не цікавыя суседнім краінам .

Пенсіянеры жыллём у большасці сваёй забяспечаны, чыноўнікі і сілавікі атрымаюць магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы з мінімальнымі ўкладаннямі, даходы ў астатніх, як і належыць у краінах з моцнай дыктатурай, будуць на ўзроўні пракорму – не да фантазій аб прасторных апартаментах ў скандынаўскім стылі.

Фота: ТК / Белсат

У гэтым горшым сцэнары сумная доля будзе датычыць не толькі ЖК «Маяк Менску», але і іншых буйных праектаў. Няма дольшчыкаў – няма грошай на будоўлю. Няма будоўлі – не патрэбныя будаўнікі. Расце беспрацоўе – падаюць прыбыткі гандлю і абслугоўвання, мінімізуюцца паступленні ў бюджэт, з якога фінансуюць ахову здароўя і адукацыю, увесь бюджэт выдаткуецца на тых, хто «падтрымлівае парадак». Карацей, мы ўпэўненымі тэмпамі рухаемся да катастрофы, пры якой тым, хто выжывае, не да нерухомасці ў прынцыпе.

А калі «Можам! Пераможам!»?

Хочацца верыць у пазітыўны сцэнар. Што раней, чым здарыцца катастрофа, пачнуць працаваць законы. Гэтага будзе дастаткова, каб тыя, што знаходзіліся на нізкім старце, адмовіліся ад ідэі ад’езду і вярнуліся на рынак.

У зусім пазітыўным сцэнары прыязныя краіны дапамогуць эканоміцы інвестыцыямі і эфектыўнымі ідэямі па хуткім аднаўленні. Айцішнікаў вернуць, і ім, і бізнэсу дадуць зялёнае святло. Забудоўшчыкаў выратуюць тыя, хто верыць у светлыя перспектывы краіны.

Пры пазітыўным сцэнары кошт квадратнага метра ўсё роўна знізіцца (аб’ектыўна эканоміка і прыбыткі большасці насельніцтва прасядуць, аптымізму для аднаўлення недастаткова, патрэбны час), але не да ўзроўню 1 метр = сярэдні заробак па Менску. Метр «падтрымае» адкладзены попыт і веру ў светлую будучыню. І інвестары, якія разумеюць, што пасля дна – толькі рост.

Наталля Літоўская/АА

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў