«Трэнд на закручванне гаек». Навошта Лукашэнка адхіліў Румаса і прызначыў Галоўчанку?


Лукашэнка падчас нарады 4 чэрвеня.
Фота: president.gov.by

Змена кіраўніка ўраду ў розрух прэзідэнцкай кампаніі – не выпадковая. Новы ўрад са старымі чальцамі ачоліў былы дыпламат і кіраўнік сілавога ведамства Раман Галоўчанка. «Белсат» падсумоўвае дасягненні экс-прэм’ера Сяргея Румаса.

Сяргей Румас узначальваў беларускі ўрад амаль два гады – з 18 жніўня 2018 года да 3 чэрвеня 2020-га, калі быў адхілены ад пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Лукашэнка адправіў у адстаўку ўрад Сяргея Румаса
2020.06.03 19:41

Самы слабы ўрад?

Хоць былы прэм’ер-міністр і характарызаваўся шмат кім як ліберал і прыхільнік рынкавай эканомікі, рэалізаваць рэформы ён не здолеў. Пра гэта заявіў у каментары belsat.eu кіраўнік «Навукова-даследчага Цэнтру Мізеса» Яраслаў Раманчук.

Паводле яго, урад Румаса быў ці не самым слабым за ўсе 26 гадоў кіравання Лукашэнкі.

«Ён быў тэхнічным. Ён быў безыніцыятыўным. Урад, які абнуліў дыялог з бізнесам. Урад, які нічога не зрабіў, каб падтрымаць беларускую навуковую думку і нейкім чынам сумесна распрацоўваць праграмы дзеянняў. Урад, які займаўся ашуканствам, падлізніцтвам і проста арыентаваўся на нейкія наменклатурна-камерцыйныя праекты тых людзей, якія ўжо даўным-даўно зрабілі кола сваіх людзей вакол Лукашэнкі», – заявіў ён.

Меркаванні
Румас як загнаны конь
2020.06.04 12:26

Эканаміст адзначыў, што не бачыў ніводнага дакументу, які быў бы падрыхтаваны і які прасоўваў або ўрад, або Румас, пад якім бы ён паславіў подпіс.

«Гэта ўсё было для таго, каб крыху падлатаць сістэму «Савок-дзяржплан». І ягонай рынкавасці я проста не бачыў», – адзначыў кіраўнік Цэнтру Мізеса.

На яго думку, прычынаю адстаўкі сталіся палітычныя гульні «для таго, каб паказаць, што Лукашэнка трымае пульс, перакідвае адказнасць на Румаса, на ўрад».

Патрэбныя тыя, хто не будзе філасофстваваць

Замест Румаса новым кіраўніком ураду Беларусі стаў былы старшыня Дзяржаўанага вайскова-прамысловага камітэту, дыпламат Раман Галоўчанка.

«Гэта чалавек, які шмат гадоў займаўся бяспекай і зброяй. Нават калі ён быў амбасадарам у Эміратах, то, напэўна, гандаль зброяй займаў немалое месца», – пракаментаваў belsat.eu кадравыя змены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, такім сваім прызначэннем кіраўнік краіны ўвасабляе свае палітычнае крэда, якое заключаецца ў нелюбові да «нейкіх ліберальных рэчаў».

Hавiны
Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм’ерам стаў Раман Галоўчанка
2020.06.04 11:11

«Ён заўжды быў за тое, што трэба мабілізаваць эканоміку і іншыя галіны. Яму падабаецца, калі людзі не філасофствуюць, не выяўляюць нейкія ініцыятывы, а проста шчоўкаюць абцасамі, бяруць пад казырок і кажуць «Будзе выканана!». Афіцыйнаму лідару здаецца, што калі такога кшталту армейскія парадкі распаўсюдзіць ва ўсіх галінах, то ва ўсёй сістэме шасцерні будуць круціцца, як трэба. Гэта такое мысленне, мякка кажучы, не сучаснае, але Лукашэнка і раней не дэманстраваў прагрэсіўных памкненняў. А цяпер, ва ўмовах крызісу і калі выбарчая кампанія пачала развівацца не так, як яму хацелася, выявілася масавае незадавальненне народу, тым болей – афіцыйны лідар абірае трэнд на кансерватызм, на закручванне гаек. На тое, каб захаваць свой уладны статус-кво любымі метадамі. І яму патрэбныя адпаведныя выканаўцы», – падкрэсліў аналітык.

«Прыдаткі» Лукашэнкі

У кантэксце дабрабыту беларусаў і развіцця краіны Яраслаў Раманчук не бачыць нагоды спадзявацца на рэформы.

«Я думаю, што Лукашэнка будзе рабіць стаўку на тое, каб урад дапамагаў яму зрабіць канстытуцыйны рэферэндум, каб была забяспечаная яшчэ большая лаяльнасць да ягоных праграмаў і каб ён узяў частку адказнасці за той ціск, які будзе наступаць на эканоміку», – адзначыў ён.

Агулам, на думку эканаміста, у сённяшніх умовах у Беларусі Савет Міністраў проста не павінен існаваць, бо ён з’яўляецца «адміністрацыйна-наменклатурным прыдаткам да самога Лукашэнкі, які па сутнасці стварыў паралельную сістэму прыняцця рашэнняў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў