«Трэба спыняць эпідэмію». Што адбываецца ў мястэчку Свір, дзе шмат людзей хварэюць на пнеўманіі


Свір – невялічкі пасёлак за 160 кіламетраў ад Менску, які знаходзіцца на беразе маляўнічага возера. Шмат менчукоў набываюць там зямлю – выдатныя краявіды і чыстае паветра прывабліваюць людзей. Аднак зараз у гэтым мястэчку адбываецца сапраўдная трагедыя. Паводле мясцовых жыхароў ледзь не 7 % насельніцтва Свіры хварэюць на пнеўманіі, а за апошнія пару дзён памерла пяць чалавек. Што адбываецца ў гэтай маляўнічай мясцовасці?

Смерць 53-гадовага бізнесоўца

У нядзелю 10 траўня ў Мядзельскай лякарні раптоўна памёр мясцовы бізнесовец Аляксандр Ляховіч. Афіцыйны дыягназ – пнеўманія. Пачалося ўсё з высокай тэмпературы. Выклікалі хуткую, тыя ўкалолі траянку ды адпусцілі.

Яшчэ праз тыдзень стан пагоршыўся. Ужо ў раённым цэнтры, у Мядзелі, у Аляксандра дыягнаставалі пнеўманію, а ў ягонай жонкі – бранхіт.

Аляксандр Ляховіч, памерлы бізнесовец са Свіры,
Фота: vk.com

Праз два дні бізнесоўцу перавялі «на кісларод», яшчэ праз два адправілі ў рэанімацыю. На апараце ШВЛ ён праляжаў 13 дзён. Сваякі шукалі донараў плазмы сярод тых, хто перахварэў на каронавірус, але безвынікова.

«У бацькі не пацвердзіўся вірус, сказалі, што праз месяц будуць вынікі анатамавання. У моргу нам здалёк паказалі цела, але ўдома [труну. – Belsat.eu] не дазволілі адкрываць», – кажа дачка памерлага Эдыта Ляховіч.

«Людзі ўзбударажаныя»

Мянчук Анатоль Скараход, які зараз жыве на лецішчы каля Свіры, кажа, што сітуацыя ў пасёлку значна змянілася за апошні месяц.

«Зараз на касе стаяць антысептыкі, шмат людзей у масках. Асабліва калі параўноўваць сітуацыю з той, што была месяц таму. На каталіцкую Вербніцу ў Свіры была цішыня і спакой. А зараз кантраст незвычайны, адчуваецца напружанне. Людзі ўзбударажаныя», – апісвае сітуацыю ён.

Возера Свір, фота: Уладзімір Андрынка

Напружанню ёсць адкуль узяцца. Паводле Эдыты, па Свіры ходзяць чуткі: нібыта ў пасёлку зарэгістравана 60 пнеўманіяў, ёсць і смерці. Усяго ў мястэчку 900 жыхароў. Аднак жанчына кажа, што нават смерць ейнага таты, уладара будаўнічых крамаў і вядомага ў пасёлку чалавека, не напалохала мясцовых.

«Калі ў людзей падымаецца тэмпература, ім аніхто не дае бальнічны. Людзі працягваюць хадзіць на працу і там заражаюць іншых. Шмат хто ходзіць без масак і пальчатак. Па тэлебачанні і радыё кажуць, што ўсё добра. І шмат хто верыць і не баіцца», – тлумачыць яна.

Праблема яшчэ і ў адсутнасці якаснай медычнай дапамогі. У мясцовай лякарні немагчыма дыягнаставаць пнеўманію, прыходзіцца ехаць у раённы шпіталь. У медыкаў няма сродкаў індывідуальнай абароны. Фельчары часам наведваюць некалькіх пацыентаў з сімптомамі каронавірусу ў аднаразовым самаробным касцюме. Эдыта кажа, што шмат дактароў і іхных сваякоў хварэюць. Але працягваюць працаваць – бо болей няма каму.

Аналіз мачы ў лабараторыі. Ілюстратыўны здымак Pixabay.com

«У майго таты не было лішняй вагі, шкодных звычак, ён намагаўся весці здаровы лад жыцця, ездзіў на ровары на працу. Але калі захварэў – ледзь не за тры дні развілася пнеўманія. Усёй гэтай гісторыяй я хачу данесці, што ад каронавіруснай інфекцыі не застрахаваны ані здаровы, ані хворы, ані сталы, ані малады. Дактары зараз бяссільныя. Таму трэба намагацца яе стрымаць», — кажа Эдыта.

У Свірскім шпіталі карэспандэнтам «Белсату» паведамілі, што сапраўды, у мястэчку шмат людзей хварэюць на пнеўманіі. Колькі з іх каронавірусныя, казаць адмовіліся.

«Паведаміць колькасць хворых мы можам толькі сваякам. Гэта медычная тайна», – сказалі ў шпіталі.

Медычныя працаўнікі ў Свіры, паводле афіцыйных звестак, не хварэюць на COVID-19.

Асобны агмень – у псіханеўралагічным інтэрнаце

У Свіры ёсць псіханеўралагічны інтэрнат, у якім жыве каля 150 чалавек. Такія закрытыя ўстановы – лёгкая мішэнь для інфекцыяў.

Паводле інфармацыі «Белсату», зараз у інтэрнаце ўспышка інфекцыі. Прыкладна ў 20 чалавек пацвердзіўся каронавірус: як сярод персаналу, так і сярод жыхароў. Шмат хто з іх патрапіў у шпіталь. У такой закрытай прасторы вельмі хуткая перадача вірусу.

Сродкі абароны пад час эпідэміі. Ілюстратыўны здымак Pixabay.com

Суразмоўца «Белсату» зазначае, што зараз у інтэрнаце катастрафічна не хапае супрацоўнікаў. Некалькі чалавек нядаўна звольніліся – з-за страху. Зараз на змене працуе па 4-5 чалавек, якім трэба абслугоўваць 150 жыхароў інтэрнату.

«Зараз сітуацыя патавая. Трэба ісці па італійскаму сцэнару: накіроўваць у інтэрнат вайскоўцаў, каб яны дзяжурылі там цэлы дзень. Бо зараз ужо немагчыма справіцца сваімі ўласнымі сіламі. У людзей з інваліднасцю часта аслаблены імунітэт, таму каронавірус для іх – верная смерць», — кажа крыніца, блізкая да кіраўніцтва інтэрнату.

Дырэктар інтэрнату не здолеў пракаментаваць «Белсату» сітуацыю з каронавірусам ва ўстанове.

Калі захварэў хоць адзін, то…

Псіханеўралагічныя ўстановы падчас пандэміі каронавірусу знаходзяцца ў асаблівай небяспецы, гаворыць Вольга Дамінікевіч, дырэктарка арганізацыі «Ёсць справа». Па-першае, праз цеснату і немагчымасць да ізаляцыі: у адным пакоі жывуць ад 4 да 12 чалавек. Жыхары робяць усё разам і пад кантролем. Таксама трэба браць пад улік асаблівасці жыхароў псіханеўралагічных інтэрнатаў.

«Калі ёсць хоць адзін чалавек, які захварэў – няма магчымасці яго нармальна ізаляваць, а тым больш – ізаляваць усіх кантактных з ім», – тлумачыць Вольга.

У такіх месцах звычайна жыве група рызыкі: гэта сталыя людзі з аслабленым здароўем, часта з запушчанымі хранічнымі захворваннямі, якія маюць інваліднасць I і II групы. Не заўсёды ёсць доступ да добрага харчавання.

Паводле эксперткі, малодшы персанал, які ажыццяўляе непасрэдна догляд – людзі, чыя кваліфікацыя можа быць лепш.

Няма магчымасці растлумачыць асабіста кожнаму, з улікам асаблівасцяў яго ці яе ўспрымання, чаму важна, напрыклад, часцей мыць і апрацоўваць рукі, чаму і як насіць маску. І не хапае гэтых сродкаў бяспекі – на іх проста не заклалі бюджэт.

«Жыхары псіханеўралагічных інтэрнатаў і ў мірны час нябачныя людзі, выкінутыя з грамадства людзі», – кажа адмыслоўца.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў