«Трэба перастаць казаць, што ў нас нічога няма». Мастак Сяргей Шабохін пра тое, чаму варта наведаць «Zbor»


У менскай галерэі «Ў» трывае выстава «Zbor in Progress», якая складаецца з 40 найбольш важных і ўплывовых твораў сучаснага беларускага мастацтва. Пра значэнне «Збору» і пра тое, адкуль увогуле ўсё пачалося, гутарым з мастаком, куратарам і адным са стваральнікаў выставы Сяргеем Шабохіным.

Чаму «Збор» спачатку паказалі ў Польшчы ды ва Украіне, і толькі праз тры гады – у Беларусі?

Увогуле ўсё пачалося з даследчай платформы «Калектар», гэта архіў сучаснага беларускага мастацтва.

У 2014 годзе, калі ён ствараўся, у нас не было ні музею са значнай калекцыяй, ні выразнага аналізу досведу, ні падтрымання ў вывучэнні беларускага сучаснага мастацтва. Нават экспертная супольнасць некалькі гадоў таму не ведала некаторых важных твораў, мастакоў нават некаторых не бачыла. Сур’ёзная праблема Беларусі – гэта кароткая памяць. Усе на гэта наракаюць, у нас што ні пачынаецца – усё самае першае адразу ж.

Сяргей Шабохін. «Арт тэрарызм. Ад партызанства да Арт актывізму». Фота Ірына Арахоўская, Belsat.eu

Таму мы збіраем архіў, а ў будучыні хочам адкрыць свой музей сучаснага мастацтва. Але перад намі – цэлы шэраг неабходных крокаў: даследаванні, падбор ды арганізацыя архіваў, аналіз, выбар працаў, і толькі пасля ўжо – стварэнне музею. Мы ўжо не разлічваем на падтрыманне дзяржавы, разлічваем толькі на тое, каб яна нам не перашкаджала.

Дык вось, працуючы над архівам, менеджар нашай платформы Павел Прэабражэнскі быў на стыпендыі «Gaude Polonia» ў галерэі «Арсенал» у Беластоку, вывучаў, як ствараецца музей, як ён распрацоўваецца. Павел распавёў пра наш праект дырэктарцы галерэі Маніцы Шэўчык – і яе вельмі натхніў «Калектар». Паралельна мы тады атрымалі фінансаванне, каб напісаць тэксты да 40 твораў беларускага сучаснага мастацтва. Мы запрапанавалі Маніцы выставіць гэтыя творы, і «Арсенал» падтрымаў нас у тым ліку і грашыма, і мы здолелі зрабіць выставу ў Беластоку. Менавіта галерэя «Арсенал» – галоўны і першы партнёр выставы «Збор». Гэтую выставу разам са мною курыраваў Сяргей Кірушчанка.

Выстава «Збор». Фота Ірына Арахоўская, Belsat.eu

Хто фінансаваў «Збор», і паводле якога крытэрыю абіраліся эксперты?

Арганізацыя «Калектар» зарэгістраваная ў Польшчы польскімі партнёрамі, і менавіта там мы знайшлі грошы на напісанне гэтых 40 крытычных тэкстаў, пра якія я казаў вышэй. Па сутнасці, гэта вельмі маленькае фінансаванне, 100 еўраў на матэрыял, і гэта проста было мецэнацтва, падтрыманне важнага праекту, ніхто не казаў нам, каго мы мусім запрашаць у якасці экспертаў або крытыкаў. Гэта было нашае рашэнне (стваральнікі праекту «Калектар»– Сяргей Шабохін і Сяргей Кірушчанка – belsat.eu)

Мы апыталі больш за 35 экспертаў і задалі ім адно пытанне: якіх твораў, імёнаў і з’яваў не можа не быць у будучым музеі сучаснага мастацтва? І адказы вельмі моцна розніліся, там было толькі імёнаў больш за 150, плюс зʼявы, выставы, працэсы. І сабраўшы гэта, шасцёра экспертаў гэта аналізавалі. У гэтай радзе, якая абірала са 150 твораў 40, былі шасцёра чалавек: Таццяна Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Андрэй Дурэйка, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў, Лена Прэнц.

Фота Ірына Арахоўская, Belsat.eu

Ці ў нас дастаткова крытыкаў, якія займаюцца беларускім мастацтвам, яго ацэнкай і асэнсаваннем?

Не, іх недастаткова, але яны ёсць. Калі мы выбралі 40 твораў для «Збору» – я ідэалістычна думаў, што тэксты напішуць 40 розных крытыкаў. Каб яшчэ зрабіць не толькі зрэз мастацкіх стратэгіяў, але і крытычных думак, спосабаў напісання. Канечне ж, аказалася, гэта немагчыма.

Чаму?

У нас праблемы з адукацыяй. У нас ёсць толькі «Тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва» у ЕГУ, і адтуль дарэчы, прыходзяць апошнія аўтары. Іншыя, хто піша і крытыкуе – жывуць за мяжой і маюць добрую адукацыю адтуль, або прыйшлі з іншай сферы. Напрыклад, Таня Арцімовіч прыйшла з тэатру, нехта з журналістыкі прыходзіць, як Вольга Бубіч. Факт у тым, што ў нас мала тэорыі, і нам не хапае досведу перажывання ў гэтым плане.

Але трэба перастаць казаць, што чагосьці няма. Мы можам даць рады і з той колькасцю крытыкаў, якая ёсць, але канечне лепш каб іх было больш.

Хочацца, каб з’яўляліся маладыя, і была канкурэнцыя, і прафесіяналізм рос. Сістэма мастацтва не настолькі палітызаваная, не настолькі прываблівае, тыя студэнты, якія вучацца за мяжой, не заўсёды зацікаўленыя ў вяртанні, каб у Беларусі нешта рабіць.

Наколькі нашае сучаснае мастацтва сучаснае? Ці можна сказаць, што беларускае мастацтва адстае ў параўнанні з іншымі краінамі?

Самое мастацтва не адстае, ёсць людзі, якія ствараюць вельмі актуальныя творы, і гэта пацвярджаецца тым, што замежныя куратары ўлучаюць гэтыя творы ў апошнія выставы. Таму мастакі заўсёды ёсць і будуць, нават калі ў дзяржаве ўсё будзе вельмі кепска, то мастакоў можа з’явіцца нават яшчэ больш. Мастацтва будзе заўсёды – і дзякуючы, і насуперак.

Заданне «Збору» – натхніць мастацтвам гледача, бо мастацтва ёсць у Беларусі, яно каштоўнае.

Нашыя мастакі працуюць з такімі тэмамі, якія хвалююць увесь свет: тэмы імігрантаў, глабалізму і антыкапіталізму, фемінізму і посткаланіялізму, кўір-тэорыя і сексуальнасць. Пры гэтым некаторыя працягваюць развязваць нейкія чыста мастацкія праблемы: у працы з абстрактным, з формаю, матэрыялам, канцэпцыяй. Сучаснае мастацтва – гэта прагрэсіўнае кіпенне.

Фота Ірына Арахоўская, Belsat.eu

Але ў нас не паспяваюць або адсутнічаюць найважнейшыя часткі сістэмы сучаснага мастацтва: адукацыя, фінансаванне, папулярызацыя, спецыялізаваная прэса. У нас нават не было падабенства на арт-рынак, як гэта было ў Кіеве, Расеі, у 90-ыя. Але, можа, гэта і добра, ніколі не зразумела, плюс гэта ці мінус. Мы не зазналі гэтага вар’яцтва, але ў нас зʼявіліся або зʼяўляюцца іншыя формы. Напрыклад, «Калектар» нашыя калегі з іншых краінаў адносяць менавіта да ўнікальных і сучасных формаў, яны нам нават прафесійна зайздросцяць. Нашая стратэгія шмат у чым прагрэсіўная.

У «Зборы» ёсць праца Аляксея Лунёва «Нічога няма» пра беларускае мастацтва нулявых. Ці змянілася сітуацыя цяпер, ці надалей у нас нічога няма?

Гэта праца пра сітуацыю з беларускім павільёнам у Венецыі (Венецыянскае біенале – belsat.eu). Распавядае праца пра тое, як мошчы святога Пятра былі прывезеныя ў Венецыю, купцы завалілі гэтыя мошчы свінінаю, каб мусульмане не знайшлі, і такім чынам гэтыя мошчы былі перавезеныя з Канстанцінопалю ў Венецыю. І калі запытваюць, ці ёсць у вас нешта, Лунёў кажа, што нічога няма. Бо тады, у 2009 годзе, калі ён ствараў гэтую працу, Беларусь ні разу не прысутнічала на Венецыянскім біенале.

Аляксей Лунёў, «Нічога няма». Фота Ірына Арахоўская, Belsat.eu

А пра тое, што змянілася, я таксама ў 2009 годзе рабіў праект, апытанне ў галерэі «Ў». Там стаяў аўтамабіль-урна для галасавання, куды людзі закідвалі анкеты. Пытанняў было шмат на тэму стану беларускага сучаснага мастацтва, і вынікі былі вельмі сумныя, сапраўды – аказалася, што «нічога няма».

Былі мастакі, былі гледачы, а ўся інфраструктура была ў такім зачаткавым стане. Паўторнае апытанне я рабіў два гады таму, і бачна, што ўсё зрушылася з мёртвага пункту, развіваецца, гэта можна крытыкаваць, але яно развіваецца. Проста галоўнае, каб мы ўсе разам працавалі, супрацоўнічалі, а не скідвалі гэта на таго, хто, як нам падаецца, мусіць гэта рабіць. У нас бракуе людзей, таму я і мастак, і куратар, і рэсурсамі рознымі займаюся, даводзіцца ўсё гэта рабіць у нашым кантэксце. І калі так, я думаю, хай і такімі сіламі ўсё гэта можа памяняцца ды прывабіць прафесіяналізм, падтрыманне новых удзельнікаў і гледачоў.

Наста Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў