«Трэба, каб Пуцін быў побач». І ён застанецца побач

Павел
Усаў

Гэта значыць, што Пуцін, па-за ўсякім сумневам, будзе знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта РФ, яшчэ як мінімум два тэрміны. То бок, кіраваць краінай ён будзе (калі дазволіць здароўе) да 2036 года. У гэтым заключаецца ўся сутнасць «канстытуцыйнай» рэформы ў Расеі.

10 сакавіка дэпутат Дзярждумы Валянціна Церашкова (касманаўтка) прапанавала пасля таго, як будуць прынятыя папраўкі ў канстытуцыю, «абнуліць» прэзідэнцкія тэрміны Уладзіміра Пуціна. Патлумачыла яна гэта неабходнасцю захавання стабільнасці ў краіне і рэалізацыі пастулатаў «абноўленай» канстытуцыі.

Пленарнае паседжанне Дзярждумы Расеі. Валянціна Церашкова ў цэнтры. Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Што цікава, зроблена гэта было па-тэатральнаму, у працэсе абмеркавання прапановы іншага масцітага дэпутата – Аляксандра Карэліна, які прапанаваў, з прычыны сістэмных зменаў у Канстытуцыі, прызначыць пазачарговыя выбары ў Дзяржаўную Думу.

Нягледзячы на ​​тое, што падобныя гульні чакаліся, тэма роспуску Думы і прэзідэнцтва Пуціна стала асноўнай і адсунула на другі план крызісную эканамічную сітуацыю ў Расеі: падзенне рубля і коштаў на нафту. Магчыма, «чорны аўторак» вымусіў Крэмль паспяшацца з гэтымі палітычнымі ініцыятывамі.

Кропкі над «i» расставіў Пуцін. Ён выказаўся супраць роспуску Думы і даў канчатковае вызначэнне формулы працягу свайго кіравання: «зняць абмежаванні для любога чалавека, для любога грамадзяніна, уключаючы дзейнага прэзідэнта, і дазволіць у будучыні ўдзельнічаць у выбарах». Атрымліваецца, што з аднаго боку Пуцін фармальна не гвалтуе канстытуцыю, г.зн. у Законе застаюцца абмежаванні, паводле якіх адна асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны, а з другога атрымлівае магчымасць далейшага праўлення. Вядома, гэтую часовую папраўку павінен зацвердзіць рэферэндум і Канстытуцыйны Суд. Але ў расейскіх умовах гэта тэхнічнае пытанне, у рэшце рэшт, гэтая гульня ладзілася менавіта з гэтай мэтай.

Уладзімір Пуцін выступае з прамовай перад дэпутатамі. Фота: Aleksey Nikolskyi / Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Паказальна, што ў сваіх разважаннях з нагоды тэрмінаў кіравання Пуцін чамусьці спаслаўся на досвед ЗША, паказаўшы на той факт, у Штатах канстытуцыйныя абмежаванні (два 4-гадовых тэрміны) для прэзідэнтаў ўвялі толькі ў 1951 годзе. Да гэтага юрыдычных абмежаванняў не было. Але чамусьці прэзідэнтам ЗША нават у галаву не прыходзіла заставацца на высокай пасадзе больш за два тэрміны і тым самым узурпаваць уладу. Выключэнне складала прэзідэнцтва Франкліна Рузвельта, які абіраўся прэзідэнтам чатыры разы, з прычыны таго, што ЗША ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне. У Злучаных Штатах была моцная традыцыя, усталяваная першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам – не прыпадабняцца тыранам і дыктатарам. Аднак Уладзімір Пуцін, які ў агульнай складанасці пры дапамозе маніпуляцыяў з канстытуцыяй «абіраўся» прэзідэнтам 4 разы, пра гэта нічога не сказаў.

Ці варта Беларусі шукаць новых стратэгічных партнёраў на замену Расеі?

Што цікава, прапаноўваючы механізм «часовага зняцця абмежаванняў», Пуцін паспрабаваў дыстанцыявацца ад практык іншых аўтарытарных рэжымаў на постсавецкай прасторы, да прыкладу Беларусі. У нашай краіне канстытуцыйныя абмежаванні папросту выкрэслілі ў 2004 годзе. Хоць падобныя маніпуляцыі наўрад ці каго-небудзь падмануць. Зразумела, што Пуціну цалкам дастаткова новых 12-ці гадоў, у адваротным выпадку артыкул пра абмежаванні прыбралі б.

 

Вядома ж, сваё жаданне застацца на «рабом на галеры» Пуцін патлумачыў выключна крытычнай неабходнасцю. Краіна перажывае мноства фінансавых і эканамічных праблем, уцягнутая ў цэлы шэраг вайсковых канфліктаў і супрацьстаянне з Захадам, дзяржава вымушаная змагацца з унутранымі і вонкавымі ворагамі. Цяжкія часы, як вядома, патрабуюць цяжкіх рашэнняў.

Апазіцыя ў Расеі рыхтуе мітынг супраць абнулення тэрмінаў Пуціна

Але менавіта праўленне Пуціна ды створаная ім сістэма сталі прычынай цяперашняга стану дзяржавы і грамадства. Гэтая сістэма спарадзіла вайну і крызісы, а зараз забяспечвае сабе далейшае існаванне. Бо відавочна, што цяперашняя сістэма сама па сабе няўстойлівая, у ёй няма механізмаў стабільнасці, акрамя вертыкальнага і персанальнага кантролю і кіравання. Калі з гэтай піраміды выдаліць ключавы элемент (персону Пуціна) наступіць яе маментальны распад, і кіроўныя эліты гэта добра разумеюць.

Так ці інакш, «новая канстытуцыя» і абноўлены прэзідэнт азначае толькі адно – Расея яшчэ доўгі час будзе галерай для сваіх грамадзянаў.

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў