«Трэба два разы на дзень выкрыкваць «Я экстрэміст». Берасцейка распавяла, як у СІЗА здзекуюцца з ейнага сына

Аляксандр Бабіч. Фота з сямейнага архіву

Берасцеец Аляксандр Бабіч увечары 9 жніўня выйшаў у цэнтр гораду, бо не быў згодны з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў: гэта каштавала хлопцу 3,5 года волі. Бабіча з яшчэ адным берасцейцам, Міхаілам Шабалюком, абвінавацілі ў супраціве АМАПу. Ужо чацвёрты месяц Аляксандр застаецца ў берасцейскім СІЗА № 7. Адвакат Бабіча рыхтуе апеляцыю на вырак, а сваякі і знаёмыя дабіваюцца прызнання Аляксандра палітычным вязнем.

«Белсат» паразмаўляў з ягонаю маці, спадарыняю Жаннай.

«На мінулым тыдні наведала сына ў СІЗА, там з яго ўсцяж маральна здзекуюцца. На праверках яму трэба два разы на дзень выкрыкваць: «Я экстрэміст, які аказаў супраціў міліцыянтам». Калі заходзіць да начальніка СІЗА ў кабінет, таксама мусіць паўтараць гэтыя словы», – кажа маці Аляксандра Бабіча.

Жанчына хадзіла на прыём да кіраўніцтва ізалятару, каб даведацца, чаму ейнаму сыну ўвесь час надзяваюць кайданкі і чаму адбываюцца гэтыя здзекі.

«Начальнік СІЗА сказаў, што кайданкі і патрабаванні выкрыкаў – гэта не ягонае асабістае жаданне, а ўказанне зверху. Падчас ператрусу ў кватэры Саша запатрабаваў, каб работнікі, якія яго праводзілі, надзелі бахілы на абутак. Ім гэта не спадабалася, яны паабяцалі сыну, што пасадзяць яго і будуць здзекавацца», – распавядае спадарыня Жанна.

Партрэт Аляксандра ў краме, якую ён паспеў адчыніць да арышту. Цяпер у краме працуе маці Аляксандра

Жанчына лічыць, што ейны адзіны сын сядзіць за тое, што спрабаваў абараніць сябе.

«Мой сын – адзін з тых, каму надакучыў падман, што доўжыцца дзесяцігоддзі. Людзі са сваёй грамадзянскаю пазіцыяй выйшлі на вуліцы, бо ўжо ўвечары 9 жніўня пачалі казаць, што Лукашэнка набраў больш за 80 %. Вядома, людзей гэта абурыла. Якія 80 %? Калі б так, людзей на вуліцах не было б, а ў цэнтры Берасця яблыку не было дзе ўпасці: там былі ўсе – ад моладзі да пенсіянераў.

І супраць мірных людзей яны кінулі ўзброены АМАП. Майго сына абвінавацілі, што ён аказаў супраціў міліцыянтам, але я лічу, што ён сябе абараніў. Калі б не абараніў, то яго таксама схапілі б, адвезлі ў спартовую залу Ленінскага РАУС і збілі, як зрабілі з многімі, і невядома, у якім стане ён адтуль бы прыйшоў», – адзначае спадарыня Жанна.

Аляксандр Бабіч піша родным з СІЗА

Аляксандра судзілі паводле арт. 363 Крымінальнага кодэксу, быццам Бабіч нагою двойчы ўдарыў амапаўца. У матэрыяле справы было напісана, што гэтымі дзеяннямі мужчына нанёс сілавіку Русілаву фізічны боль і маральныя пакуты.

«На відэа бачны ўзмах нагі, і ўсё. І за гэты ўзмах атрымаць тры з паловаю гады – гэта ненармальна і несправядліва. Да гэтых выбарчых падзеяў у нас у Берасці міліцыянту куртку парэзалі і руку закранулі, і чалавек за гэта адседзеў тры месяцы. Гэтыя выпадкі нельга параўнаць. Міліцыянт казаў, што пасля гэтага яму вуха балела, і ён кульгаў, а калі такое адбываецца, патрэбная даведка ад доктара. Але міліцыянт ніякіх даведак не паказаў.

Суд на ўсё заплюшчыў вочы: у нас у краіне няма правасуддзя, праўды і сумленнасці. Як зверху сказалі, так унізе і зрабілі. Следства праходзіла, як цырк. Майго сына затрымалі, у СІЗА на яго ціснулі, прымушалі агаварыць сябе і ўзяць віну за тое, чаго ён не рабіў. Было ўказанне зверху правесці паказальныя суды, каб іншыя баяліся. Яны так і зрабілі», – адзначае маці Аляксандра Бабіча.

Спадарыня Жанна просіць яе не здымаць, бо яшчэ працуе на дзяржаўнай працы: гэта можа ёй нашкодзіць. Але падзеі 9 жніўня змянілі ейны светапогляд.

«Я нават не ведала і не думала раней, што падобныя палітычныя суды былі ў нас яшчэ ў 2010 годзе. Тады я з гэтым не сутыкалася. А цяпер мне так сорамна, што я калісьці галасавала за Лукашэнку і не цікавілася тым, што адбываецца ў краіне», – адзначае жанчына.

У СІЗА Аляксандр Бабіч атрымаў у падарунак ад сукамерніка свой партрэт

Пасля пытанняў, як яна спраўляецца і што надае моцы, маці Аляксандра Бабіча не стрымала слёзаў.

«У нас жыццё падзялілася: да 9 жніўня і пасля. Трымаемся, але вельмі цяжка. Мне вельмі няпроста без сына, ён у мяне адзіны. Ён вельмі добры: не паліў, не выпіваў, не скандаліў. 9 жніўня добрыя людзі павыходзілі, а гэтыя алкашы і дэбашыры сядзелі па хатах на канапах, а 9-га выйшлі толькі добрыя людзі, якія хацелі праўды.

Мне шмат сілаў надае, што чужыя людзі шмат дапамагаюць, нават лісты падтрымкі прыходзяць. Сыну прыходзіць шмат лістоў. Саша сказаў, што яму аддаюць лісты ад родных і ад дзяўчат, а ад хлопцаў – не. Сказаў, што стараецца адказваць усім. Вялікі дзякуй усім, хто нас падтрымлівае, усім вялікі матчын дзякуй», – кажа спадарыня Жанна.

У лісце да маці Аляксандр Бабіч з СІЗА перадае беларусам падзяку за падтрымку

Жанчына спрабуе падтрымаць невялікі бізнес сына – краму, якая займаецца ўпакоўкаю. Бабіч распачаў гэтую справу за два месяцы да арышту, і цяпер, паводле мамы Аляксандра, людзі прыходзяць нешта набыць і падтрымаць словам.

«Саша – вельмі мэтанакіраваны хлопец, патрабавальны да сябе, заўсёды хоча дасягнуць большага. Пасля школы вывучыўся на краўца верхняга адзення. Пайшоў збой у швейнай вытворчасці, не стала пастаянных заробкаў – і ён перавучыўся на слесара газавага абсталявання, там пяць гадоў прапрацаваў. Ён імкнуўся адкрыць нешта сваё, працаваць на сябе. І вось ён стаў ІП, пачаў гэты бізнес. У жніўні мінулага года адкрыў гэтую крамку, а ў верасні яго забралі», – кажа спадарыня Жанна.

АС belsat.eu

Hавiны