«Трэба быць здаровай, каб змагацца». Маці-328 спыніла галадоўку ля турмы на Валадарцы


Жыхарка Менску Марына Мацулевіч, якая двое содняў трымала галадоўку ля будынку СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, спыніла яе праз свой стан здароўя.

Сын Марыны, Раман Кісялевіч, асуджаны па ч. 4 артыкула 328 КК («збыт наркатычных сродкаў у складзе арганізаванай групы») на 14 гадоў пазбаўлення волі. Жанчына катэгарычна нязгодная з прысудам і ўжо амаль год дамагаецца вызвалення сына праз судовыя інстанцыі. Марына сцвярджае, што сын выканаў патрабаванні, прадугледжаныя заўвагай да 328-га артыкулу і цяпер з яго павінны зняць крымінальную адказнасць.

Згодна з заўвагай да артыкула 328, вызваленню ад адказнасці падлягаюць асобы, якія добраахвотна выдалі праваахоўным органам наркотыкі і аказалі актыўную дапамогу па выяўленні (спыненні) злачынстваў па незаконным абароце наркотыкаў, выкрыцці асобаў, якія яго ажыццяўлялі, а таксама па выяўленні маёмасці, атрыманай злачыннымі дзеяннямі.

6 кастрычніка Марына прыйшла да будынку СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, каб перадаць дакументы, але вырашыла застацца і распачаць галадоўку на знак пратэсту. Там жа сабраліся іншыя маці-328, каб падтрымаць яе.

«Гэта было эмацыйнае рашэнне, але я не шкадую… Разумею, што гэта было неабходна для прыцягнення ўвагі да праблемы, але працяглая галадоўку нашкодзіць, у першую чаргу, мне і прынясе мала плёну. Таму сёння ў абед я яе спыніла. Мне трэба быць здаровай, каб змагацца надалей», – сказала Марына Мацулевіч у каментары belsat.eu.

Паводле словаў жанчыны, ёй вельмі дапамаглі маці, чые дзеці таксама сядзяць па 328-м артыкуле. Яны прыносілі кіпень, цёплую вопратку, зарадку для тэлефона.

«Важна, што я была не адна», – кажа Марына.

Цяпер яна адчувае толькі «горкі смак у роце і шум у вушах», ніякіх цяжкіх наступстваў для здароўя двухдзённая адмова ад ежы не мела.

Пасля таго, як галадоўка спынілася, Марына пайшла на кансультацыю ў Інстытут павышэння кваліфікацыі суддзяў і пракурорскіх працаўнікоў, каб з дапамогай юрыстаў вызначыць далейшы план дзеянняў па абароне свайго сына. Жанчына падкрэслівае, што пакуль больш не мае намеру галадаваць – яна будзе працягваць змаганне менавіта ў юрыдычнай плоскасці, хаця і скардзіцца на шматлікія бюракратычныя перашкоды.

***

Нагадаем, маці-328 раней ужо галадавалі. Сёлета вясною жанчыны з розных гарадоў Беларусі правялі без ежы 15 дзён, каб дабіцца сустрэчы з Лукашэнкам. Маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў намагаюцца, каб улады стварылі адпаведную камісію, якая перагледзіць дзейнае заканадаўства і дапаможа змякчыць пакаранне паводле гэтага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Цяпер законапраект знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў