У Беларусі рыхтуюць закон супраць несумленных спартоўцаў


Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, памочнік кіраўніка Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў распавёў пра меры па барацьбе з допінгам.

Паводле яго, цяпер рыхтуюцца змяненні заканадаўства, якія дазволяць караць спартоўцаў, што трапіліся на допінгу.

«Пакуль не буду казаць канкрэтнымі фармулёўкамі: «ужыванне допінгу», «прымус да допінгу» і гэтак далей. Але пакаранне можа быць рознае. Тут усё залежыць ад парламенту. Хаця калі зыходзіць з досведу іншых краінаў, то гэта і штрафы, і папраўчыя работы, а ў самых цяжкіх выпадках і пазбаўленне волі», – адзначыў віцэ-прэзідэнт НАК у інтэрвʼю выданню «Прессбол».

На пытанне, ці будуць спартоўцаў, якія трапіліся на допінгу, пазбаўляць прызавых, Максім Рыжанкоў адказаў:

«Гэта таксама адна з мераў. Калі такі закон ці такое рашэнне будзе прынятае, то водападзелам стануць гульні ў Бразіліі. Я не прыхільнік адымаць прэміяльныя за парушэнні васьмігадовай даўніны. Для гэтага няма юрыдычных падставаў. У будучыні – чаму не? І ўсе спартоўцы і трэнеры гэта разумеюць. Мне здаецца, новае палажэнне аб прызавых у шмат каго адабʼе ахвоту прымаць допінг. Бо заўтра можна страціць усё».

Чытайце таксама >>> Хакеры ўзламалі базы WADA і сцвярджаюць, што атлеты ЗША прымалі допінг

НМ, belsat.eu, паводле Pressball.by

Стужка навінаў