Транспартавы падатак адвязалі ад тэхагляду і зрабілі асобным для ўсіх аўтаўладальнікаў

З 1 студзеня аплату аўтамабільнага падатку кантралюе падатковая. Усім уладальнікам транспартавых сродкаў падаткавікі раз на год будуць дасылаць паведамленні з патрабаваннем аплаты, памер якой залежыць ад масы аўтамабіля і складзе ад 61 да 223 рублёў. Адпаведны каментар «аб змене падатковага кодэксу РБ», апублікаваны на сайце Міністэрства падаткаў і збораў.

Дарожны падатак адвязалі ад тэхагляду і цяпер яго трэба будзе плаціць усім уладальнікам аўтамабіляў, незалежна ад таго, ці карыстаюцца яны машынаю.

Колькі трэба будзе заплаціць?

за аўтамабіль масай да 1,5 тоны стаўка падатку – 61 рубель

больш за 1,5 тоны, але не больш за 1,75 тоны – 81 рубель

больш за 1,75 тоны, але не больш за 2 тоны – 102 рублі

больш за 2 тоны, але не больш за 2,25 тоны – 122 рублі

больш за 2,25 тоны, але не больш за 2,5 тоны – 142 рублі

больш за 2,5 тоны, але не больш за 3 тоны – 162 рублі

больш за 3 тоны – 223 рублі

матацыкл – 40 рублёў

Ад падатку вызваляюцца людзі з інваліднасцю I і II групаў, пенсіянерам будзе зніжка 50 %, а людзі з інваліднасцю III групы маюць заплаціць 25 %.

Плаціць падатак трэба будзе раз на год. Усім уладальнікам транспартавых сродкаў дашлюць лісты з падатковай інспекцыі. Напрыклад, як і ў выпадку з падаткам на нерухомасць, паведамленні дашлюць да 15 лістапада, разлічыцца з бюджэтам трэба будзе да 15 снежня.

Аднак наступны год будзе пераходны. Таму паведамленні дашлюць не пазней за 1 лістапада 2021-га, выплаціць падатак трэба будзе не пазней за 15 снежня 2021 года.

«Цяпер робяць захады, каб у бюджэт пайшло больш сродкаў. Акрамя таго, дарожны падатак – адна з галоўных крыніцаў спагнання з аўтаўладальнікаў, якая не працуе. Бо падатак ніхто не сплочвае, і людзі ездзяць без тэхагляду. А вось штрафаваць усіх – гэта якраз той выпадак, калі масавасць людзей стварае бездапаможнасць для ўладаў. Таму робяць самую простую захаду. Абавяжуць плаціць усіх. Але самы просты варыянт – прывязаць падатак да паліва. Толькі чамусьці ўлады не ідуць на гэта. Яшчэ адзін варыянт – прадаваць абанементы на месяц ці два, напрыклад. Бо шмат хто карыстаецца аўтамабілем літаральна некалькі летніх месяцаў, а астатні час ставяць яго ў гараж. І таму гэтая катэгорыя грамадзянаў аказаліся неабароненымі, бо, паводле закону, трэба плаціць падатак за ўвесь год», – распавёў «Белсату» Зміцер Навіцкі, аўтамабільны эксперт.

Калі вы ўжо заплацілі падатак сёлета, то болей нічога плаціць вам не трэба будзе. А кантраляваць аплату будзе падатковая.

Дарэчы, улады абяцаюць, што мінімум 50 % сабраных грошай пойдзе на рамонт дарог. Паводле чыноўнікаў, што такая форма аплаты за аўты будзе справядлівай. Але эксперты сумняюцца.

«У мяне, напрыклад, стары аўтамабіль, які дастаўся ад бацькі і дарагі як памяць. Я ім выязджаю раз на год. І цяпер трэба заплаціць дзяржаве 80 рублёў? Гэта не сумленна. Пытанняў будзе шмат, а па-другое, не ўсе пацягнуць гэты падатак. У вёсцы ў людзей могуць быць на рэгістрацыі некалькі машынаў, якія каштуюць няшмат і людзі імі карыстаюцца, каб перасоўвацца паміж вёскамі, дзеля нейкіх гаспадарчых патрэбаў. І ўявім сабе, што чалавек зарабляе каля 500 рублёў, а яму прыходзіць папера, што ён мусіць заплаціць дзяржаве адразу ж за тры аўтамабілі. Я не ўпэўнены, што чалавек здолее заплаціць адразу ж палову свайго заробку. Таму такія канфлікты будуць непазбежныя. Трэба дапрацаваць дакумент. Хаця б з пункту гледзішча частаты карыстання аўтамабілем. Паўтаруся, што самае простае выйсце – уключэнне падатку ў кошт бензіну. А так неяк трэба дапрацоўваць падатак з увагі на тое, як часта чалавек выкарыстоўвае свой аўтамабіль», – распавёў «Белсату» Зміцер Навіцкі, аўтамабільны эксперт.

З 1 студзеня – павышэнні: выраслі кошты за паслугі ЖКГ, электрычнасць, штрафы, падаткі, павысіўся пенсійны ўзрост

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

Hавiны