«Транснефть» прыняла заяўкі ад расейскіх кампаніяў на пастаўку нафты ў Беларусь


Некалькіх нафтавых кампаніяў Расеі накіравалі заяўкі ў «Транснефть» для пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у сакавіку, паведамляе interfax.

Пастаўкі нафты ў Беларусь распачнуцца вясной, але пасля афармлення маршрутных даручэнняў.

«У адпаведнасці з існым экспартным графікам, «Транснефть» прыняла ад некалькіх нафтавых кампаніяў заяўкі на сакавік месяц для пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. Прыняццем гэтых заявак «Транснефть» пацвердзіла тэхнічныя магчымасці па перапампоўванні нафты. Перапампоўванне зможа пачацца пасля афармлення маршрутных даручэнняў», – сказаў прэс-сакратар, дарадца прэзідэнта «Транснефть» Ігар Дзёмін.

Нафтавыя спрэчкі паміж Менскам і Масквой завяршыліся пасля перамоваў Уладзіміра Пуціна з Аляксндрам Лукашэнкам па тэлефоне 21 лютага. Тады ў Крамлі адзначылі, што «ў працяг расейска-беларускіх перамоваў на вышэйшым узроўні 7 лютага ў Сочы абмеркаваныя некаторыя актуальныя пытанні развіцця двухбаковых стасункаў. Асаблівая ўвага нададзеная ўзаемадзеянню ў энергетычнай сферы і рэалізацыі буйных сумесных праектаў».

Падрабязнасці гэтых перамоваў агучыў Аляксандр Лукашэнка.

«Прэзідэнт Расеі патэлефанаваў. Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь. Мы, вядома, цяпер (гэта нечаканая была прапанова) спрабуем пралічыць яе», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго, Пуцін прапанаваў палічыць, колькі Беларусь можа страціць ад нафтагазавага манеўру ў Расеі ў 2020 годзе адносна ўзроўню 2019-га.

«Мы зараз палічым гэта ўсё. Але кошт гэты практычна не мае ніякага значэння. Бо іншага варыянту пакуль няма з боку Расеі. Прасілі, каб мы гандлявалі нафту па сусветнай цане. Але кампаніі на гэта не згаджаліся. Да сусветнай цане яны яшчэ прасілі дадаць $ 12 прэміі», – сказаў кіраўнік Беларусі.

  • У 2019 годзе Менск і Масква гэтак і не змаглі дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 годзе. У выніку ў студзені–лютым нафту ў Беларусь пастаўлялі толькі кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, якога звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошнія два месяцы айчынныя НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы.
  • Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі паабяцаў зняць абмежаванні доступу да нафтапроваду кампаніяў, якім будзе цікава працаваць з Беларуссю. Цяпер беларускія ўрад спадзяецца на інтарэс да супрацы з нашай краінай дробных і сярэдніх нафтавых фірмаў.
  • Дыверсіфікацыя паставак нафты – адная з самых прыярытэтных задач «Белнафтахіму» на 2020 год. Дасягнуць гэтага аднак пакуль не ўдалося: сёлета Беларусь закупіла толькі 86 тысяч тон нарвежскай нафты.
Аб’ектыў
Лукашэнка заявіў пра нафтавую перамогу над Крамлём
2020.02.21 21:41

СК belsat.eu

Стужка навінаў