Трамп заявіў, што можа ўвесці надзвычайнае становішча ў ЗША


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў, што ў яго ёсць поўнае права абвясціць у краіне надзвычайнае становішча. Ён сказаў, што можа зрабіць гэта і «амаль дакладна» зробіць, калі яму не ўдасца дамовіцца з Дэмакратычнай партыяй аб будаўніцтве сцены на мяжы з Мексікай.

10 студзеня Трамп, выпраўляючыся ў Тэхас, абвясціў, што можа ўвесці ў краіне надзвычайнае становішча, каб дамагчыся пабудовы сцяны на паўднёвай мяжы ЗША.

«У мяне ёсць поўнае права абвясціць надзвычайнае становішча. Юрысты далі мне такія рэкамендацыі. Я пакуль не гатовы гэта зрабіць, але калі давядзецца, зраблю, – паабяцаў Трамп. – Я яшчэ не зрабіў гэтага, але магу гэта зрабіць. Калі не атрымаецца (дамовіцца з дэмакратамі), я, верагодна, так і зраблю. Я б нават сказаў, што несумненна зраблю гэта».

Трамп адзначыў, што або ён атрымае перамогу і дасягне кампрамісу з дэмакратамі, або аб’явіць надзвычайнае становішча. Якім можа быць кампраміс, незразумела.

Раней дэмакраты адмовіліся вылучыць $ 5,7 млрд на сцяну з Мексікай, якую хоча ўзвесці Трамп. Праз гэтыя рознагалоссі ў ЗША з 22 снежня ў краіне часткова спыніў працу ўрад. Сотні тысяч дзяржслужачых сышлі ў неаплатны адпачынак. Сёлетні «шатдаун» ужо ў суботу можа стаць самым доўгім у гісторыі ЗША, пабіўшы рэкорд 1995 года, калі ўрад спыніў працу на 21 дзень.

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў