Трамп выпадкова стварыў новае слова і ў чарговы раз вызваў буру ў інтэрнэце


Што такое «covfefe», бадай, не ведае і сам амерыканскі лідар, які мінулай ноччу ў сваім Twitterʼы размясціў дзіўны пост пра СМІ.

«Нягледзячы на ​​пастаянную негатыўную covfefe у прэсе…», – такі няскончаны твіт зʼявіўся ў Twitterʼы Трампа ўначы. Раніцай ён яго выдаліў і прапанаваў інтэрнаўтам самім здагадацца, што значыла незразумелае слова.

«Каб было ясна: верагодна Трамп спрабаваў напісаць «асвятленне» (coverage) і зрабіў памылку. Як ён часта гэта робіць. Потым ён заснуў і не выправіў памылку, пакуль не прачнуўся раніцай», – выказвае меркаванне аглядальнік CNN.

Незразумелае слова выклікала буру захаплення ў інтэрнэт-карыстальнікаў. У Twitterʼы, дзе за Трампам сочаць больш 31 мільёна чалавек, 24 тысячы каментароў са спрэчкамі аб правільным вымаўленні слова і яго значэннем. Гэштэг #covfefe узначаліў хіт-парад амерыканскага сегмента сацсетак.

 

Слова covfefe стала інтэрнэт-мемам. Дамен Covfefe.com ужо выкупілі.

Covfefe невядомае для сервісу google translate, але ў базе онлайн-слоўніка англамоўнага слэнгу Urban Dictionary яго ўжо апісалі.

«Covfefe – калі ты хочаш сказаць «асвятленне», але твае рукі занадта малыя, каб націснуць на ўсе патрэбныя літары на клавіятуры».

«Незразумелае пачуццё, якое калі не можаш паверыць, што твой палітычны лідар такі дурны».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў