Трамп прапануе павысіць вайсковы бюджэт ЗША да $ 750 млрд. Гэта самая вялікая лічба за ўсю гісторыю

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп запрапанаваў Міністэрству абароны ЗША скласці бюджэт памерам $ 750 мільярдаў на 2020-ты фінансавы год, паведамілі некалькі ўрадоўцаў адміністрацыі агенцтва «Reuters», а таксама CNN і «Рolitico».

Абаронны бюджэт ЗША вырасце да новага піку на фоне абвастрэння супрацьстаяння NATO з Расеяй і эканамічных войнаў ЗША з Кітаем.

45-ы прэзідэнт ЗША

Пры гэтым Злучаныя Штаты плануюць скарачаць выдаткі на іншыя дзяржаўныя патрэбы, бо бюджэтны дэфіцыт сёлета дасягнуў шасцігадовага максімуму. Трамп прапаноўваў скараціць расходы на 5 % усіх іншых міністэрстваў і ўстановаў.

Пры прэзідэнту ЗША Бараку Абаму бюджэт Міністэрства абароны ЗША складаў менш за $ 600 мільярдаў.

Трамп, Расея і Кітай

Пасля расейскай анексіі Крыму ў 2014 годзе, а таксама агрэсіі супраць Украіны на Данбасе амерыканская ваенная машына пачала паступовы разварот у бок Расеі. Гэты разварот адбыўся пасля шматгадовай канцэнтрацыі на барацьбе супраць баевікоў-ісламістаў на Блізкім Усходзе і ў Афганістане.

Адпаведна, у сувязі з магчымасцю супрацьстаяння з адносна высокатэхналагічнымі Узброенымі сіламі Расеі ды рэальным перамяшчэннем дадатковых амерыканскіх войск у Еўропу паступова пачаў расці і бюджэт Міністэрства абароны ЗША.

Трамп таксама практычна з пачатку свайго кіравання застаецца пад абвінавачаннямі ў супрацы з Расеяй падчас сваёй выбарчай кампаніі. Пры гэтым адміністрацыя Трампа ўвяла ці не больш суворыя санкцыі супраць Расеі, чымся пры прэзідэнту Абаму, а таксама адбыліся самыя буйныя вучэнні ў Еўропе з часу халоднай вайны.

Сустрэча амерыканскіх жаўнераў на БТР «Stryker» жыхарамі Беластоку падчас вучэнняў «Atlantic Resolve»

Адначасова Трамп імкнецца да актыўнага эканамічнага змагання з Кітаем, якое можа пераўтварыцца і ў ваенна-палітычнае змаганне ў сувязі з прэтэнзіямі Кітаю на выспы ў Паўднёва-Кітайскім моры, якія лічаць сваймі В’етнам, а таксама памежнымі канфліктамі Індыі ды Кітаю. Таксама ЗША падтрымліваюць Тайвань (Рэспубліка Кітай), які камуністычны Кітай лічыць сваёй тэрыторыяй з часу грамадзянскай вайны.

Трамп і выбарцы: работнікі і вайскоўцы

З моманту абрання ў 2016 годзе Доналд Трамп выступаў за стымуляванне амерыканскага сектару машынабудавання – як цывільнага, гэтак і ваеннага. Менавіта амерыканскія працаўнікі – «блакітныя каўнерыкі» – у значнай ступені забяспечылі перамогу Трампа на выбарах у такіх штатах, як Агаё, Аёва, Паўночная Караліна, а таксама Пенсільванія, Ўісконсін, Мічыган, якія, згодна з прадказаннямі сацыёлагаў, меліся прагаласаваць за ягоную суперніцу Гілары Клінтан.

Трамп сярод сваіх прыхільнікаў на мітынгу. Фота gettyimages

Адпаведна, прэзідэнт пагражаў увядзеннем дадатковых падаткаў на аўтамабільных вытворцаў, якія выводзяць прамысловыя абʼекты за межы ЗША, а таксама за магутныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю і павелічэнне амерыканскіх узброеных сілаў.

Таксама варта адзначыць, што амерыканскія вайскоўцы традыцыйна ў большай ступені галасуюць за Рэспубліканскую партыю. Згодна з апытаннямі, у 2016 годзе амаль 2/3 амерыканскіх былых і дзейных жаўнераў ды афіцэраў, якія галасавалі, аддалі свой голас за Доналда Трампа.

«Найбольшая разбудова ў гісторыі»

Яшчэ перад абраннем на дзяржаўную пасаду Доналд Трамп абяцаў «адную з найвялікшых разбудоваў войска ў гісторыі ЗША» і рэзкае павелічэнне абароннага бюджэту.

Плануюць мадэрнізаваць як наступальныя, гэтак і абарончыя здольнасці ЗША, казаў Трамп.

Трамп выступае на борце лінкару «Iowa» падчас выбарчай кампаніі. Фота washingtonpost.com

«Спадзяюся, нам ніколі не давядзецца выкарыстоўваць іх, аднак ніхто не мае з намі звязвацца. Ніхто… Ніхто не асмеліцца зноў кідаць выклік нашай вайсковай моцы… Мы верым, што мір забяспечваецца сілай. І яна ў нас будзе», – сказаў тады кіраўнік ЗША.

Падчас выбарчай кампаніі Трамп абяцаў павялічыць склад Корпусу марской пяхоты ЗША, колькасць самалётаў Вайскова-паветраных сілаў і колькасць караблёў ВМС.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў