Трамп пакіне Пуціна без падарункаў


Трамп-кандыдат быў начным жахам ліберальных дэмакратаў і ружовай марай дыктатараў усіх краёў. Але ўжо першая прамова 45-га прэзідэнта прадэманстравала, што Трамп на новай пасадзе змяняе рыторыку.

Расейская Дума прывітала абранне Трампа апладысментамі: прэзідэнцкая кампанія абяцала, што ён стане сябрам Расеі.

Трамп абвінавачваў Амерыку ў змове, казаў, што выбары сфальсіфікуюць ды пагражаў іх не прызнаць. Для дыктатараў з усяго свету было не важна, ці фальсіфікацыі ў ЗША здараюцца – напэўна здараюцца, калі пра іх кажа кандыдат буйной і важнай партыі.

А калі яны здараюцца ў ЗША, то ў Расеі або Зімбабве – таксама могуць.Ёверы Мусевені, які кіруе Угандай ужо 30 гадоў, папрасіў нават Амерыку не вучыць ягоную краіну жыць. Пасля перамогі Трампа ён павіншаваў яго з перамогай.

«Спадзяюся на супрацу з вамі – такую ж, якая ў нас была з папярэднімі амерыканскімі прэзідэнтамі», – звярнуўся Мусевені да Трампа.

Трамп незалежны ад Трампа

Але вынік амерыканскіх выбараў найбольш парадаваў менавіта Расею. У першых каментарах на гэтую тэму Пуцін выказаў спадзеў на пацяпленне адносінаў паміж двума дзяржавамі.

У Маскве спадзяюцца на сяброўства з усімі выцякаючымі – адменаю санкцыяй, прызнаннем статусу Крыму ды наагул меншай увагай да Украіны.

«У Расеі вельмі шмат людзей – і ў вышэйшым кіраўніцтве, і сярод чынавенства – спадзяюцца, што прыйдзе Трамп – і ўсё зменіцца. Гэта вельмі наіўна. Гэта думкі, выкліканыя тым, што ў Расеі ад змены лідара мяняецца ўсё: памёр Сталін – імгненна спынілася Карэйская вайна», – лічыць прафесар, доктар гістарычных навук Андрэй Зубаў.

Выканаўчая ўлада ў ЗША сапраўды належыць прэзідэнту, але Пуцін забываецца, што ў Штатах ёсць яшчэ дзве галіны ўлады – і яны незалежныя ад Трампа.

Ад Трампа незалежны нават сам Трамп: ніхто не ведае, што на самой справе ў яго галаве.

«Трамп для Расеі, як і для ўсяго свету – непрадказальны, таму варта чакаць на сюрпрызы, а сюрпрызы Пуцін не любіць. Таму з Трампам будзе складаней, чым з Оўбамам, і складаней, чым было б з Гілары Клінтан», – лічыць галоўны рэдактар радыё «Эха Масквы» Аляксей Венедзіктаў.

Калі ў Крамлі гэтага яшчэ не зразумелі, Дума ўжо аддае сабе справу, што Трамп – усё ж такі чалец рэспубліканцаў, а не едзінаросаў.

Трамп як новы Рэйган

Старшыня Камітэту Дзяржаўнай Думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі кажа, што гісторыя, у тым ліку і навейшая ведае нямала прыкладаў, калі перадвыбарчая рыторыка кандыдата, які перамог, мянялася ў дачыненні да Расеі ў дэструктыўны бок.

«З вялікай імавернасцю можна ўявіць, што Доналд Трамп проста гуляў з тымі або іншымі электаральнымі групамі, нязгоднымі з рэзкай рыторыкай спадарыні Клінтан», – заяўляе Слуцкі.

Трамп можа стаць новым Рэйганам – кандыдатам у сталым (як і Трамп) узросце, які здымаўся ў кіно ды (як і Трамп) працаваў на тэлебачанні. Камуністы спадзяваліся, што выйграюць у гэтага актора Халодную вайну, але Берлінскі мур разваліўся яшчэ да заканчэння яго другога тэрміну.

І хаця Трамп прапануе пабудаваць мур на мяжы з Мексікай, Штаты наўрад ці адмовяцца ў бліжэйшы час ад прынцыпаў «мяккай сілы» ў замежнай палітыцы – дэмакратычных вартасцяў, талеранцыі і плюралізму. А калі гэта не спалучаецца з рыторыкай Трампа – тым горш для Трампа, бо Злучаныя Штаты – старая і добра змазаная сістэма.

Гэта старая дэмакратыя з вельмі моцнай сістэмай праверак і балансаў», – запэўнівае доктар Маргарыта Шэшэльгітэ з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук з Віленскага ўніверсітэту.

Магчымым авантурам Трампа будзе супрацьстаяць нават ягоная адміністрацыя, не кажучы пра парламент: у абедзвюх палатах – рэспубліканская большасць, якая, аднак, разумее, што Трамп як прыйшоў, гэтак і сыдзе, а партыя застанецца.

«Калі Трамп захоча чудзіць, ён не атрымае падтрымання ні ў Кангрэсе, ні ў штатах, ні ў Вярхоўным судзе. У выніку яму прыйдзецца праводзіць палітыку, якая праводзіцца цяпер», – кажа прафесар Зубаў.

Гэта азначае, што прынамсі на гэты Новы год Уладзімір Пуцін застанецца без падарункаў.

Поўнае выданне праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:45.

Дзяніс Дзюба, «ПраСвет»

Стужка навінаў