Трамп пагражае разбурыць эканоміку Турцыі


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў «разбурыць эканоміку Турцыі», калі Анкара вырашыцца атакаваць пазіцыі курдаў у Сірыі пасля вываду амерыканскіх вайскоўцаў з гэтай краіны.

Амерыканскі лідар таксама заклікаў курдаў не правакаваць Турэччыну. Акрамя таго, Трамп згадаў аб стварэнні 20-мільнай зоны бяспекі.

Трамп не ўдакладніў, якія менавіта эканамічныя меры ЗША могуць прыняць у выпадку, калі Турцыя вырашыцца на атаку пазіцый курдаў у Сірыі. Летась у жніўні ЗША ўвялі ў дачыненні Анкары санкцыі пасля таго, як у краіне быў затрыманы амерыканскі пастар Эндру Брансан. Санкцыі прывялі да рэзкага зніжэння курсу турэцкай ліры. Прапаведніка Эндру Брансана вызвалілі ў кастрычніку.

Амерыканскія вайскоўцы супрацоўнічалі з курдамі ў барацьбе з экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава». Калі Трамп абвясціў аб вывадзе амерыканскіх войскаў з Сірыі, яго абвінавацілі ў тым, што ён кідае на волю лёсу сваіх саюзнікаў – курдаў.

Турэцкія ўлады лічаць Атрады народнай самаабароны сірыйскіх курдаў тэрарыстычнай арганізацыяй. Анкара не раз пагражала атакаваць пазіцыі сірыйскіх курдаў, а пасля рашэння ЗША вывесці свае войскі з Сірыі гэтыя пагрозы сталі гучаць яшчэ часцей.

Прэс-сакратар прэзідэнта Турцыі Ібрагім Калын заявіў, што чакае ад ЗША павагі да стратэгічнага партнёрства паміж Анкарой і Вашынгтонам. «Тэрарысты не могуць быць для вас партнёрамі або саюзнікамі», – заявіў ён.

Дакументальны фільм
Іх садзяць і забіваюць, а яны спяваюць. Фільм «Белсату» пра курдаў
2016.05.01 10:08

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў