Трамп падпісаў жорсткія антырасейскія санкцыі


Доступ працаўнікам амерыканскай амбасады да лецішча ў падмаскоўным Срэбным Бары прыпынілі з сёння, хоць дыпламаты не маглі трапіць туды і раней.

Сёння з лецішча вывезлі рэчы

Ды павесілі на дзвярах замок. Крэмль – цытата – з меркаванняў гуманізму – даў амерыканцам час да верасня, каб сабрацца і пакінуць Расею. Дамовіцца і перайграць сітуацыю ўжо не ўдасца: прэзідэнт Злучаных Штатаў падпісаў санкцыі, якія палітолагі называюць «больш страшнымі, чымся ўсе ранейшыя», і кажуць, што яны скіраваныя канкрэтна супраць расейскага газавага бізнесу ў Еўропе.

«Можна быць упэўненым, што і пасля сыходу Трампа з Белага дому «таксічнасць» Расеі будзе вызначаць вектар амерыканскай замежнай палітыкі. Эпоха амерыканскай мяккацеласці ды імкнення не раздражняць Крамля сыходзіць у мінулае», – зазначыла Лілія Шаўцова з Радыё Свабода.

Абмяняць санкцыі на ўгоду з Крамлём Трамп не можа

Кіраўнік Белага дому, паводле новага закону, не можа рэгуляваць санкцыйнай палітыкі без узгаднення з Кангрэсам.

«Нашая краіна пасылае вельмі ясны мэсідж і заклікае нашых еўрапейскіх саюзнікаў далучыцца да нас. Мы маем на ўвазе, і паўтараем гэта, дзеянні Расеі адносна дэстабілізацыі ва Украіне, ейнае падтрыманне рэжымаў-ізгояў у Іране, Сірыі ды Паўночнай Карэі. Пазіцыя Расеі мусіць змяніцца. Аднак мы мяркуем, што паколькі мы ясныя і моцныя, мы можам весці дыялог, які грунтуецца на ўзаемаразуменні», – падкрэсліў віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс.

Хмары навіслі над Трампам праз новы віток скандалу

Амерыка абмяркоўвае выпадак звязаны з сустрэчай Доналда Трампа-малодшага – з расейскай адвакаткаю Наталляю Весяльніцкаю. Газета «Ўошынгтан Поўст» сцвярджае, што Трамп-старэйшы ўласна надыктаваў заяву для сына з борту самалёта, вяртаючыся з саміту «Вялікае дваццаткі», але прэзідэнт прытаіў, што сустрэча датычыла магчымага атрымання кампрамату на Гілары Клінтан.

У Белым доме настаў няпросты час, і амерыканскі прэзідэнт праводзіць кадравыя перастаноўкі. Усяго праз 10 дзён пасля прызначэння ён звольніў дырэктара ў справе камунікацыяў Энтані Скарамучы. Праз некалькі гадзінаў Трамп напісаў у «Тўітэры» «Выдатны дзень у Белым доме!». Прыхільнікі Гілары Клінтан адразу ж высмеялі станоўчае стаўленне кіраўніка ЗША да рэчаіснасці. Паводле сацыялагічных апытанняў, дзеянні Доналда Трампа ўхваляе рэкордна нізкая колькасць амерыканцаў.

«Белсат»

Стужка навінаў