Трамп і Пуцін размаўлялі больш за 2 гадзіны, але ні пра што не дамовіліся


Сустрэча прэзідэнта ЗША Доналда Трампа і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкі доўжылася больш за дзве гадзіны. Мяркуючы па выніковай прэс-канферэнцыі двух лідараў, ніякіх канкрэтных дамоваў Трамп і Пуцін не дасягнулі.

У пачатку сустрэчы Трамп прапанаваў абмеркаваць гандаль, вайсковыя пытанні і асабліва ядравую зброю, адносіны з Кітаем і іншыя праблемы. «Я заўсёды казаў, што ладзіць з Расеяй – добра, а не кепска», – падкрэсліў ён.

На выніковай прэс-канферэнцыі Пуцін назваў сустрэчу «карыснай» і «паспяховай». Трамп назваў дыялог «прадуктыўным».

Пуцін падкрэсліў, што «сённяшнія перамовы адлюстравалі наша сумеснае з прэзідэнтам Трампам жаданне выправіць негатыўную сітуацыю ў двухбаковых адносінах». Ён таксама адзначыў, што ЗША і РФ, як найбуйнейшыя ядравыя дзяржавы, абавязаны наладзіць дыялог «па праблематыцы стратэгічнай стабільнасці і нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння».

«Прэзідэнт Трамп у чарговы раз закрануў тэму так званага расейскага ўмяшання ў выбарчыя працэсы ў Злучаных Штатах. Мне прыйшлося паўтарыць тое, што казаў ужо неаднаразова, у тым ліку і на асабістай сустрэчы з Прэзідэнтам: расейская дзяржава ніколі не ўмешвалася і не збіраецца ўмешвацца ў амерыканскія ўнутраныя справы, у тым ліку выбарныя працэсы», – заявіў Пуцін.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў