Трамп адмяніў сустрэчу з Пуціным праз канфлікт у Керчанскай пратоцы


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вырашыў адмяніць сустрэчу з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным на саміце Вялікай дваццаткі ў Аргенціне пасля азнаямлення з дакладам пра канфлікт у Керчанскай пратоцы.

«Улічваючы той факт, што караблі і маракі не былі вернутыя ва Украіну з Расеі, я вырашыў, што для ўсіх бакоў будзе лепш адмяніць маю запланаваную сустрэчу з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Аргентыне», – напісаў Трамп у Twitter.

Усяго за гадзіну да гэтага амерыканскі прэзідэнт заяўляў, што цяпер «вельмі добры час» для правядзення сустрэчы з Пуціным.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што ў Крамлі пакуль няма афіцыйнай інфармацыі ад ЗША аб адмене сустрэчы.

«Мы ляцім у Аргенціну. Пакуль бачылі толькі твіт і СМІ. Афіцыйнай інфармацыі не маем. Калі гэта так у прэзідэнта будзе пара дадатковых гадзінаў у праграме для карысных сустрэч на палях саміту», – сказаў Пяскоў.

  • 25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны (браніраваныя катары «Нікапаль» і «Бярдзянск», а таксама рэйдавы буксір «Яны Капу») рабілі пераход з Адэсы ў Марыупаль. Хаця Азоўскае мора і Керчанская пратока з’яўляюцца ўнутранымі водамі Украіны і Расеі, дзе гандлёвыя і ваенныя караблі карыстаюцца свабодаю суднаходства, расейскі бок абвінаваціў украінцаў у парушэнні дзяржаўнай мяжы і «небяспечным манеўраванні». Пагранічны катар аховы «Дон» наўмысна пратараніў «Яна Капу», а ўваход у Керчанскую пратоку быў фізічна заблакаваны сухагрузамі. Да месца здарэння Расея накіравала вайсковае падмацаванне, у тым ліку баявыя верталёты. Паколькі ўкраінскія караблі не прапускалі ў Азоўскае мора, яны нарэшце павярнулі назад у Адэсу. Але расейцы пераследавалі ўкраінцаў у нейтральных водах, патрабавалі спыніцца і ў выніку адкрылі агонь на паражэнне. «Нікапаль», «Бердзянск» і «Яны Капу» былі захоплены і адпраўлены ў Керч. Ад 3 да 6 украінскіх маракоў атрымалі раненні, 24 чалавекі былі захоплены ў палон.
  • Супраць затрыманых маракоў распачалі крымінальную справу паводле абвінавачвання ў парушэнні дзяржаўнай мяжы РФ. Масква заявіла, што дзеянні ўкраінскага боку былі правакацыяй. Кіеў назваў падзеі ў Керчанскай пратоцы актам агрэсіі, увёў ваеннае становішча ў краіне на 30 дзён і патрабаваў вызвалення сваіх маракоў і караблёў.
  • Краіны Захаду не паверылі ў версію Масквы і асудзілі дзеянні расейскага боку. У Радзе Бяспекі ААН Расея была жорстка раскрытыкаваная.
ВІДЭА
Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў
2018.11.27 16:46

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў