Трамп усё ж сустрэнецца з Кім Чэн Ынам


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная сустрэча з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам 12 чэрвеня ў Сінгапуры адбудзецца. Нагадаем, на мінулым тыдні ён казаў, што адмяняе сустрэчу.

Пра намер усё ж сустрэцца з кіраўніком КНДР стала вядома пасля сустрэчы ў Белым доме з прадстаўніком Пхеньяну Кім Ён Чхолям, які перадаў яму ліст ад лідара Паўночнай Карэі. Трамп таксама паабяцаў, што новых санкцыяў супраць КНДР не будзе пакуль перамовы не праваліліся.

Пра намер кіраўнікоў КНДР і ЗША сустрэцца стала вядома ў сакавіку. Тады Кім Чэн Ын прапанаваў прэзідэнту ЗША правесці сумесную сустрэчу, і Доналд Трамп адказаў, што прымае гэтую прапанову.

Паўночная Карэя дзесяцігоддзямі знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі з прычыны татальнага парушэння правоў чалавека, а таксама спробаў стварыць уласную зброю масавага знішчэння. На працягу апошняга года, у выніку серыі ракетных выпрабаванняў і рэзкіх заяваў уладаў Пхеньяна, адносіны КНДР і ЗША яшчэ больш пагоршыліся, эксперты не выключаюць верагоднасць узброенага канфлікту паміж гэтымі дзяржавамі.

Варта адзначыць, што да гэтага часу ні адзін з прэзідэнтаў ЗША ні разу не прымаў удзелу ў перамовах ні з кім з лідараў Паўночнай Карэі.

24 красавіка амерыканскі прэзідэнт выслаў ліст на адрас кіраўніка КНДР. У ім гаворыцца, што запланаванай сустрэчы не адбудзецца праз «адкрыта варожыя выказванні» з боку кіраўніцтва Паўночнай Карэі.

«Калі вы перадумаеце адносна гэтага важнага спаткання, то звяжыцеся са мною. Свет, а асабліва Паўночная Карэя, страціў выдатную магчымасць для ўсталявання трывалага міру, вялікага росквіту і багацця. Гэтая ўпушчаная магчымасць сапраўды сумны момант у гісторыі», – напісаў Трамп.

ІІ, belsat.eu, паводле AP

Стужка навінаў