Траім вяскоўцам з-пад Слуцку пагражае смяротнае пакаранне. Яны спалілі жыўцом дваіх пенсіянераў


Злева направа: Віталь Мяцеж, Віктар Скрундзік і Валянцін Бушнін у зале суду Слуцкага раёну. 27 студзеня 2020 года. Фота – Сяргей Балай/«Tut.by»

У судзе Слуцкага раёну распачаўся працэс паводле справы аб жорсткім забойстве двух пенсіянераў. З хаты першага яны вынеслі 50 рублёў, у другога забралі каля трохсот. Адзін з іх спрабаваў забіць таксама 85-гадовую пенсіянерку, але тая вырвалася і ўцякла. Згодна з абвінавачаннем, мужчыны ішлі на злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. Ім пагражае смяротнае пакаранне, піша «Tut.by».

На лаве падсудных – 33-гадовы Валянцін Бушнін, 25-гадовы Віталь Мяцеж і 29-гадовы Віктар Скрундзік. Пад вартаю яны знаходзяцца ўжо год.

Паводле абвінавачання, Скрундзік разам з Мецяжом прыйшлі да 94-гадовага Уладзіміра Гаркавога, каб пазычыць грошы. Скрундзік ударыў пенсіянера ў грудзі, а калі той упаў на зямлю, скруціў вакол ягонай шыі кабель. Вымагалі грошы. Спачатку ўзялі 100 рублёў, потым яшчэ 180. Мяцеж знайшоў у хаце чатыры бутэлькі гарэлкі і бутэльку віна. Пасля саўдзельнікі вырашылі забіць гаспадара. Яны па чарзе яго душылі, а калі той перастаў супраціўляцца, падпалілі хату.

Паводле экспертызы, на момант падпалу пенсіянер яшчэ быў жывы.

«Спалілі жыўцом», – удакладніў дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа.

Паводле хроснай забітага, той быў ветэранам вайны і самым старым жыхаром вёскі.

«Ён ніколі нікога не пакрыўдзіў, мата не сказаў. Ён нават забойцу гэтаму дараваў, калі той пяць год таму ў яго бензапілу скраў. Дараваў, а ён прыйшоў і забіў яго!» – распавяла жанчына.

Паводле абвінавачвання, гэткім чынам Скрундзік з Валянцінам Бушніным, забілі 79-гадовага Міхаіла Шугалея.

Яны прыйшлі да пенсіянера пад нагодаю прадаць збожжа. Скрундзік ударыў мужчыну ў грудзі, а калі той упаў, абгарнуў вакол яго шыі загадзя падрыхтаваную вяроўку. Патрабавалі грошы. Калі пенсіянер перастаў супраціўляцца, у яго доме ўчынілі падпал, мужчына, па дадзеных экспертызы, быў яшчэ жывы. Таварышы вынеслі з сабой 50 рублёў.

Праз два тыдні Скрундзік зноў выйшаў на злачынства: прыйшоў да 85-гадовай пенсіянеркі на падставе таго, што хоча купіць у яе спіртное. Калі жанчына адчыніла дзверы, той некалькі разоў ударыў яе ў грудзі, а пасля змусіў спусціцца ў склеп па алкаголь. Там Скрундзік працягнуў збіваць жанчыну, пагражаў, што заб’е яе, патрабаваў выдаць яму тысячу рублёў. Паводле пракурора, жанчына змагла вырвацца і ўцячы.

Скрундзік спрабаваў вынесці з яе хаты 30 рублёў, бутэльку самаробнага віна і тэлевізар, але неўзабаве ў хату зайшоў сусед, які спалохаў нападніка, і той схаваўся.

Аб’ектыў
Улады задумаліся аб мараторыі на смяротнае пакаранне
2019.08.27 21:37

Віктар Скрундзік да затрымання нідзе не працаваў, раней яго судзілі за крадзеж мапеду.

Валянцін Бушнін скончыў дзевяць класаў, нідзе не працаваў, мае шэсць судзімасцяў за крадзяжы, першы раз яго асудзілі ў 15 гадоў. Ён жанаты, мае чатырохгадовае дзіця.

Віталь Мяцеж працаваў трактарыстам у калгасе, мае дваіх маленькіх дзяцей, без судзімасцяў.

Чацвёрты абвінавачаны па справе – 36-гадовы Сяргей Захарчэня – знаходзіцца на свабодзе, яму прад’явілі абвінавачанне ў крадзяжы: разам з Мецяжом ён вынес з хаты суседа электрычную касу і ліхтар.

На першы дзень паседжання ў суд прыйшлі сваякі і аднавяскоўцы забітых. Родных абвінавачаных у залі не было.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў