Вязня лічылі сімулянтам, пакуль ён не памёр. Вінаватых «няма» (Жорсткае відэа)


Марына Георгіеўна Багданава

Сваякі памерлага ў Жодзінскай турме №8 Алега Багданава практычна 8 месяцаў дамагаліся ўзбуджэння крымінальнай справы па факце неналежнага выканання медычнымі работнікамі турмы сваіх прафесійных абавязкаў.

Да гэтага Жодзінскі гарадзкі аддзел СК тройчы прымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. І вось, як паведамляе ПЦ «Вясна», 12 траўня 2017 года Упраўленне Следчага камітэту па Менскай вобласці вынесла пастанову аб… спыненні папярэдняга расследаванне па справе з фармулёўкай: «у сувязі з адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 ст.162 КК».

Размова з начальнікам Турмы № 8 Жодзіна ў праграме «Маю права»

Маці памерлага, Марына Георгіеўна Багданава, азнаёміўшыся з пастановай аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, у якой на 50 старонках абгрунтоўваецца адсутнасць складу злачынства ў дзеяннях службовых асоб СІЗА №1 і Турмы №8, так і не змагла знайсці адказу на галоўнае пытанне: чаму памёр яе сын?

З пастановы вынікае, што ў дзеяннях медработнікаў турмы №8 пры аказанні меддапамогі сыну адсутнічае склад злачынства па арт.162 КК. Пры гэтым неаднаразова адзначаецца, што медычнымі работнікамі і персаналам турмы былі дапушчаныя недахопы ў абследаванні і лячэнні Багданава, але яны не знаходзяцца ў прычыннай сувязі з яго смерцю.

У матэрыялах праверкі следчых некалькі разоў гучаць паказанні медыкаў: «скаргаў на стан здароўя не выказваў, указваў на болі злева, у вобласці сэрца, перабоі рытму». Дык гэта хіба не скаргі, асабліва для чалавека, у якога мелася прыроджаная паталогія сэрца: спалучаны парок аартальнага клапана і анеўрызма ўзыходзячага аддзела аорты? Прычым турэмныя медыкі ведалі, што Багданаў перанёс складаную аперацыю на сэрцы.

Алег Багданаў неаднойчы пісаў у лістах да маці аб тым, што стан ягонага здароўя пагаршаецца.

Яшчэ знаходзячыся ў СІЗА №1 на Валадарцы Алег Багданаў 6 студзеня піша заяву на імя суддзі Ленінскага раёну Менску Д. Астапенкі, якую прасіў далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы:

«У апошні час я вельмі дрэнна сябе адчуваю, медычная дапамога не аказваецца, дактары, фельчары і іншыя работнікі пад усімі магчымымі нагодамі адмаўляюцца аказваць якую-небудзь дапамогу. Дабіцца «праўды» я не магу, я ўжо звяртаўся з пісьмовымі і вуснымі заявамі да начальніка СТ-8, начальніка медсанчасткі, але аніякіх дзеянняў з іх боку не было, акрамя напісання рапартаў за ляжанне на ложку.

Мае довады аб дрэнным самаадчуванні лічаць за сімуляцыю. Бачачы ўсю абсурднасць і бязвыхаднасць дадзенай сітуацыі, я вымушаны пакінуць завяшчанне і выказаць апошнюю волю».

Следчыя, якія не змаглі (ці не захацелі) знайсці вінаватых у смерці вязня, тым не меней вымушана канстатуюць, што «Багданаў А.В. ня быў пастаўлены на дыспансерны ўлік, ня быў складзены індывідуальны план лячэбна-прафілактычных і аздараўленчых мерапрыемстваў у дачыненні да яго, паколькі гэта нічым не рэгламентавана».

Вечарам 28 студзеня 2016 года Алега Багданава за парушэнні правілаў унутранага распарадку (нібыта пасля адбою ён гуляў у шашкі і гучна размаўляў) у медчастцы перавялі з камеры 97 у адзіночную камеру 107, а папросту – у карцэр.

На наступны дзень, 29 студзеня Багданаў пасля пад’ёму а 6 раніцы па камандзе выйшаў на калідор з матрасам. Кантралёр пагаршэння здароўя не заўважыў. Вядома, што праз паўгадзіны Алег адмовіўся ад сняданка, але гэта не насцярожыла кантралёра.

Праз некаторы час кантралёр у вочка камеры заўважыла яго сядзячым на падлозе. Ён яшчэ нешта мармытаў. Кантралёр праінфармавала дзяжурнага, затым тэлефанавалі начальству, і толькі потым адчынілі камеру. Нарэшце быў выкліканы фельчар, пачаліся рэанімацыйныя мерапрыемствы, да якіх праз паўгадзіны далучыліся і лекары хуткай дапамогі. Але было позна: не дапамаглі ні штучнае дыханне, ні ўвядзенне адрэналіну з атрапінам, і ў 7 гадзін 40 хвілін была канстатаваная смерць.

Марына Багданава прадаставіла праваабаронцам «Вясны» відэазапіс з камер назірання турмы, на якім бачныя хаатычныя дзеянні разгубленых кантралёраў, фельчара і старонніх асоб у камеры № 107 падчас правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.

У паказаннях сведкаў адзначана, што пад час рэанімацыйных мерапрыемстваў «нехта з работнікаў накіраваўся за мяшком Амбу (для вентыляцыі лёгкіх) і прынёс яго прыкладна праз 2 хвіліны, але мяшок быў без маскі. Маску прынеслі прыкладна яшчэ праз 2 хвіліны і вентыляцыю лёгкіх сталі ўжо рабіць пры дапамозе мяшка Амбу».

Следчыя пры гэтым прызнаюць, што «правядзенне рэанімацыйных мерапрыемстваў у тых умовах было абцяжарана, паколькі там было мала месца, было дрэннае асвятленне і адсутнічала неабходнае рэанімацыйнае абсталяванне».

Застаецца дадаць, што некаторыя апытаныя ў ходзе расследавання медычныя работнікі, якія павінны былі сачыць за здароўем хворага Багданава, часова выконвалі свае прафесійныя абавязкі, нехта на гэты час звольніўся зусім, і на момант правядзення расследавання не памятаюць шмат якіх акалічнасцяў звароту да іх Алега Багданава і асаблівасцяў лячэння.

У сувязі з адсутнасцю ў дзеянні медычных работнікаў складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 ст.162 КК следчыя вынеслі пастанову аб спыненні папярэдняга расследаванне па гэтай крымінальнай справе. Вінаватых, як бачна, не знайшлося.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў