Трагедыя ў «Шэрамецьева». Што мы ведаем пра «Superjet 100»?


Пасажырскі самалёт «Sukhoi Superjet 100» загарэўся 5 траўня ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева» пасля аварыйнай пасадкі. У выніку загінула 41 асоба з 78, што былі на борце.

Гэта не першая катастрофа самага сучаснага расейскага авіялайнера. Хто і дзе лятае на «Sukhoi Superjet 100», дзе яго збіраюць, з якіх камплектуючых і якія краіны адмовіліся ад гэтых самалётаў?

50 – 70 % камплектуючых у самалёце – не расейскія

«Sukhoi Superjet 100» – пасажырскі самалёт, які здольны перавозіць да 98 пасажыраў на дальнасць да 4600 км. Ягоная распрацоўка пачалася ў 2000-ым годзе ў карпарацыі «Сухой», якая звычайна займалася толькі авіяцыйнай прадукцыяй ваеннага ці падвойнага прызначэння – знішчальнікамі і бамбардыроўшчыкамі.

Для рэалізацыі праекту была створаная асобная кампанія – Цывільныя самалёты Сухога (ЦСС). Паступова было вырашана прыцягнуць да ўдзелу і іншыя расейскія і замежныя кампаніі. Гэтак, амерыканская «B/E Aerospace» вырабляла для некаторых мадыфікацый самалёта кіслародныя сістэмы і дзверы, французская «Thales» – авіёніку. Удзельнічала ў распрацоўцы таксама італьянская кампанія «Finmeccanica».

«Sukhoi Superjet 100» на заводзе.
Фота: Цывільныя самалёты Сухога (ЦСС)

Рухавікі вырабляе для самалёта французская кампанія «PowerJet» – сумеснае прадпрыемства расейскага НПО «Сатурн» і французскай «Snecma». У выніку доля не расейскіх камплектуючых у самалёце вагаецца ад 50 да 70 адсоткаў.

Першы камерцыйны рэйс машыны адбыўся ў 2011 годзе. З таго часу было выраблена каля 190 самалётаў, якія правялі ў паветры больш за 1 млн гадзінаў. Так званы каталогавы кошт кожнай машыны – то бок, без уліку рознага кшталту зніжак і дадатковых умоваў – складае каля 35 мільёнаў долараў.

ВІДЭА
Што вядома пра катастрофу ў «Шарамецьева»? Галоўнае
2019.05.06 09:18

Дзе выкарыстоўваюцца самалёты?

Усе «Sukhoi Superjet 100», за выключэннем прыкладна 30 лайнераў, зараз выкарыстоўваюцца ў Расеі. Галоўны замежны эксплуатант – мексіканская авіякампанія «InterJet».

У 2017 годзе Іран планаваў набыць прыкладна 40 лайнераў «Sukhoi Superjet 100», аднак ЗША заблакавалі пастаўку, пагражаючы ўвесці санкцыі супраць Масквы і іншых удзельнікаў праекту за адпраўку ў Іран тэхнікі з амерыканскімі камплектуючымі. У адказ Масква заявіла, што будзе распрацоўваць новы варыянт машыны – з апорай толькі на ўласныя камплектуючыя.

«Sukhoi Superjet 100» кампаніі «Аэрафлот».
Фота: Цывільныя самалёты Сухога (ЦСС)

У 2018 годзе бельгійская авіякампанія «Brussels Airlines» адмовілася ад чатырох узятых у лізінг самалётаў «Sukhoi Superjet 100» з-за тэхнічных праблем, якія прывялі да адмены некалькіх рэйсаў.

Наша нацыянальная авіякампанія «Белавія» яшчэ ў 2012 годзе заявіла, што не плануе купляць «Sukhoi Superjet 100», і з таго часу меркавання не мяняе. Згодна з планам развіцця крылатага флоту, пад беларускім васільком будуць лятаць толькі самалёты фірмаў «Boeing» і «Embraer».

Праблемы і катастрофы

Вядомыя чатыры інцыдэнты з «Sukhoi Superjet 100», два з якіх прывялі да смерці людзей. У 2012 годзе падчас дэманстрацыйнага палёту ў Інданезіі самалёт урэзаўся ў гару, у выніку чаго загінулі ўсе 45 чалавек, якія былі на борце. Пераважна гэта былі супрацоўнікі ЦСС і прадстаўнікі верагодных замоўцаў самалёту.

Інданезія абвінаваціла ў катастрофе пілота самалёта, які праігнараваў паведамленні навігацыйнай сістэмы, размаўляючы з патэнцыйным кліентам. Наступны эпізод з чалавечымі ахвярамі адбыўся ўчора ў Маскве.

Што сталася прычынай катастрофы?

Паведамляецца, што самалёт, які вылецеў з Масквы ў Мурманск, экстранна вярнуўся ў аэрапорт і выконваў аварыйную пасадку пасля 28 хвілін палёту ў складаных умовах надвор’я. Пры пасадцы ў машыны падламаліся шасі і загарэліся рухавікі. Афіцыйныя прычыны катастрофы, якая адбылася 5 траўня, пакуль не агучваюцца.

Некаторыя відавочцы ў размовах з журналістамі паведамлялі, што бачылі, як у самалёт трапіў пярун, нібыта з-за гэтага сапсавалася апаратура.

Следчы камітэт РФ распачаў справу па артыкуле 263 Крымінальнага кодэксу «Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць двух або больш асобаў».

Самалёт, які згарэў, быў выраблены ў жніўні 2017 году – то бок, гэта самая сучасная партыя вельмі маладой мадэлі самалёту. Тэхнічнае абслугоўванне машына прайшла ў пачатку красавіка 2019 года, згодна з паведамленнем Цывільных самалётаў Сухога.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў