Трагедыя сядзібы Блаўдзевічаў. Частка ўнікальнага будынку ўжо пайшла на дровы


Драўляны палац не спалілі ані немцы, ані партызаны ў час вайны. Сядзіба Блаўдзевічаў гіне «пад мірным небам» акурат у Год культуры.

Трагедыя сядзібы Блаўдзевічаў XVIII-ХІХ стст. у Кашубінцах, што на Гарадзеншчыне, цягнецца некалькі гадоў. І калі ў выпадках з мураванымі помнікамі, часам, можна спадзявацца на з’яўленне інвестара ў далёкай перспектыве, то для драўлянай сядзібы лічыцца кожны год.

IMG_5395 bs

Апошнім ударам па помніку, які, дарэчы, гэтак і не атрымаў афіцыйнага статусу, было зняццё траціны шыфернага даху. Яшчэ раней з будынку зніклі драўляныя поручні, разабраныя дзве кафляныя печы, спілаваная падлога.

Пра трагічную сітуацыю пісала мясцовая газета, пасля гэтага на будынку сядзібы ізноў з’явіўся шыфер: па светлых палосках бачна, што ён не новы. Магчыма, той самы, які мясцовае кіраўніцтва спачатку зняла. Вокны і дзверы забітыя наспех падручнымі матэрыяламі.

IMG_5427 bs

Краязнаўца і ўладальнік аграсядзібы «У Івана» (в. Галавачы) Уладзімір Трахімчык, мяркуе што такія захады палац не ўратуюць:

«За апошнія гады да таго дайшло, што людзі разбіралі сцены з задняга боку палаца і палілі замест дроваў. Аховы ж няма ніякай. Вакол гурбы смецця. Гэтае месца, некалі велічнае, стала апошнім часам прыстанкам алкаголікаў»

IMG_5399 bs

Сядзіба ў заняпадзе апошнія 30-40 гадоў. З горкай усмешкай сп. Уладзімір згадвае, што «панскі палац» не спалілі ані немцы, ані партызаны ў час вайны, а гіне яна акурат «пад мірным небам». Выпадкі ж татальнага марадзёрства пачаліся менавіта ў апошнія гады.

«Палац стаіць у цудоўным месцы, на самым беразе Котры, – працягвае Трахімчык, – Побач засталіся стогадовыя дрэвы з колішняга парку. Падчас турыстычнага сезону тут на байдарках сплаўляецца вельмі шмат народу: і з Беларусі, і з Польшчы, і з Расеі. Побач траса Горадня-Менск. У мяне нават была думка зрабіць тут цэнтр экалагічнага турызму, але ўсё ўпіраецца ў фінансы».

IMG_5404 bs
Аддаваць у добрыя гаспадарскія рукі мясцовая ўлада сядзібу не спяшаецца. За руіны палацу спачатку прасілі 480 мільёнаў, а праз год – 384. Лот фігураваў як «будынак шматкватэрнага жылога дому на зямельным участку ў 25 сотак»…

Прадаць сядзібу за такія грошы ў яе сучасным стане амаль нерэальна. Куды больш рэальна – разабраць на будматэрыялы, пра што ўжо выказвалася ў прэсе намесніца старшыні філіяла «Скідзельскі» ААА «Агракамбанат «Скідзельскі» Марыя Барташэвіч.

IMG_5415 bs
Апошні раз гарадзенскія гісторыкі падавалі заяўку на ўключэнне сядзібы ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў у 2014-м годзе. У адказ атрымалі адмову, якая ў чарговы раз развязала рукі як вандалам, так і мясцовай уладзе…

Маёнтак Кашубінцы вядзе сваю гісторыю ад XVIII ст., калі належыў езуітам, пасля чаго змяніў некалькі гаспадароў – Храптовічаў, Данкевічаў і, нарэшце, Блаўдзевічаў. Менавіта апошнія перабудавалі палац, заклалі пейзажны парк, драўляны будынак з калонамі набыў свае сённяшнія рысы. У 1939-м маёнтак быў зноў канфіскаваны, у сядзібе месціўся клуб, а пасля – жылі вяскоўцы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў