Топ заяваў Лукашэнкі з нарады са сталічнымі чыноўнікамі


У чацвер, 20 снежня, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Менску. Belsat.eu сабраў асноўныя заявы: пра заробкі, недахоп школаў, міліцыю на вуліцах ды іншае.

1. Пра падвышэнне заробкаў

«Дваццаць адсоткаў жыхароў гораду да гэтага часу атрымліваюць менш за чатырыста рублёў у месяц. Таму задача па павышэнню заробкаў нізкааплатных катэгорыяў працаўнікоў актуальная і для Менску. Тым больш што кошты на тавары і паслугі тут самыя высокія ў краіне», – канстатаваў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка выказаўся наконт заробкаў у Менску
2018.12.20 10:25

2. Пра зніжкі ў гандлёвых цэнтрах

Паводле Лукашэнкі, хаця ў Менску за апошнія пяць гадоў гандлёвыя плошчы павялічыліся амаль у тры разы, рост канкурэнцыі мала паўплываў на палітыку коштаў.

«Па-ранейшаму рэальных зніжак няма альбо яны сімвалічныя, а заходнееўрапейскі шопінг у менчукоў лічыцца больш прывабным», – сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што нягледзячы на прыход на рынак вялікіх сетак гіпермаркетаў, «нельга даць угробіць крамы крокавай дасяжнасці».

3. Пра недахоп садкоў і школаў

Паводле Лукашэнкі, у Менску ёсць патрэба ў адкрыцці яшчэ мінімум у 20 дзіцячых садкоў і 7 школаў.

«Праблема перапоўненасці дашкольных устаноў і школ не знятая. На 100 месцаў прыходзіцца 117 дзетак. Асобныя школы перагружаны амаль у два разы. Двухмільённаму Менску трэба яшчэ як мінімум 20 дзіцячых садкоў і 7 школаў», – сказаў ён.

Акрамя таго, існуе праблема з кадрамі: на дадзены момант свабоднымі застаюцца 273 вакансіі выхавальнікаў у садках, а ў школах не хапае 159 педагогаў.

4. Пра гарады-спадарожнікі

Лукашэнка лічыць недастатковымі тэмпы рэалізацыі праграммы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў сталіцы. Некалькі гадоў таму было вырашана, што апорныя кропкі менскай агламерацыі павінны перамяшчацца ў бок гарадоў-спадарожнікаў – Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Смалявічаў, Фаніпаля і Рудзенска.

«Аднак з 2012 года справа не прасунулася далей за адзін здадзены дом у Смалявічах. Яна і не зрушыцца, калі дзяржаўная праграма па вынасе вытворчых аб’ектаў праваленая. А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў (напрыклад, «Беларускія шпалеры», абутковая фабрыка «Луч», Менскі завод ацяпляльнага абсталявання і іншыя) прыцягнуў бы ў рэгіёны працоўную сілу», – заявіў ён.

5. Пра безбарʼернае асяроддзе і кантроль за бяспекай на вуліцах

Менск павінен стаць эталонам па добраўладкаванні безбарʼернага асяроддзя на ўсіх абʼектах, сцвярджае кіраўнік краіны. На сённяшні дзень для асобаў з аслабленымі фізічнымі магчымасцямі застаюцца дасяжнымі толькі 36% будынкаў.

Паводле яго, працу па стварэнні безбарʼернага асяроддзя неабходна вывесці на новы якасны ўзровень. У першую чаргу гэта датычыць транспартнай інфраструктуры, а таксама абʼектаў масавага знаходжання людзей.

«Аднак лепшы шлях – гэта планаванне гарадскога асяроддзя такім чынам, каб пазбегнуць штучных перашкодаў», – сказаў ён.

Да таго ж, Лукашэнка прапануе максімальна аўтыматызаваць кантроль за бяспекай на вуліцах гораду.

«Мы паступова павінны пераходзіць да больш сучасных, эфектыўных формаў забеспячэння бяспекі, у тым ліку на аснове лічбавых тэхналогіяў. На гэты конт рашэнні мною ўжо прынятыя. Трэба больш актыўна развіваць сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі, каб максімальна аўтаматызаваць кантроль за спакоем на вуліцах і не трымаць там лішніх супрацоўнікаў».

6. Пра адмову ад пластыкавай упакоўкі

Пластыкавая тара забруджвае навакольнае асяроддзе, таму ад яе трэба адмаўляцца. Пачаць можна з бутэлек для вады.

«Нам трэба сыходзіць ад поліэтылену, для пачатку хаця б для разліву вады. У нас дастаткова вытворчасці шклянога посуду. І не трэба цкаваць людзей. Упэўнены, што ў вялікіх і малых начальнікаў ужо вадзіца ў шкле. У свеце пайшла тэндэнцыя вызваляцца ад поліэтылену і больш арыентавацца на экалагічна чыстую тару. Гэта задача для вас», – сказаў Лукашэнка.

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў