Топ назваў вуліц, што з’явіліся на менскай мапе за часам Лукашэнкі


Belsat.eu сабраў пяць найбольш гучных тапонімаў у Менску, што з’явіліся ў час кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля таго, як Нурсултан Назарбаеў склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта, Казахстан накрыла хваля перайменаванняў: у гонар першага прэзідэнта назвалі не толькі сталіцу краіны Астану, але і цэнтральныя праспекты і вуліцы ў многіх гарадах. У Беларусі пакуль ніводны горад або вуліца ў гонар Аляксандра Лукашэнкі не названы. Ды і наагул у часы кіравання Лукашэнкі тапаніміка краіны амаль не змянілася – мала дзе на прасторах былога СССР сустрэнеш столькі назваў, што захаваліся з савецкіх часоў. Аднак новыя назвы вуліцаў і праспектаў усё роўна з’яўляюцца ў Беларусі рэгулярна – прычым часам яны даволі нечаканыя. Літаральна два дні таму менскія ўлады прынялі рашэнне назваць адну з вуліцаў Менску ў гонар сербска-амерыканскага фізіка Ніколы Тэслы. Мы вырашылі выбраць самыя заўважныя тапанімічныя назвы, што з’явіліся на мапе Менску ў XXI стагоддзі.

Праспект Незалежнасці

Лукашэнка на праспекце Незалежнасці, 2013 год. Фота – president.gov.by

7 траўня 2005 года Аляксандр Лукашэнка асабістым указам перайменаваў праспекты Францыска Скарыны і Пятра Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў адпаведна. У той час гэтае рашэнне выклікала хвалю абурэння, яно ўспрымалася як беспадстаўнае і адвольнае. Апазіцыя вінаваціла Лукашэнку ў парушэнні заканадаўства: перайменавання вуліцаў гарадоў уваходзіць выключна ў кампетэнцыю мясцовых саветаў дэпутатаў, а ніяк не прэзідэнта. Рашэнне спрабавалі аспрэчыць у судзе, апазіцыя нават абяцала дамагчыся правядзення гарадскога рэферэндуму па пытанню змены назваў праспектаў, аднак у іх прадказальна нічога не атрымалася.

У прэс-службе Лукашэнкі перайменаванне тлумачылі «шматлікімі зваротамі ветэранаў і жыхароў сталіцы», хаця ў публічнай прасторы такіх ініцыятываў ніхто не заўважыў. Улада казала, што праспект Скарыны трэба было перайменаваць нібыта таму, што на плошчы Незалежнасці ў 1944 годзе адбыўся партызанскі парад.

«Таму заканамерна і гістарычна справядліва, каб галоўная артэрыя сталіцы суверэннай Беларусі, чыю свабоду і незалежнасць беларускі народ абараніў у гады Вялікай Айчыннай вайны, называлася праспектам Незалежнасці», – сцвярджалі ў прэс-службе Лукашэнкі. А ў вуліцу Скарыны перайменавалі ў Старабарысаўскі тракт.

Будынак КДБ на праспекце Незалежнасці

Дарэчы, цяперашні праспект Незалежнасці за апошнія два стагоддзя больш за дзесяць разоў мяняў сваю назву. У пачатку XIX стагоддзя гэта была вуліца Захар’еўская, падчас напалеонаўскага ўварвання – Новы горад, падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную – Гаўпштрассе, пасля прыходу Чырвонай арміі – вуліца Савецкая, падчас польскага панавання ў 1919-1920 гады – вуліца Адама Міцкевіча. У 1920 годзе вуліца зноў стала Савецкай, потым Пушкінскай, падчас гітлераўскай акупацыі – зноў Гаўпштрассе і нават некалькі месяцаў мела назву «25 сакавіка» ў гонар абвяшчэння БНР (акупацыйная адміністрацыя перайменавала вуліцу па просьбе Беларускай Цэнтральнай Рады). У 1952 годзе вуліца стала праспектам Сталіна, а ў 1961 годзе– Ленінскім праспектам. З 1991 па 2005 год праспект насіў імя Францыска Скарыны.

Праспект Пераможцаў

Цяперашні праспект Пераможцаў цягам 25 гадоў (з 1980 па 2005) насіў імя Пятра Машэрава. Перайменавання ў 2005 годзе ўлады прымеркавалі да 60-годдзя перамогі ў Другой Сусветнай вайне і тлумачылі неабходнасцю ўшанаваць подзвіг савецкага народу.

Рашэнне аб перайменаванні было ўспрынятае вельмі неадназначна, у тым ліку сярод прыхільнікаў Лукашэнкі. Вельмі распаўсюджаным было меркаванне, што сваё рашэнне Лукашэнка прыняў ледзь не з рэўнасці – ён ведаў пра папулярнасць Машэрава і нібыта бачыў у ім завочнага канкурэнта на ролю галоўнага народнага лідара ў гісторыі Беларусі. І таму, быццам бы, ездзіць на працу па праспекце Машэрава яму было непрыемна.

У любым выпадку, менчукі не разумелі сэнсу перайменавання, тым больш, што перамога ў Другой сусветнай вайне і без таго ўшанована ў шматлікіх назвах вуліцаў і плошчаў гораду. Жыхары сталіцы жартам спачатку называлі яго праспектам «Пераможцаў Машэрава».

Рэпетыцыя парада на Дзень Незалежнасці на праспекце Пераможцаў. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А імя савецкага дзяржаўнага дзеяча на мапе Менску ўсё ж засталося – вуліцы Ерусалімская, Дразда і Варвашэні аб’ядналі ў праспект Машэрава.

Парк Чавэса

Фота – kamgorka.by

Менскі гарадскі савет прыняў рашэнне аб стварэнні парка імя Уга Чавэса ў снежні 2013 года, хаця размовы пра гэта хадзілі даўно. Яшчэ ў сакавіку 2013-га старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька абяцаў ушанаваць памяць памерлага прэзідэнта Венесуэлы на мапе сталіцы, бо гэты палітык нібыта шмат зрабіў для беларускага народу. Пазней у парку таксама з’явілася мемарыяльная дошка і бюст Чавэса.

Што насамрэч зрабіў Чавэс для беларускага народу – сказаць цяжка. Але добра вядома, што ён быў сябрам Лукашэнкі. Калі 5 сакавіка 2013 года стала вядома пра смерць Чавэса, Лукашэнка загадаў прыспусціць дзяржаўныя сцягі па ўсёй краіне і адмяніць на дзяржаўным тэлебачанні забаўляльныя праграмы.

Чавэс і Лукашэнка, 2012 год. Фота – president.gov.by

Хаця парк Чавэса паўстаў далёка ад цэнтру Менску (раён Каменнай Горкі) і спачатку на ягоным месцы была проста пустка, гэтая навіна выклікала цікавасць нават у замежных СМІ.

Уладкаванне і ўпрыгожванне ішло вельмі марудна, доўгі час менчукі працягвалі скардзіцца, што парк застаўся недагледжаным. Аднак улады абяцаюць, што сёлета ў парку з’явяцца атракцыёны і гандлёвыя кропкі.

Бульвар Мулявіна

Кіраўнік ансамбля «Песняры» Уладзімір Мулявін трапіў у ДТЗ у Маскве ў траўні 2002 года і праз 8 месяцаў памёр. У 2004-м менскія ўлады ўшанавалі памяці музыкі, перайменаваўшы бульвар Луначарскага. Імя ленінскага наркома асветы Анатоля Луначарскага бульвар насіў з 1965 года.

У адрозненні ад перайменавання праспектаў Машэрава і Скарыны, гэтае рашэнне ні ў каго не выклікала пытанняў. Ды і месца было абрана цалкам лагічна: бульвар знаходзіцца побач з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, дзе працаваў у свой час і сам Мулявін. У 2017-м там з’явіўся помнік кіраўніку ансамбля «Песняры», на адкрыцці прысутнічалі тагачасны віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка і міністр культуры Барыс Святлоў.

Вуліца Зыбіцкая

Вуліца Зыбіцкая. Фота – bdz.by

Не кожны ведае, што галоўная «тусовачная» вуліца Менску атрымала сваю цяперашнюю назву таксама ў часы Лукашэнкі. Хаця ў адрозненні ад праспекту Пераможцаў або парку Чавэса ён наўрад ці меў нават ускоснае дачыненне да гэтага рашэння.

Прычым Зыбіцкая – гэта як раз гістарычная назва вуліцы. Яна так называлася да 1866 года. З 1882 яна мела назву Гандлёвая. Вуліца з цягам часу прыйшла ў заняпад і ў пачатку 2000-х гарадскім уладам прыйшлося адбудоўваць яе фактычна з нуля. У 2010-м вуліца вярнула сябе гістарычную назву – Зыбіцкая. Цяпер гэта адна з візітных картак беларускай сталіцы.

Hавiны
Альтэрнатыўная тапаніміка. 5 вуліцаў Менску, якія трэба тэрмінова перайменаваць
2019.03.03 09:12

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў