Топ-менеджараў кампаніяў алігарха Авяр'янава будуць судзіць


Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў, распачатай у 2017 годзе ў дачыненні бізнесоўца Юрыя Авяр’янава і ягоных топ-менеджараў. Паводле следства, дзяржаве нанесеная шкода на суму каля аднаго мільёна рублёў.

Нагадаем, паўтара года таму СК затрымаў 6 чалавек, у тым ліку дырэктара ЗАТ «Гандлёвы свет – «Кальцо» і ТАА «Парк забаваў «Дрымлэнд», кіраўніка «Madison Royal Club» і іншых. Іх падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Усе гэтыя бізнесы кантраляваў Юрый Авярʼянаў.

Паводле следства, службовыя асобы падкантрольных Авярʼянаву кампаніяў выконвалі незаконныя даручэнні фактычнага кіраўніка аб канфіскацыі грашовых сродкаў з наяўнай выручкі, атрыманай падчас фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, і іх перадачы ў распараджэнне бізнесоўца без неабходнага дакументальнага афармлення.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, ад 10 да 50 адсоткаў наяўнай выручкі ўстаноў, якія ўваходзілі ў структуру прадпрыемстваў, падкантрольных Авярʼянаву, не адлюстроўваліся ў бухгалтарскім уліку. Для ўтойвання гэтых дзеянняў у касавыя апараты са змененым праграмным забеспячэннем уносіліся ілжывыя звесткі аб грашовых сродках. Менавіта гэтыя звесткі перадаваліся бухгалтарам для «белых» справаздач. Пры гэтым для Авярʼянава складалася «ценявая» справаздачнасць з рэальнымі лічбамі.

Дзеянні адной з абвінавачаных кваліфікаваныя следчымі як ухіленне ад выплаты падаткаў, яшчэ чатырох – як дапамога ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Цяпер да іх ужытыя розныя меры стрымання – залог і падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах.

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.

У СК адзначылі, што крымінальная справа ў дачыненні Юрыя Авярʼянава і іншых асоб, у якой задакументаваныя дадатковыя эпізоды злачыннай дзейнасці, вылучаная ў асобную вытворчасць і яе расследаванне працягваецца.

Як раней паведаміла Генпракуратура, у дачыненні Авярʼянава, які пакінуў Беларусь, пашырылі абвінавачанне. Акрамя нявыплаты падаткаў, яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Менск дамагаецца экстрадыцыі бізнесоўца з Нямеччыны.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў