Топ-менеджар «Беларусбанку», якога летась пасадзілі на 8 гадоў, ужо на свабодзе


Былы выканаўчы дырэктар «Беларусбанку» Анатоль Багавік, якога восенню 2017 года прысудзілі да 8 гадоў калоніі за карупцыю, выйшаў на свабоду. Гэтую інфармацыю belsat.eu пацвердзілі сябры банкіра.

Першым пра вызваленне Багавіка паведаміў TUT.by са спасылкаю на ананімныя крыніцы. Выданне адзначае таксама, што ў кастрычніку 2017 года топ-менеджара прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а скарга на рашэнне суда была адхіленая. Паколькі прысуд даўно набыў моц, то найбольш верагодна, што Багавік быў памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Інфармацыю пра вызваленне Багавіка пацвердзілі belsat.eu сябры банкіра – паводле іх, сёння ён выйшаў на сувязь у мэсэнджарах. Звязацца з Багавіком асабіста нашым журналістам пакуль не ўдалося.

Рэкламны твар «Беларусбанку» Аляксандра Герасіменя і выканаўчы дырэктар Анатоль Багавік. Фота – belarusbank.by

Нагадаем, Анатоля Багавіка арыштавалі супрацоўнікі КДБ 4 жніўня 2016 года. Паводле следства, Багавік атрымаў хабар на суму больш за $ 94 тыс. ад гендырэктара Банкаўскага працэсінгава цэнтру Генадзя Зубарава за перамогу падкантрольнай яму структуры ў конкурсе на закупку банкаматаў для патрэбаў «Беларусбанку».

На судзе Багавік прызнаў сваю віну часткова і заявіў, што раскайваецца. 13 кастрычніка 2017 года 45-гадовага топ-менеджару асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі і аштрафавалі на 500 базавых велічыняў (Br 11,5 тыс.).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў