Топ-чыноўніка з энергетычнай сферы Беларусі пакаралі 8,5 гадамі пазбаўлення волі


Суд пакараў былога дырэктара «Белэнергасеткапраект» Андрэя Караткевіча 8,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму за хабарніцтва. Намеснік гендырэктара РУП «Аб’яднанае дыспетчарскае кіраванне» Уладзімір Васільчанкоў, якога вінавацілі ў пасярэдніцтве пры атрыманні хабару, пакараны 8 гадамі пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Паводле суду, Караткевіч атрымаў хабар у асабліва буйным памеры за выкананне ў інтарэсах ТАА «Электратэхнічныя рашэнні» «дзеянняў, вызначаных злачыннай дамоўленасцю». Васільчанкоў аказаў у гэтым дапамогу Караткевічу. Суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў абодвух вінаватымі. Вырак быў вынесены яшчэ 20 жніўня.

Караткевіча і Васільчанкова арыштавалі працаўнікі КДБ у верасні 2018 года. У Камітэту дзяржбяспекі сцвярджалі, што кіраўніка «Белэнергасеткапраект» затрымалі падчас атрымання хабару ў памеры $ 20 тыс. «А.Караткевіч і У.Васільчанкоў арганізавалі супрацьпраўную схему па атрыманні хабараў ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за стварэнне ўмоваў для перамогі ў конкурсах і ўключэння ў праекты абсталявання пастаўшчыкоў», – адзначалася ў афіцыйным прэс-рэлізе КДБ.

  • «Белэнергасеткапроект» – дзяржаўнае прадпрыемства, падпарадкаванае «Белэнерга». Асноўным відам дзейнасці «Белэнергасеткапроект» з’яўляецца распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі аб’ектаў электрасецявога будаўніцтва. Прадпрыемства ў тым ліку распрацоўвала адпаведную дакументацыю для БелАЭС.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў