Топ-7 цікавых мясцінаў Ліды – новай культурнай сталіцы Беларусі


Ускараскацца на сярэднявечны замак або ўзбадзёрыцца куфлем свежага піва? Што яшчэ можна паглядзець у горадзе, аб’яўленым культурнай сталіцай 2020 года? Прапаноўваем кароткі спадарожнік па Лідзе: куды можна зазірнуць на выходныя?

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сярэднявечны замак Гедыміна

Замак, які ўжо даўно стаў візітоўкай гораду, заклаў Гедымін у 1323 годзе, што прынята лічыць афіцыйнай датай заснавання гораду. Тут княжылі Вітаўт і Ягайла, пражываў татарскі хан Тахтамыш. Шмат стагоддзяў абарончыя сцены замка былі сховішчам для мясцовага насельніцтва ў часе войнаў. Тут праводзіліся судовыя паседжанні, збіраліся павятовыя соймікі, дзейнічала турма.

Замак Гедыміна.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Трагічным для пабудовы стала ХІХ стагоддзе, калі пасля вялікага пажару гарадскія ўлады пачалі разбіраць і распрадаваць муры для адбудовы гораду. З замкавага пагорка бралі пясок, адну з вежаў і частку заходняй сцяны амаль цалкам разабралі і знішчылі. Разбурэнне працягвалася, пакуль не ўмяшалася археалагічная імператарская камісія з Пецярбургу. У міжваенны час унутры замка спыняўся вандроўны цырк, узімку залівалі коўзанку і ставілі елку. У савецкі час тут існаваў невялікі стадыён. Толькі ў 2010-м годзе завяршылася маштабная рэстаўрацыя, якая цягнулася 20 гадоў. Сёння ў замку праводзяцца рыцарскія фэсты, а унутры ладзяцца экспазіцыі.

Барочны касцёл

Фарны касцёл у Лідзе.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Адзін з самых старых і прыгожых архітэктурных помнікаў Ліды – Фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, пабудаваны ў другой палове ХVІІІ ст. у стылі барока. У храме знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Ружанцовай, якую, як лічыцца, прывезлі ў Ліду манахі-францішканцы. Яны ж першапачаткова апекаваліся драўлянай святыняй. У 1794 годзе значная частка касцельнага срэбра пайшла на падтрымку паўстання, а касцёл быў разрабаваны расейскім войскам. Што цікава, у 1812 годзе ў храме ладзіліся святкаванні з нагоды дня нараджэння Напалеона. У савецкі час святыня не зачынялася. Сёння будынак зʼяўляецца адным з помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Першы помнік у незалежнай Беларусі

Першы помнік у незалежнай Беларусі.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Побач з Фарным касцёлам, у скверыку, недалёка ад замка стаіць помнік Францыску Скарыне. Некаторыя спытаюць: «Ну і што ў ім незвычайнага? Помнік, як помнік». Справа ў тым, што гэта першы помнік, усталяваны ў незалежнай Беларусі, што было выключнай падзеяй для маладой краіны. Гэта адбылося 25 ліпеня 1993 году з ініцыятывы мясцовага Таварыства беларускай мовы. Сродкі збіралі ўсім горадам, каб годна адзначыць другую гадавіну незалежнасці. Манумент стварыў менскі скульптар Валярʼян Янушкевіч.

Помнік Францыску Скарыне ў Лідзе.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

За тыдзень да ўсталявання трэснула аснова, прыйшлося ехаць за новым пастаментам ва Украіну. Не зважаючы на перашкоды, помнік усталявалі і сёння каменны Скарына красуецца ў доўгай мантыі, побач з кнігай, з паднятай уверх правай рукой – сімвалам мудрасці і ведаў. Ці наведваў беларускі асветнік Ліду, застанецца гістарычнай загадкай – аднак, вядома, што ў часы жыцця Скарыны праз Ліду праходзіў «Каралеўскі тракт» з Кракава ў Вільню. Таму цалкам магчыма, што малады Францыск спыняўся на адпачынак у адной з лідскіх корчмаў.

Былы Касцёл Піяраў, Свята-Міхайлаўская царква

У ХVІІІ ст. у Лідзе з’явіліся айцы-піяры. У горадзе паспяхова дзейнічаў піярскі калегіум, пакуль у 1795 годзе пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай царскія ўлады не арыштавалі ксяндза рэктара Фларыяна Крушэўскага і ксяндза Вавжынца Адамовіча, якія адмаўляліся пераводзіць навучанне на расейскую мову. Што цікава, ужо ў 1797 годзе ў калегіуме начаваў цар Павел І, ахвяраваўшы манахам 5000 рублёў. З гэтай нагоды на кляштары была прымацавана нават памятная дошка. Піярскі кляштар наведваў таксама наступны цар Аляксандр І. У 1825 годзе быў дабудаваны і асвечаны мураваны касцёл. Цягам двух гадоў у піяраў вучыўся будучы кіраўнік студзеньскага паўстання 1863 года на Лідчыне Людвік Нарбут.

Былы касцёл Піяраў, сёння – Свята-Міхайлаўская царква.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

На жаль, прысутнасць у мінулым царскіх асобаў не выратавала піяраў ад пазбаўлення маёмасці. У 1843 годе зруйнаваны пасля пажару будынак перадалі праваслаўнай царкве. Царква Святога Міхаіла Арханёла ізноў стала касцёлам з прыходам польскіх уладаў у 1919 годзе. Будынкі піярам вярнулі, школу аднавілі. У час Другой сусветнай вайны храм ізноў гарэў. У савецкі час касцёл перадалі краязнаўчаму музею. Потым у 70-х гадах тут мясціўся планетарый, адзін з трох на той час у Беларусі. У незалежнай Беларусі будынак ізноў быў перададзены праваслаўнай царкве.

Магіла ксяндза-паўстанца, за якую жыхары змагаліся 15 гадоў

У гарадскім парку каля прыпынку «Абутковая фабрыка» побач з лаўкай і сметніцай ляжыць невялікі камень. На ім надпіс – «Кс. Адам Фалькоўскі 1812-1863». За гэты сціплы помнік з мясцовымі ўладамі лідчане змагаліся амаль 15 гадоў. Жалезны крыж тут усталявалі яшчэ пры Польшчы, аднак ужо ў 1940 годзе магілу знішчалі савецкія ўлады.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У 1990-х сябры Лідскай арганізацыі БНФ аднавілі пахаванне святара-паўстанца, аднак не надоўга. Актывісты чатыры разы ўсталёўвалі крыж, аднак улады яго адразу зносілі. Апошні інцыдэнт здарыўся ў 2010 годзе ў часе «упарадкавання» гораду перад «Дажынкамі». Пасля хвалі абурэння грамадскасці ўлады дазволілі ўсё ж такі паставіць памятны камень на магіле святара. Варта зазначыць, што месца пахавання сімвалічнае, паколькі дагэтуль дакладна не вядома, дзе быў закапаны Фалькоўскі. Кс. Адам Фалькоўскі быў адным з трох святароў, асуджаных Мураўёвым на пакаранне смерцю. Святар заклікаў да змагання, прачытаўшы з амбона «паўстанцкі маніфест», за што быў расстраляны. Яго цела кінулі ў выкапаны дол без труны і залілі вапнавым растворам, каб хутчэй знішчыць парэшткі. Пасля казацкі эскадрон на конях затаптаў магілу.

Лідскія «Чаравічкі»

ААТ «Лідская абутковая фабрыка» – адно з самых старых прадпрыемстваў у Беларусі па вытворчасці абутку. Сёння тут працуе каля 700 чалавек. У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў час дэфіцыту і пустых паліц асаблівым попытам карысталіся лідскія кеды ЛМ-17, рэмэйк легендарных «Адыдасаў» з дзвюма палоскамі. За абуткам стаялі чэргі. Хто б мог падумаць, што амаль праз 30 гадоў чэргі за лідскімі кедамі будуць стаяць ізноў. Справа ў новых кедах з выявай герба Калюмны, распрацаваных і вырабленых разам з фірмай «LSTR Adzieńnie». Сотню першых вырабленых пар абутку ў Беларусі раскупілі менш, чым за содні. У выніку непаразуменняў з былым кіраўніцтвам фабрыкі, выраб прадукцыі спынілі, аднак некаторы час таму з’явілася навіна, што ўжо гэтай вясной у краме LSTR ізноў з’явяцца ўнікальныя беларускія кеды.

Лідская абутковая фабрыка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У будынку самой фабрыкі можна зазірнуць у краму «Чаравічкі». Кедаў з калюмнамі тут, на жаль, не купіць, аднак можна набыць досыць танны абутак з лёну, абутак з натуральнай скуры і проста кеды.

Адпачываем за куфлем свежага піва

Добра паблукаўшы па горадзе, кожны турыст шукае месца, дзе можна проста сесці і адпачыць. Каб не губляць час, можна зазірнуць на пляцоўку «Лідскае піва», якая знаходзіцца адразу побач з найстарэйшых з дзеючых піваварных заводаў у Беларусі. Увогуле першы лідскі піўны завод быў пабудаваны пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1590 годзе. Традыцыю бровараў працягнуў лідчанін Носэль Зелікавіч Пупко, які ў 1876 годзе заснаваў піўны завод. Потым прадпрыемства перажыве некалькі войнаў і рэвалюцый. Піва лідскіх габрэяў будуць спажываць і савецкія, і нямецкія жаўнеры, і нават ангельскія лётчыкі. Пасля вайны дзеці заснавальніка заводу не засталіся аднак у Лідзе, завод быў адабраны савецкімі ўладамі. Сям’я Пупко неўзабаве пакінула Беларусь, і праз Бельгію адправіліся ў Канаду і Мексіку.

«Лідскае піва».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У Савецкі час працу прадпрыемства аднавілі. Акрамя піва і квасу тут выраблялі знакамітыя напоі мінулай эпохі «Байкал» і «Бураціна». Больш за 10 гадоў назад акцыянеры ААТ «Лідскае піва» знайшлі інвестара – фінскі канцэрн «Olvi Oyj», які абʼядноўвае півавараў «A. Le Coq» з Эстоніі, «Cesu Alus» з Латвіі, «Volfas Engelman» з Літвы і «Olvi» з Фінляндыі. Новы інвестар уклаў у прадпрыемства больш за 80 млн еўра. Сёння «Лідскае піва» працягвае радаваць беларусаў новымі гатункамі піва, а таксама этыкеткамі на беларускай мове. На піўны фестываль «LidBeer», які штогод праводзіцца ў верасні ў Лідзе зʼязджаюцца людзі з усёй Беларусі і замежжа.

ПВ, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў