Агратрэш і новыя метады фальсіфікацыяў. Топ-6 падзеяў мясцовых выбараў


Учора, 18 лютага, у Беларусі адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія, паводле незалежных назіральнікаў, суправаджаліся масавымі парушэннямі на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі. Belsat.eu разбіраўся, чым беларусам запомняцца выбары-2018.

Рэкордная датэрміновая яўка

Паводле ЦВК, амаль 35 % (34,95%) выбарцаў прагаласавалі на мясцовых выбарах у Беларусі датэрмінова. Па-першае, гэта нават больш, чым прагназавала Лідзія Ярмошына – напярэдадні старту датэрміновага галасавання яна казала, што яўка можа скласці ад 25 да 32 %. Па-другое, 34,95% – гэта абсалютны рэкорд за ўсю гісторыю мясцовых выбараў у Беларусі. У 2007-м датэрмінова прагаласавалі 24,9%, у 2010-м – 29,3%, у 2014-м – 32,04%.

Назіральнікі заяўляюць, што патрэбны ўзровень яўкі падчас датэрміновых выбараў забяспечвалася часткова праз выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, а часткова – праз маштабныя прыпіскі і «каруселі».

Аднак рэкорду па агульнай яўцы сёлета не адбылося. Паводле ЦВК прагаласавалі ў 2018 годзе 77,05 выбарцаў. У 2014 годзе яўка склала 77,27%, у 2010-м – 79,1%, у 2007 – 79,2%. Пры гэтым і ў асноўны дзень галасавання назіральнікі таксама фіксавалі істотныя прыпіскі – на некаторых участках яўка завышалася ўдвая і больш.

У аблсаветы і Менгарсавет апазіцыю не пусцілі

У мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў у Беларусі былі абраныя 18.110 дэпутатаў на 18.111 выбарчых акругах. Выбары не адбыліся толькі па адной акрузе – Савецкай акрузе №3 на выбарах у Ельскі райсавет Гомельскай вобласці. Як паведамляюць СМІ, адзіны безальтэрнатыўны кандыдат у акрузе – сябра Камуністычнай партыі Беларусі Віталь Васілёнак – напярэдадні выбараў быў затрыманы праваахоўнікамі.

Выбарцы аддаюць голас за свайго кандыдата. Выбарчы ўчастак у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У ключавыя саветы – саветы 6 абласцей і Менгарсавет – прадстаўнікоў апазіцыі не пусцілі. Сярод праўладных партыяў у аблсаветы і Менгарсавет больш за ўсё прайшло прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі(16 дэпутатаў) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (11 дэпутатаў).

Вынікі выбараў у саветы базавага і першаснага ўзроўню (гарадскія, раённыя, сельскія і пасялковыя) яшчэ не апублікаваныя. Вядома, што на першасным узроўні ўлады прызналі перамогу прынамсі аднаго прадстаўніка апазіцыі – у Першамайскі сельсавет Бярозаўскага раёну Берасцейшчыны быў пераабраны сябра БХД Валер Білібуха.

Валер Білібуха

Інавацыі ў фальсіфікацыях

Акрамя традыцыйных праблемаў выбарчага працэсу ў Беларусі (амаль поўная адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, непразрыстасць падліку галасоў, выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, завышэнне яўкі шляхам прыпісак і г.д.) масавай з’явай на выбарах-2018 стала выкарыстанне так званых выбарчых каруселяў – калі адзін і той жа чалавек галасуе на некалькіх участках.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што такі від фальсіфікацыяў, як шматразовае галасаванне выбарцаў, фактычна не фіксаваўся ў ранейшыя выбарчыя кампаніі і з’яўляецца даволі рэдкім відам фальсіфікацыяў для Беларусі.

Між тым галоўнай падставай для крытыкі выбараў, паводле праваабаронцаў, застаецца «адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць абвешчаныя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення выбарцаў».

Эксперымент «000-179»

Актывіст грамадскага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук пабачыў паведамленне ў сацыяльных сетках, што калі ў пашпарт праставіць алоўкам пэўныя лічбы, то ўладальнікам такіх пашпартоў дазволяць прагаласаваць адразу на некалькіх участках. Актывіст вырашыў праверыць гэтую інфармацыю і паставіў сябе ў пашпарт лічбы 000-179. І сапраўды схема спрацавала: яму дазволілі прагаласаваць за іншых людзей адразу на некалькіх участках, да якіх ён насамрэч не меў ніякага дачынення. Усё што адбывалася Краўчук фіксаваў на камеру мабільнага тэлефона.

«Раней я думаў, што фальсіфікацыямі займаюцца толькі старшыні камісіяў, іх намеснікі ці сакратары, што яны ведаюць пра ўсе фальсіфікацыі. А насамрэч атрымліваецца, што ў курсе нават шараговыя сябры гэтай камісіі», – заявіў Дзяніс Краўчук.

Эксперымент Краўчука набыў вялікі розгалас, у інтэрнэце з’явіўся хэштэг «000-179». Нават Лідзія Ярмошына вымушана была каментаваць сітуацыю, але ж фальсіфікацыі і наяўнасць выбарчых каруселяў, вядома, не прызнала.

Збіццё і затрыманне Андруся Козела

У дзень галасавання, 18 лютага, падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску чацвёра міліцыянтаў збілі і затрымалі аператара «Белсату» Андруся Козела. Козел быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на Фэйсбуку. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і кінулі за краты ў ЦІП на Акрэсціна.

Збіццё і затрыманне Андруся Козела ўжо выклікала міжнародную рэакцыю. Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі асудзіў дзеянні міліцыі і заклікаў беларускія ўлады пакараць вінаватых.

У цэлым выпадкі выдалення незалежных назіральнікаў з выбарчых участкаў адбываліся па ўсёй краіне, але толькі Андрусь Козел у выніку апынуўся за кратамі.

Маштабны агратрэш на выбарчых участках

Улады традыцыйна заваблівалі грамадзянаў на выбарчыя ўчасткі таннай гарэлкай і пачастункамі, а таксама бясплатнымі канцэртамі і конкурсамі.

Канцэрт для ветэранаў завода ў ДК МАЗ, 14 лютага 2018 года. Ірына Арахоўская / Белсат

18 лютага ў асноўны дзень галасавання ў буфетах на выбарчых участках (значная частка якіх знаходзілася ў сярэдніх школах і іншых навучальных установах) ад 8-й ранку прадавалі танную гарэлку, каньяк і віно. Прычым спіртныя напоі прадаваліся як бутэлькамі, так і на разліў у пластыкавых кубачках.

Напрыклад, на выбарчых участках Берасця 50 грамаў гарэлкі каштавала 74 капейкі, а крыху больш, чым за 2 рублі можна было і паесці, і выпіць. Грамадзяне, у сваю чаргу, наведвалі буфеты актыўна.

Школьная сталовая падчас выбараў.

А ў Менску на адным з выбарчых участкаў з’явілася вавёрка – такім чынам незалежны назіральнік (старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева) хацела падкрэсліць абсурд і фарс усяго выбарчага працэсу.

Села Белочка( наблюдатель от Беларусской партии "Зеленые") наблюдать, а ей коллеги наблюдатели и говорят: " Вам не стыдно вот так?", а она им в ответ: "А вам?". Больше с ней не разговаривают….

Opublikowany przez Irinę Sukhy Niedziela, 18 lutego 2018

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў