Ад інсульту да анексіі. Топ-5 «укідаў» пра Беларусь, якія распаўсюджваюць расейскія медыі

ВІДЭА

Фота - ukrinform.ru

Belsat.eu выбраў 5 тэзісаў адносна Беларусі, якія апошнім часам часцей за ўсё паўтараліся ў расейскай медыяпрасторы.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю «Беларусь-1» 4 верасня заявіў, што шэраг маргінальных СМІ распаўсюджваюць інфармацыю, у якой «заўважная антыбеларуская істэрыя і адкрытая нелюбоў да Беларусі». Гэтыя словы былі сказаныя ў кантэксце апошніх «укідаў»у расейскай медыяпрасторы датычна Беларусі. Belsat.eu вырашыў прааналізаваць, якія думкі і якія «укіды» наконт Беларусі часцей за ўсё з’яўляюцца ў расейскіх СМІ і расейскім сегменце сацыяльных сетак цягам апошняга года.

1. Крэмль стаміўся ад Лукашэнкі

Галоўным рухавіком гэтага тэзіса сталі «ўкіды» тэлеграм-каналу «Незыгарь». Летам гэты канал паведамляў, што Масква канчаткова разлічвае на добраахвотны сыход Лукашэнкі. Нібыта падчас перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы (сустрэча, нагадаем, адбылася 22 жніўня) меліся абмяркоўваць гарантыі бяспекі кіраўніка Беларусі і ягонай сям’і «пасля абрання новага прэзідэнта».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуціна падчас сустрэчы ў Сочы. Фота kremlin.ru

Напрыканцы жніўня расейскі таблоід «Версия» распавёў, што Масква збіраецца паставіць крыж на далейшай палітычнай кар’еры Лукашэнкі і не будзе падтрымліваць ягонае пераабранне на будучых выбарах.

У верасні да развіцця гэтай думкі далучыўся палітычны аглядальнік «Коммерсантъ FM» Дзмітрый Дрызе. Артыкул так і называўся: «Масква стамілася ад Лукашэнкі». «Магчыма, яму пастаўлены жорсткі ўльтыматум. І, мяркуючы па ўсім, Расеі не вельмі падабаецца фармат перадачы ўлады ў спадчыну – спачатку старэйшаму сыну Віктару, а потым малодшаму Коле», – напісаў ён.

2. Анексія

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму. Фота wikipedia.org

Тэма магчымай анексіі Беларусі стала ўсё часцей з’яўляцца ў расейскіх СМІ. У ліпені EADaily апублікаваў артыкул пра карысць уваходжання Беларусі ў Расею.

У жніўні рэсурс «Русский монитор» напісаў, што Крэмль ужо рыхтуе аншлюс Беларусі. Аўтар выдання Віктар Ларыёнаў звярнуў увагу на тое, што калі аншлюс прэзентаваць як стварэнне новай дзяржавы з новай канстытуцыяў, то гэта дазволіць Пуціну зноў пераабірацца ў прэзідэнты, нягледзячы на ліміт прэзідэнцкіх тэрмінаў. Прычым, на думку аўтара, у Крамля проста няма альтэрнатываў. «Аншлюс Беларусі непазбежны», – рэзюмаваў Ларыёнаў.

«Незыгарь» у апошнія дні жніўня распавёў, што пасля далучэння Беларусі да Расеі новае дзяржаўнае ўтварэнне нібыта атрымае назву СССР – Саюз суверэнных славянскіх рэспублікаў.

Пераважна думку пра анексію прасоўваюць або пракрамлёўскія тэлеграм-каналы або адкрыта шавіністычныя СМІ, але ў ліку адной з фантастычных версіяў пра гэта пісаў і «Коммерсант».

Сайт «Росбалт» выказвае меркаванне, што прызначэнне амбасадарам РФ Міхаіла Бабіча сведчыць пра тое, што Масква ўзяла курс на паглынанне Беларусі. Паводле выдання, «Крэмль з Украінай не скончыў» і збіраецца штосьці рабіць на гэтым напрамку, «але гэта «штосьці» немагчыма без Беларусі і яе разнастайных актываў».

Расейскі ліберальны публіцыст Юлія Латыніна на старонках «Новой газеты» агучыла сваю версію: ужо ў наступным годзе Пуцін вырашыць дабіцца анексіі Беларусі праз газавую блакаду.

3. Інсульт Лукашэнкі

Самы рэзанансны «ўкід» па беларускай тэматыцы датычыўся, безумоўна, стану здароўя Лукашэнка. У ноч на 30 ліпеня расейскі тэлеграм-канал «Незыгарь» паведаміў, што ў Лукашэнкі здарыўся ішэмічны інсульт. Менавіта праз гэта нібыта быў адменены візіт прэзідэнта ў Гомель, да якога абласны цэнтр узмоцнена рыхтаваўся.

Пазней прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант афіцыйна зняпраўдзіла чуткі пра хваробу, назваўшы гэтыя паведамленні «поўным трызненнем». Яшчэ праз пару дзён над гэтай «качкай» пажартаваў і асабіста Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня падчас праоўнага візіту ў Менскі раён. Фота: president.gov.by

4-5. Русафобія і паварот на Захад

Тэмы русафобіі ў Беларусі і здрады Лукашэнкі інтарэсам Крамля ўпершыню з’явілася ў расейскай медыяпрасторы яшчэ ў 2015 годзе. Усе апошнія гады з гэтымі тэзісамі выступалі амаль выключна адкрыты шавіністычныя расейскія рэсурсы – «Регнум», «Лента.ру», EADaily ды іншыя. Аўтары падобных артыкулаў на сайце «Регнума» нават трапілі пад крымінальны пераслед праз гэта.

Часам, праўда, падобных закіды робяць і цэнтральныя СМІ – летась у лістападзе НТВ прысвяціў Беларусі перадачу «Место встречи», дзе раскрытыкаваў удзел Беларусі ў праграме Ўсходняга партнёрства і паляпшэнне адносінаў з Захадам, а Лукашэнка назвалі «гуляшчай жонкаю» ды «прастытуткаю».

Аднак гэта хутчэй выключэнне з правілаў. Пасля святкавання Дня Волі-2018 Russia Today нават пахваліла беларускія ўлады за разумную палітыку ў дачыненні той часткі апазіцыі, якая «не жадае паўтарэнне ў Менску кіеўскага майдана». Святочны канцэрт ля Опернага тэатру тады ацэньваўся станоўчы.

Між тым шавіністычныя рэсурсы час ад часу зноў вяртаюцца да тэмы «русафобіі» ў Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары