Галоўныя прычыны узяць удзел у перапісе насельніцтва


Перапіс насельніцтва пачнецца ўжо праз тыдзень, 4 кастрычніка, але не ўсе яшчэ да канца пастанавілі, ці хочуць яны распавесці пра сябе.

Намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Жанна Васілеўская распавяла, як удзел у зборы звестак можа паўплываць на жыццё асобна ўзятага чалавека.

Ствараюцца сацыяльныя праграмы

Калі стваралі праграму па падтрымцы сем’яў з трыма і болей дзеткамі [сямейны капітал, жытло для шматдзетных семʼяў. – Belsat.eu], за аснову бралі дадзеныя менавіта з перапісу насельніцтва. Тады больш за 60 % семʼяў мелі аднаго дзіцяці. Зараз мы бачым, што больш дзяцей, якія нараджаюцца другімі і трэцімі. Гэта адзін прыклад, але ён уласцівы ўсім праграмам. Можна будзе карэктаваць ці працягваць іх, альбо пачынаць новыя. Цяпер мы зможам пабачыць, наколькі мы змяніліся з апошняга перапісу, бо гэтай [цяперашняй. – Belsat.eu] інфармацыі ўжо 10 гадоў.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Пусціць дадатковы транспарт, часцей аднаўляць дарогі

Можна жыць у Жодзіна, Смілавічах ці Смалявічах, а ездзіць на працу ў Менск. Але гэта нагрузка – на дарогі і на транспарт. Падчас пробнага перапісу я падвозіла дзяўчыну з Чырвонага [вёска ў Маладзечанскім раёне. – Belsat.eu] у Менск. Яна казала, што кожны дзень ездзіць на працу ў сталіцу, а маршруткі ўсе перапоўненыя, таму дабіраецца аўтаспынам. Дарэчы, пасля пробнага перапісу ў Маладзечна пусцілі дадатковую электрычку. Бо мы пазначылі праблему мабільнасці. Калі бачна, што пэўныя дарогі больш запатрабаваныя, то мэтазгодна даглядаць іх першым чынам. Гэта ж датычыцца і новай інфраструктуры. Але трэба даведацца, адкуль і куды ездзяць жыхары.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Садочкі, басейны школы будаваць там, дзе жывуць людзі

Калі бацькі возяць дзетак з гарадоў-спадарожнікаў у менскія садочкі і школы, то варта развіваць інфраструктуру ў малых гарадах. Тое ж і са сталіцай. Вядома, што класы перапоўненыя, але трэба вызначыць дзе будаваць школы ў першую чаргу, на якой мове праводзіць навучанне. Напрыклад Новая Баравая пад Менскам: краму пабудавалі толькі пасля таго, як здалі другі квартал і пабачылі, які попыт у насельніцтва. Першым чынам пачалі будаваць дзіцячыя садкі, бо навасёлы заводзяць дзетак, а потым – школу. Ніводны бізнесовец не пачне справу, не адкрые сваё прадпрыемства без статыстыкі, колькасці працаздольнага насельніцтва, патрэбаў людзей у паслугах і г.д.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Дакладная інфармацыя вельмі важная

Часцяком пытаюць: а што, калі я нахлушу ў адказах ці не буду ўдзельнічаць у перапісу? Тады мы не будзем ведаць, дзе якія патрэбы ў насельніцтва. Ад гэтага залежыць развіццё не толькі канкрэтных раёнаў, але і краіны цалкам. Перапіс ладзіцца раз на 10 гадоў, так што дадзеныя паўплываюць не толькі на наша жыццё, але і на жыццё нашых дзяцей.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Патрэбныя агульныя звесткі, а не асабістыя дадзеныя

На запаўненне анкеты сям’я з 4-ох чалавек выдаткуе каля 10 хвілін. Вы можаце ўказаць свой ідэнтыфікацыйны нумар, каб аўтаматычна падцягнуліся ў анкету адказы пра пол, узрост, дату і месца нараджэння. Але для нас больш істотна тое, як вы ладзіце побыт, дзе маеце складанасці. Пасля запаўнення электронная анкета шыфруецца, дасылаецца на сервер, і ні перапісчык, ні мы не маем да яе дасягу. Да таго ж мы онлайн будзем сачыць за перапісчыкамі, а яны нясуць крымінальную адказнасць за разгалашэнне асабістых дадзеных рэспандэнтаў.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

Перапіс насельніцтва пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка. Прыняць удзел у перапісу можна і онлайн – праз сайты census.by і перепись.бел.

Марыя Грыц Belsat.eu

Hавiны
Святлана Алексіевіч: «Мая зямля – Беларусь. Мая родная мова – беларуская»
2019.05.28 19:00
Стужка навінаў