ТОП-5 петыцыяў, якія варта падпісаць беларусу


Вашая праблема закранае інтарэсы вялікай колькасці людзей? Пішыце петыцыю! Або пацікаўцеся, ці не напісаў яе нехта да вас. Belsat.eu сабраў топ-5 петыцыяў, вартых вашай увагі.

«Гэта не дакумент для службовага карыстання і нічога сакрэтнага ў ім няма»

Адкрывае наш топ петыцыя гомельскай урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel». Хлопцы просяць апублікаваць тэкставую частку гомельскага генплана, каб з ёй мог азнаёміцца любы жадаючы.

Генеральны план гораду – гэта не дакумент для службовага карыстання і нічога сакрэтнага ў ім няма.
Фота: petitions.by

«Жыхары абласнога цэнтра фактычна застаюцца ў невядомасці адносна тых зменаў, якія чакаюць іх горад паводле генплана. У выніку гэта спараджае шматлікія канфлікты і не садзейнічае дыялогу з уладай. На сайце гарвыканкама ёсць толькі мапа. Якія вуліцы чакае пашырэнне, якія дамы будуць зносіць і г.д. – гэтая інфармацыя недасяжная, – тлумачыць кіраўнік ініцыятывы «Smart Homel» Яўген Меркіс. – З гэтай прычыны мы і стварылі петыцыю за публікацыю ў вольным доступе асноўных палажэнняў і рэгламента генеральнага плана Гомля. Гэта не дакумент для службовага карыстання і нічога сакрэтнага ў ім няма. Падобны дакумент па генеральным плане Мінска даступны для азнаямлення анлайн».

Актывісты «Smart Homel» перакананыя, што іх петыцыя ў выніку перамогі дапаможа пазбегнуць шматлікіх непаразуменняў з кіраўніцтвам Гомля ў будучыні і дасць прыклад для іншых гарадоў Беларусі.

Hавiны
Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго і кажуць пра генплан
2017.06.11 07:02

«Мы не згодныя пахаваць праект закона супраць хатняга гвалту»

Супольнасць «Маршыруй, дзетка» запусціла петыцыю з патрабаваннем распрацоўкі заканадаўства аб супрацьдзеянні хатняму гвалту ў Беларусі. На стварэнне петыцыі аўтараў натхнілі словы Лукашэнкі, калі ён раскрытыкаваў канцэпцыю законапраекту супраць хатняга гвалту.

Акцыя ў падтрымку закону аб супрацьдзеянні ханяму гвалту.

«Такое заканадаўства існуе ў 127 краінах, – распавядае адна з аўтарак петыцыі Марына Корж. – Не хацелася б быць апошняй краінай, дзе з’явіцца такі закон. Мы адчуваем, што нашыя галасы не пачутыя. Мы не звярталі ўвагу на тое, што нейкая група збірала подпісы супраць закону, мы проста верылі ў «здаровы сэнс» і ў тое, што ўсе разумеюць, наколькі важна адчуваць сябе бяспечна ва ўласным доме. Таму мы хацелі б вярнуцца да абмяркавання праекту закона, мы не згодныя яго «пахаваць».

Супрацьстаяць хатняму гвалту ў Беларусі важна

 

Hавiны
У Беларусі збіраюць подпісы за закон супраць хатняга гвалту
2018.11.27 15:18

Паводле інфармацыі МУС, штомесяц паступае каля 30 тысяч паведамленняў пра хатні гвалт.

«Стварыць петыцыю прымусіла ўласная бяда»

Вользе 36 год. З іх 11 гадоў яна замужам. Пра дзіця яны з мужам задумаліся 6 год таму. Першыя гады не атрымлівалася. Пачаліся бясконцыя абследаванні, аналізы… У выніку пару адправілі на ЭКА. Было некалькі няўдалых спробаў.

«Я не разумею, чаму дзяржава кінула такіх як мы без дапамогі і падтрымкі. Адзін

курс ЭКА каштуе каля 3000 – 3500 долараў. Такіх спробаў можа спатрэбіцца 3 – 5. І вось якая сям’я можа сабе дазволіць такое? Чаму ўсе маюць права на бясплатнае лячэнне акрамя людзей, якім паказана ЭКА? А гэта ж здаровыя працаздольныя людзі, з даходу якіх штомесяц у бюджэт сплочваюцца падаткі», – кажа Вольга.

У Расеі і Украіне ёсць праграмы па бясплатным ЭКА, а таксама падатковыя льготы пры самастойнай аплаце лячэння. У Беларусі жанчына, якая трапіла ў праграму ЭКА, не можа нават бясплатна здаць аналізы. Ёсць ільготнае крэдытаванне ЭКА. Але калі спроба няўдалая, то крэдыт усё адно мусіш плаціць.

Вольга заўважае, што Міністэрства аховы здароўя некалькі разоў вылучала прапанову зрабіць працэдуру ЭКА бясплатнай. Прапанова трапляла ва ўрад, але там на яе забываліся. Таму і была створана гэтая петыцыя.

«Гэтую петыцыю мусіў пісаць не я»

Уладзіслаў Чаховіч даўно быў абураны тым, што ў кінатэатрах няма дубляжу прэм’ерных фільмаў на беларускую мову.

На думку аўтараў петыцыі, перакладаць на беларускую мову варта папулярныя сучасныя фільмы.
Фота: petitions.by

«Гэтую петыцыю мусіў пісаць не я. Я доўга чакаў, калі хто-небудзь з «ініцыятыўных людзей», блізкіх да гэтай дзейнасці. А потым я сустрэў на «Нашай Ніве» артыкул пра развіццё рынку кінадубляжу ў суседзяў. Тэкст гэтага артыкула і быў пакладзены ў аснову петыцыі», – кажа Уладзіслаў Чаховіч.

Па меркаваннях аўтара петыцыі, калі перакладаць на беларускую мову папулярныя кіна-стужкі (якія і ў расейскай агучцы збіраюць велізарную касу), то гэта дапаможа падвысіць папулярнасць беларускай мовы, вывесці яе ў шырокі ўжытак. Аналагічным чынам, на думку Уладзіслава Чаховіча, беларуская мова можа прыйскі і ў кнігі, і ў кампʼютарныя гульні.

Hавiны
Вядоўца «Белсату» пераклаў на беларускую мову раман, дзеянне якога адбываецца ў Менску 100 год таму
2018.03.03 21:57

«Шабунеўскі – архітэктар нумар адзін у Гомлі. Але ягонае імя ніяк не ўшанавана»

Даследчык працаў архітэктара Станіслава Шабунеўскага Сяргей Ляпін кажа, што стварэнне петыцыі з прапановай назваць адну з гомельскіх вуліц ў гонар слыннага архітэктара было рацыянальным рашэннем.

Шабунеўскі прыклаў шмат намаганняў, каб зрабіць Гомель больш сучасным і зручным.
Фота: zvarot.by

«У гэтым годзе мы адзначылі 150-годдзе Станіслава Шабунеўскага. І ня гледзячы на тое, што чалавек гэты – архітэктар нумар адзін гораду Гомля – яго імя ніяк не ўшанавана: ні ў фармаце вуліцы, ні ў фармаце помніка. Таму мы палічылі гэта неабходнасцю і запусцілі петыцыю», – кажа Сяргей Ляпін.

Да Шабунеўскага прыкладаў сучаснай архітэктуры ў Гомлі амаль не было. Менавіта ён узбагаціў горад прэзентабільнымі эклектычнымі будынкамі, спраектаваў шэраг эфектных будынкаў у стылі мадэрн.

Варта адзначыць, што днямі актывісты атрымалі файную навіну – петыцыя ўжо часткова маё плён: кіраўніцтва горада агучыла ідэю надаць Станіславу Шабунеўскаму статус ганаровага грамадзяніна Гомля.

Hавiны
Прыбіральня за мільён долараў?! Дайце дзве! У Гомлі пабудуюць другую падземную прыбіральню на набярэжнай Сажа
2018.11.12 10:42

Ганна Вашчанка, Belsat.eu

Стужка навінаў