Топ-5 наступстваў для здароўя ад змянення клімату


Тэма глабальнага пацяплення ў беларускіх медыях гучыць не так часта, як у краінах Заходняй Еўропы. Тым не меней, змены клімату ўплываюць на ўсіх людзей нашай планеты, гэтак сцвярджаюць аўтары даследавання пра здароўе і змяненне клімату, якое сёння апублікаваў міжнародны медычны часопіс «The Lancet». Выданне з 2016 года даследуе ўплыў глабальнага пацяплення на здароўе чалавека. Сёння навукоўцы прэзентавалі новую справаздачу ў Берліне. Belsat.eu сабраў асноўныя высновы з дакладу, над якім працавалі больш за 100 міжнародных экспертаў – лекараў, эколагаў і эканамістаў.

«Глабальнае пацяпленне – гэта перш за ўсё анамальна спякотныя хвалі. І яны могуць уплываць на ўсіх людзей. Якім чынам? Як мінімум мы горш спім і горш працуем», – кажа лекарка і даследчыца клімату Забінэ Габрыш.

Ілюстрацыйны здымак. Фота https://pixabay.com

Дзіцячыя захворванні

Паводле экспертаў, дзеці найболей пакутуюць ад зменаў клімату. З прычыны экстрэмальна высокіх тэмператураў сярод дзяцей значна павялічваецца рызыка захворванняў нырак і рэспіратарных хваробаў.

Ліхаманкі

Навукоўцы сцвярджаюць, што вырасла колькасць дзён на год, прыдатных для распаўсюду ліхаманкі дэнге, малярыі, халеры. Таксама павялічваецца і плошча, прыдатная для размнажэння гэтых інфекцыяў. Гэтак, за апошнія 8 гадоў яна пашырылася на 8 %.

Ілюстрацыйны здымак. Фота https://pixabay.com

Смяротнасць ад ліхаманак

Распаўсюд самой ліхаманкі дэнге навукоўцы звязваюць са змяненнем клімату, адпаведна смерці ад яе – таксама наступства глабальнага пацяплення. Колькасць смерцяў ад гэтае хваробы таксама павялічваецца.Сустракаецца ліхаманка ў асноўным Паўднёва-Усходняй Азіі. У Бангладэшы толькі за першыя 6 месяцаў 2019-га было зарэгістравана 43 тысячы пацыентаў, што ў 4 разы болей, чым за ўвесь мінулы год.

Ілюстрацыйны здымак. Фота https://pixabay.com

Анамальная спякота

Штогод павялічваецца колькасць людзей, якія пацярпелі ад высокіх тэмператураў. Найбольш гэта закранула людзей сталага ўзросту: да прыкладу, летась у Японіі амаль кожны чалавек ва ўзросце пасля 65 гадоў адчуў на сабе наступствы анамальна высокіх тэмператураў.

Прадукцыйнасць працы

Праз анамальныя тэмпературы працягвае пагаршацца прадукцыйнасць працы. Летась з прычыны спякоты згубілі 133 більёны працоўных гадзінаў па ўсім свеце. (У 2008 менш за 120 більёнаў). Цярпяць ад гэтага ў асноўным працаўнікі сельскай гаспадаркі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота https://pixabay.com

Высновы дакладу несуцяшальныя: дзіця, якое нарадзілася сёлета, будзе жыць у свеце, які на 4 градусы цяплейшы за даіндустрыйны перыяд. Але і для цяперашніх пакаленняў даследаванне не выклікае аптымізму: засухі, лясныя пажары, навадненні. Прыродныя анамаліі не могуць не ўплываць на здароўе людзей.

НР belsat.eu

Стужка навінаў