ТОП-5 гучных крымінальных справаў у беларускім бізнесе


Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын на адкрыцці «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» ў Менску паабяцаў у бліжэйшы час адмяніць указ №488 пра барацьбу з ілжэпрадпрымальніцтвам, ужыванне якога загубіла не адзін бізнес, і ўвогуле анансаваў дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў, каб у адносінах да бізнесу ўжываць эканамічныя метады прымусу, а не сілавыя.

Паводле Турчына, сурʼёзны прадпрымальнік нікуды не ўцячэ ад свайго заводу або долі на рынку. Але пакуль улады толькі абяцаюць лібералізаваць датычныя бізнесу законы, у Беларусі працягваюць пераследаваць прыватны сектар. Belsat.eu сабраў для вас самыя буйныя крымінальныя справы апошніх гадоў, якія закранулі беларускі бізнес.

Самая гучная справа

Самай гучнай падзеяй, безумоўна, стала справа сузаснавальніка групы кампаніяў «Сармат» Аляксандра Кныровіча. Яго затрымалі яшчэ 25 студзеня 2017 года, абвінаваціўшы ў тым, што з 2014 года прадстаўнікі ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» праз змовы і подкуп супрацоўнікаў прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацыяў энергетыкі ды брокераў забяспечвалі правядзенне заказных біржавых таргоў для рэалізацыі тэрмаізаляваных трубаў. Паводле КДБ, сумы хабараў закладваліся ў сабекошт прадукцыі, што павялічвала камунальныя тарыфы для насельніцтва.

Спецслужбы распавялі пра выкарыстанне кампаніяй фонду размеркавання хабараў на аплату паслуг службовых асоб. Атрыманыя грошы, сцвярджаюць у КДБ, кампанія Кныровіча выводзіла на рахункі зарэгістраваных за мяжой фірмаў. Усяго ў межах аперацыі было затрымана 11 чалавек – як супрацоўнікаў «СарматТэрма-Інжынірынг», так і службовых асобаў ЖКГ.

Аляксандр Кныровіч

Сітуацыю каментаваў нават Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што на Кныровічы, які раней даволі рэзка выказваўся адносна палітыкі беларускіх уладаў, «кляйма няма дзе ставіць» і што «злодзей павінен сядзець у турме».

Суд Фрунзенскага раёну Менску 4 ліпеня 2018 года пакараў бізнесоўца 6 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым у дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Намеснік дырэктара па эканоміцы ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Ігар Максімаў атрымаў 4 гады з канфіскацыяй, галоўны эканаміст кампаніі Андрэй Кускоў – 3 гады, намеснік дырэктара па продажам Яўген Папоўскі – 4 гады. Таксама іх абавязалі пагасіць 2,765 мільёнаў рублёў шкоды дзяржаве і мыту ў 138 тысяч рублёў. У судзе Максімаў і Кускоў прызналі віну цалкам, Кныровіч і Папоўскі – часткова.
16 кастрычніка Менскі гарадскі суд па выніках апеляцыі знізіў Аляксандру Кныровічу тэрмін зняволення да 5 гадоў. Пры гэтым адвакат Кныровіча патрабаваў адмены прысуду, бо за дачу хабараў пакаранне сталася больш, чым за атрыманне хабараў.

Самая шчаслівая развязка?

Самай шчаслівай справай гэтага году, прынамсі адносна шмат іншых, можна лічыць нечаканы выхад з-за кратаў напачатку красавіка старшыні савету дырэктараў групы кампаніяў «Fenox Global Group» Віталія Арбузава.

Бізнесоўца, кампаніі якога займаюцца вытворчасцю тармазных мастоў для «Audi», «Volkswagen» ды «Fiat», затрымалі яшчэ ў красавіку 2017 года. Яго падазравалі ва ўхіленні з 2010 года ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерным атрыманні з бюджэту ПДВ. Нібыта падкантрольныя Арбузаву прадпрыемствы завышалі ў разы кошт імпартаванай прадукцыі, што дазваляла ім павялічваць выдаткі і памяншаць падатковую базу. А рэалізоўваючы ў Беларусі, Расеі, Украіне прадукцыю за наяўны разлік, падкантрольныя бізнесоўцу прадпрыемствы афармлялі дакументы на экспарт тавараў па заніжаным кошце, каб не толькі зніжаць выручку, але і вяртаць з бюджэту ПДВ.
І вось праз год зняволення яго нечакана выпусцілі, змяніўшы меру стрымання на асабістае паручыцельства.

«Чалавек пасядзеў, падумаў, лічыць, што, можа, ён сапраўды нешта не так зрабіў у свой час, пачаў рабіць захады, каб пагасіць шкоду. Мы распрацавалі разам з ім графік пагашэння стратаў – і ўсё», – патлумачыў прычыны вызвалення кіраўнік СК Іван Наскевіч.

Услед за Віталем Арбузавым у чэрвені на волю выйшаў намеснік гендырэктара «Fenox Global Group» Яўген Жылінскі. Справу можна было б назваць цалкам шчаслівай, але за кратамі дагэтуль сядзіць менеджар у аддзеле закупак кампаніі «Fenox Global Group» Андрэй Мішалутаў. Яго затрымалі ў студзені 2018 года, абвінаваціўшы ў пасобніцтве Арбузаву ў адхіленні ад аплаты падаткаў. Ён адзіны з кампаніі, хто дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Самая «нездаровая» справа

Увогуле самай гучнай карупцыйнай справай года можна лічыць «справу медыкаў», па якой за краты патрапілі дзясяткі чалавек, уключаючы і намесніка міністра аховы здароўя. Не абышлося ў ёй і без затрымання бізнесоўцаў.

Так, у другой палове жніўня быў затрыманы Леанід Томчын – старшыня рады дырэктараў найбуйнейшай прыватнай аптэчнай сеткі «Аптэка груп», у якую ўваходзіць 260 аптэк і больш за 200 гандлёвых аб’ектаў пад брэндамі «ADEL» і «Добрыя лекi», два медцэнтры, ІТ-служба, падраздзяленне па кантрактнай вытворчасці лекаў і аптовая кампанія «ВітФармМаркет».

Леанід Томчын каля стойкі з мікрафонам. Фота tut.by

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, бізнесоўцу затрымалі па падазрэнні ў дачы хабару. Праўда, праз месяц ён ужо быў на волі і даваў інтэрв’ю СМІ, хоць змест абвінавачанняў каментаваць і адмовіўся.

Таксама затрымалі па падазрэнню ў дачы хабары чыноўнікам Мінаховы здароўя дырэктара кампаніі «Искамед» Сяргея Шакуціна. Гэта малодшы брат Аляксандра Шакуціна – старшыні савету дырэктараў «Амкадор-кіруючая кампанія холдынгу», блізкага да кіраўніка дзяржавы алігарха і сенатара.

Сяргей Шакуцін падчас адкрыцця аптэкі “Іскамед” у Слуцку. Фота – Інфа-Кур’ер, Вікторыя Капская

Дарэчы, у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі па версіі «Ежедневника» Леанід Томчын займае 33 месца, Сяргей Шакуцін – 113-е.

Самая замежная з беларускіх спраў

Але не адных беларусаў затрымлівалі ў гэтым годзе. Гэтак, у ліпені стала вядома пра затрыманне генеральнага дырэктара расейска-беларускага прадпрыемства «Брансксельмаш», грамадзяніна Беларусі Валерыя Сулеева, які прыехаў на нараду ў «Гамсельмаш».
Яго затрымалі па падазрэнні ў дачы хабару ў памеры 1 мільёна расейскіх рублёў (амаль 15 тысяч даляраў) намесніку дырэктара і былому начальніку аддзелу ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей». «Абвінавачаныя даюць прызнальныя паказанні. У зробленым раскайваюцца», – заявілі тады ў СК.

Валерый Сулееў. Фота – http://gorodbryansk.info

Між тым сёлета завершылася расследаванне справы старшыні кіравання ўкраінскага «Заводу абцяжарвальнікаў», грамадзяніна Украіны Аляксандра Скібы, які ў лістападзе 2017 года прыбыў у Менск на перамовы з МТЗ, але быў затрыманы. У КДБ заявілі, што яго зняволілі падчас дачы хабару галоўнаму металургу Менскага трактарнага заводу Андрэю Карасю. Таксама яго абвінавацілі ў дачы хабару начальніку ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння МТЗ. Агульная сума хабару ацэньваецца ў 24 тысячы даляраў.
Сёлета стала вядома, што Аляксандр Скіба быў вызвалены пад заклад. Супраць яго распачатая справа паводле ч. 2 арт. 431 (дача хабару). Памер закладу не агучваецца.

Самая загадкавая справа

На такую характарыстыку прэтэндуе затрыманне бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча, 98-га нумара з топ-200 беларускіх прадпрымальнікаў па версіі «Ежедневника». Ён з’яўляецца саўладальнікам групы кампаніяў «IB», якая пабудавала шэраг бізнес-цэнтраў і жылых дамоў у Менску. Прадпрымальнік таксама займаўся гандлем нафтапрадуктамі і мае долю ў асфальтабетонным заводзе.

Але стаў ён вядомы актыўнай абаронай рэстарацыі «Паедзем паядзім» каля Курапатаў, апраўданнем з гэтай нагоды сталінскіх рэпрэсіяў і прайграным судом з газетай «Новы час». Таксама Аркадзь Ізраілевіч паспеў праславіцца тым, што яго аўтамабіль класу люкс быў прыпаркаваны на месцы для інвалідаў, з-за чаго ён ці нехта з яго прадстаўнікоў зноў увязаўся ў сварку.

Аркадзь Ізраілевіч. Фота Facebook.com

Неўзабаве пасля апошняга скандалу яго і затрымалі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманне адбылося 30 кастрычніка за хабар пры спробе набыць дазвол на зямлю пад будаўніцтва. Ананімная крыніца паведаміла СМІ, што Ізраілевіча «мурыжат».

Да суботы, 11 лістапада, афіцыйнай інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца Ізраілевіч, няма. Ні Следчы камітэт, ні КДБ не пацвердзілі датычнасці да затрымання. Але знаёмыя сям’і заяўляюць, што ў жонкі бізнесмена прынялі перадачу ў СІЗА Камітэту дзяржбяспекі, таксама вядомым як «амерыканка».

У суботу, 11 лістапада 2018 года Аркадзя Ізраілевіча вызвалілі. Пра гэты паведаміла «Радыё Свабода» жонка бізнесоўцы. Ад каментароў Ізраілевіч адмовіўся, але вядома, што абвінавачванне яму не выставілі.

 

МГ

Глядзі таксама
Каментары