ТОП-3 падарункаў на Новы год. Аб чым мараць беларусы?


Карэспандэнты Belsat.eu апыталі каля 30 людзей рознага ўзросту, аб чым яны мараць. І на падставе адказаў зрабілі своеасаблівы рэйтынг самых пажаданых падарункаў на Новы год. Безумоўна, мы не прэтэндуем на статыстычнае даследаванне. Але, калі вы яшчэ не вырашылі, што падарыць родным і блізкім людзям, то запісвайце.

Пра што мараць жанчыны: Паездка на канцэрт, духі і кнігу

Большасць жанчын казалі, што мараць пра касметыку, духі ды кнігі. Напрыклад, студэнтка медыцынскага каледжа Аліна замовіла ў Каляднага Дзеда кніжку па медыцыне, кветкі і касметыку.

«Ведаю, што атрымаю ў падарунак духі «Molecule 02», навушнікі Apple AirPods, сумку – модную і якасную. А яшчэ сертыфікаты ў касметычныя салоны», – называе канкрэтныя і зусім не танныя падарункі дызайнер Крысціна.

Падарнкі на розны густ

Жыхарка Віцебску Алена кажа, што ўсе падарункі атрымала на Раство: шыкоўны камплект пасцельнай бялізны залацістага колеру, парфуму, касметычныя сродкі для скуры і гадзіннік.

«Чакаю, што сябар мне падорыць паездку ў Маскву на канцэрт майго любімага спевака», – кажа 20-гадовая Дарына.

Жанчыны-пенсіянеркі, якіх мы апыталі, маюць жаданні па больш практычных падарунках. Напрыклад, Таццяна марыць пра новы тэлефон.

Таццяна марыць пра новы тэлефон і пачуць словы «Я сыходжу» па тэлебачанні

«Яшчэ мару ў навагодняй прамове па тэлебачанні пачуць словы «Я сыходжу», – дадае Таццяна. А пенсіянерка Лідзія кажа, што ўжо атрымала падарунак на Раство – грошы, каб набыць пуцёўку на мора.

Пра што мараць мужчыны: Прадаць бізнес, набыць фінскі карабін і атрымаць ганарар

Бізнесовец Аляксандр у свае 35 год марыць пра тое, каб прадаць свой уласны бізнес. Праўда, які менавіта бізнес, ён не ўдакладніў. А вось мэта канкрэтная – паехаць адпачыць на мора.

Таксама пра адпачынак, але крыху іншы, загадаў у Каляднага Дзеда 62-гадовы Іван:

«Карабін, лепш фінскі. І – на паляванне».

Праваабаронца Павал Левінаў хоча, каб Калядны Дзед дапамог Беларусі адстаяць сваю незалежнасць.

Павал Левінаў просіць у Каляднага Дзеда, каб Беларусь адстаяла сваю незалежнасць

«Самае галоўнае, каб быў спакой і не было вайны. Каб былі здаровымі дзеці і падрасталі ўнукі, каб самому не хварэць», – кажа пісьменнік Канстанцін. Яшчэ ён марыць атрымаць ганарар за кнігу, якая была выдадзеная ажно ў 2010-м годзе!

Канстанцін кажа, што самае галоўнае – каб быў спакой і не было вайны

Пра што мараць дзеці: чыпсы, кніжку на ангельскай мове і гіраскутар

Алена, якой споўнілася 11 год, кажа, што лепшы падарунак – гэта чыпсы «і паболей!». Хутчэй за ўсё, шкодную ежу дзяўчыне не набываюць часта.

Іосіф у свае 16-ць загадаў у Каляднага Дзеда цукеркі і кнігі:

«Можна фантастыку, можна на ангельскай мове».

Данька, якога мы сустрэлі разам з ягонай матуляй, яшчэ не выгаворвае добра ўсе гукі. Але жаданняў – на цэлы мех!

«Я ўжо атрымаў машынку на пульце кіравання, знайшоў пад ялінкай. Яшчэ хачу «гіваскуцеў». Данькіна матуля падказвае, што ён кажа пра гіраскутар. Вось толькі атрымае ён яго, хутчэй за ўсё, калі навучыцца правільна вымаўляць гэтае слова.

Данік хоча столькі падарункаў, што Каляднаму Дзеду прыйдзецца браць вялікі мех

P.S. «Карнавалу не будзе». Чаму некаторыя людзі нічога не чакаюць на святы?

Маленькі Мікіта, якому споўнілася 8 год, не чакае падарункаў, бо ўсе іх ужо атрымаў – а менавіта, канькі і крутую машынку на пульце кіравання.

Пенсіянерка Ірына з Віцебску не чакае падарункаў, бо «ужо выйшла з таго ўзросту».

«А каб здарыўся цуд, то была бы вельмі рада паехаць адпачыць на мора», – дадае яна.

Лепшы падарунак – цукеркі?

Марку 21 год і ён таксама не чакае ніякіх падарункаў. «Лепш не чакаць, каб потым не засмучацца, калі нічога не атрымаеш». Пры гэтым сам хлопец ужо падарыў малодшаму брату і пляменніку канькі, а маці – грошы. Дарэчы, як паказала нашая апытанка, грошы і канькі – самыя папулярныя падарункі на Новы год.

А вы, даражэнькія, што папросіце ў Каляднага Дзеда пакласці пад ялінку? Пакідайце свае пажаданні ў каментарах.

Добры падарунак на Новы Год трэба яшчэ пашукаць

Крысціна Авакумава/Belsat.eu

 

Стужка навінаў