Топ-10 найпрыгажэйшых палацаў Беларусі, пра якія вы можаце не ведаць


Калі размова заходзіць пра архітэктурную спадчыну Беларусі, «краіну замкаў і палацаў», звычайна прыгадваюць Мірскі, Лідскі, Наваградскі, Гарадзенскі замак, Палац у Нясвіжы, Ружанах, Косава, Гомлі. Але ў Беларусі захавалася яшчэ шмат палацаў: некаторыя з іх пасля рэстаўрацыі прыстасаваныя пад ЗАГС ці музей, іншыя ж развальваюцца і выстаўляюцца на аўкцыёнах. Мы склалі рэйтынг найпрыгажэйшых палацаў Беларусі, якія яшчэ не так раскручаныя як Мірскі замак ці Нясвіжскі палац, каб кожны мог акунуцца ў чароўную атмасферу беларускай гісторыі і культуры.

1. Палац Валовічаў

Палац пабудаваны ў 1779 годзе ў в. Свяцк Гарадзенскай вобласці паводле праекту італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака. Па легендзе, Валовіч загадаў замураваць жыўцом у адну з калон палаца на другім паверсе цяжарную дачку за тое, што закахалася ў конюха. Да 2000 г. у будынку палаца размяшчаўся санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты.

2. Палац Умястоўскіх

Будаваўся 72 гады, з 1805 г. да 1877 г. у в. Жамыслаўль. Быў запланаваны як копія каралеўскай рэзідэнцыі «Лазенкі» у Варшаве. Некалькі год таму палац набыў бізнесовец з Ірландыі.

3. Палац Святаполк-Чацвярцінскіх

Знаходзіцца ў г.п. Жалудок Шчучынскага раёну. Палац пабудаваў у 1908 годзе архітэктар Марконі на замову князя Уладзіміра Чацвярцінскага – прадстаўніка роду, які бярэ пачатак ад Рурыка. Менавіта тут здымалася стужкі «Масакра» – першы беларускі хорар, «Кіндэрвілейскі прывід», а таксама шэраг іншых фільмаў і кліпаў. Цяпер палац належыць расейскай сям’і.

4. Палац Нямцэвічаў

Збудаваны ў 1758-1777 гадах у в. Скокі. Напярэдадні падпісання Берасцейскай мірнай дамовы ў палацы вяліся перамовы дэлегацый Савецкай Расеі і Нямеччыны.

5. Палац Храптовічаў

Палац будаваўся ў 1770-1776 гг. па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака ў в. Шчорсы. Менавіта ў гэтым палацы размяшчалася славутая бібліятэка Храптовічаў, якая налічвала каля 15 000 тамоў, і дзе працавалі Чачот, Пачобут-Адляніцкі, Лялевель, Міцкевіч.

6. Палац Козелаў-Паклеўскіх

Палац у Красным Беразе быў пабудаваны ў 1890-1893 гадах па замове Козелаў-Паклеўскіх – роду прадпрымальнікаў, вінагандляроў, горна- і золатапрамыслоўцаў.

7. Палац Войніч-Сянажэцкіх

Знаходзіцца ў в. Хальчы, паўстаў на пачатку XX ст. Першы паверх цагляны, другі – драўляны. А ад палаца пад зямлёй да рэчкі вядзе падземны калідор. За савецкімі часамі палац быў працоўнай калоніяй НКВД, турмой для жанчын з дзецьмі, а таксама клубам, канторай мясцовага калгасу.

8. Палац Чапскіх

Пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя недалёка ад Менску ў в. Прылукі – адной з рэзідэнцый графа Эмерыка Захарьяша Мікалая Севярына фон Гутэн-Чапскага. Тут у 1926 годзе адбываліся здымкі стужкі «Лясная быль».

9. Палац Бутрымовічаў

Пінскі палац Бутрымовічаў пабудаваны 1784-1890 гадах архітэктарам Шыльдхаўзам для мясцовага старосты. Некаторы час тут жыў і працаваў Напалеон Орда – унук заснавальніка палаца. Палац ператвораны ў гарадскі ЗАГС і філіял Музею беларускага Палесся.

10. Палац Сцыпіёнаў

Быў пабудаваны ў Шчучыне на замову князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага, які служыў амбасадарам у Парыжы. Зʼяўляецца двайніком палацу Малы Трыянон, рэзідэнцыі французскіх каралёў.

КС, belsat.eu

Фота wikipedia.org

Глядзі таксама
Каментары