Топ-10 камедыяў, якія вы маглі прапусціць у мінулым годзе


Мы сабралі для вас файныя, светлыя і часам незвычайныя фільмы пра дабро ды жыццёвыя каштоўнасці, з якімі можна добра бавіць час у святы і выходныя.

1. Неверагоднае падарожжа Факіра (The extraordinary journey of the Fakir)

2018, Францыя, ЗША, Бельгія, Сінгапур, Індыя

Скрыншот фільму «Неверагоднае падарожжа факіра»

Спачатку сумняешся, ці варта глядзець фільм канадскага рэжысёра Кена Скота. Але гэта не тое індыйскае кіно, якое расцягваюць па сацсетках на кіналяпы і фантастычныя эфекты. Пачаўшы глядзець, ужо цяжка адарвацца. Гэта вельмі незвычайны, чароўны фільм. Добрая гісторыя, якая паўтары гадзіны трымае ў напружанні нечаканымі паваротамі сюжэту. Месцамі гэта казка, месцамі – сум, а дзесьці – і класны гумар. Спойлер: усе скончыцца добра і ваш настрой, безумоўна, уздымецца.

2. Квач (Tag)

2018, ЗША

Скрыншот фільму «Квач»

Раней амерыканскі рэжысёр Джэф Томсіч займаўся серыяламі, а тут узяў і збудаваў вар’яцкую камедыю. Дарослыя хлопцы часам паводзяць сябе як дзеці, а часам нават як псіхі. Але пакуль яны гуляюць, яны трымаюцца традыцыяў і жывуць. Варта паглядзець на гэта.

3. Смерць Сталіна (The Death of Stalin)

2017, Вялікабрытанія, Францыя, Бельгія, Канада

Скрыншот фільму «Смерць Сталіна»

Самы галоўны факт пра фільм: гэтую чорную камедыю забаранілі ў Расеі, а кінакрытыкі ЗША далі прэмію за лепшы сцэнар. Фільм сапраўды моцны і прымушае паглядзець на смерць савецкага правадыра з зусім незвычайнага боку. А таксама ўсвядоміць, што дыктатар памірае раптоўна.

4. Пераварот (Coup dʼEtat)

2017, ЗША

Скрыншот фільму «Пераварот»

Вельмі спрэчная камедыя, якую слаба ацанілі крытыкі і мала зразумелі гледачы. Дыктатар адной з краін карыбскага басейна збягае ў ЗША і вучыць звычайную школьніцу, як зрабіць пераварот у асобна ўзятай школе. Але, вядома, потым сам трапляе ў турму.

5. Крыстафер Робін (Christopher Robin)

2018, ЗША

Скрыншот фільму «Крыстафер Робін»

Персанаж з дзіцячых казак раптоўна ўрываецца ў жыццё мужчыны, які зацягнуты ў вір працоўных праблемаў і дарослых клопатаў. І робіць усё, каб уратаваць яго, паказаўшы, што сапраўды важна ў жыцці. Фільм лепш глядзець з дзецьмі, не забыўшыся захапіць з сабою смачнюшкі.

6. Востраў сабак (Isle of Dogs)

2018, ЗША, Нямеччына

Скрыншот фільму «Востраў сабак»

Гэта не дзіцячы мультфільм. Хоць галоўны сэнс у ім – што дабро перамагае. Здзіўляе незвычайны сцэнар і рэалізацыя. Варта глядзець, калі вы страцілі веру ў дабро.

7. Ад сямʼі не ўцячэш (La chʼtite famille)

2018, Францыя

Скрыншот фільму «Ад сям’і не ўцячэш»

Абаяльны Дэні Бун вяртаецца на экраны са сваёй новай працы, дзе ён зʼяўляецца і рэжысёрам, і галоўным героем. Гэтым разам Бун у вясёлай французскай камедыі ператвараецца з інтэлігента ў сапраўднага гопніка. Выглядае гэта вельмі смешна!

8. Летні час (LʼOra Legale)

2017, Італія

Скрыншот фільму «Летні час»

Жыхары маленькага сіцылійскага мястэчка стаміліся ад карупцыі і бязмежжа ўлады і абралі сабе новага мэра. Але ён апынуўся занадта сумленным. Настолькі – што супраць яго паўсталі не толькі жыхары мястэчка але нават сваякі. У выніку атрымалася сапраўдная італьянская камедыя.

9. Я – Тэмпэста (Io sono Tempesta)

2018, Італія

Скрыншот фільму «Я Тэмпэста»

Яшчэ адна італьянская камедыя. Фільм распавядае пра тое, як як цынічнага мільярдэра злавілі на не сплачаных падатках. Каб не аказацца ў вязніцы, бізнесмен вымушаны адпрацоўваць у прытулку для бяздомнікаў. Глядзіце, што з гэтага атрымалася, і як змяніўся сам Тэмпэста.

10. Начныя гульні (Game Night)

2018, ЗША

Скрыншот фільму «Начныя гульні»

У гэтай амерыканскай камедыі блытаецца рэальнасць і гульня. Тут гульня ператвараецца ў небяспечную прыгоду. Гэтая ноч можа стаць самай запальнай у жыцці галоўных герояў, ці нават апошняй.

А якія фільмы ў 2018-м годзе спадабаліся вам? Якія з іх вы лічыце вартымі для прагляду? Пакідайце назвы ў каментарах.

АС/belsat.eu

Стужка навінаў