TonqiXod і Пукст стварылі песню, натхнёную казкай Андэрсэна (прэм’ера)


Аўтары найлепшых беларускіх рок-альбомаў двух апошніх год сышліся разам, каб запісаць песню «Марозная» для праекту «Новае пакаленне на Новы год».

Сяргей Пукст запісаў найлепшы рок-альбом 2013 году па версіі Experty.by, а TonqiXod узяў перамогу ў гэтай жа намінацыі ў наступным годзе. Раней музыкі нідзе не сутыкаліся, тым цікавей было пачуць іх у дуэце.

«Мы ўжо мелі пэўныя музычныя напрацоўкі, але ў закончаную песню ўсё склалася менавіта дзякуючы праекту, давялося папрацаваць. Перадусім – напісаць тэкст, які б, з аднаго боку, адпавядаў задуме навагодняга канцэрта, а з другога, быў бы для нас саміх прымальны, а ня нейкая прынагодная тэматычная прыпеўка, за якую потым будзе сорамна. Так што Уладзю са словамі давялося паваяваць», – распавядае клавішнік гурта Максім Субач.

Аўтар песні Ўладзь Лянкевіч кажа, што напісаў ажно тры варыянты тэксту, і толькі апошні яго задаволіў. «Песня натхнёная казкай Андэрсэна пра Снежную каралеву, падзеі якой адбываюцца ў сучасным горадзе. І ты ў ролі Кая, ты быў незадаволены наваколлем, магчыма, на некага крыўдаваў, і вось цябе забіраюць адсюль і спачатку гэта файна, як бы новая прыгода нейкая, але пасля блізкага рэальнага кантакту з гэтым «іншым» выяўляецца, што ўсё гэта не гульня і ты проста такі без курткі ноччу на марозе сярод нейкага пустыра стаіш і ня можаш паварушыцца», – зазначае вакаліст TonqiXod.

Для Сяргея Пукста дуэт з TonqiXod апынуўся цікавым досведам. «Адразу з першых хвілінаў працы між намі ўсталявалася пачуццё ўзаемнай непрыязнасці, якое да да канца першай рэпетыцыі перарасло ў лютую нянавісць, – кажа Сяргей. – Мы рагаталі як коні ўвесьчасна, падкладалі адзін аднаму петарды і наагул выдатна павесяліліся. Нейкім дзіўным чынам атрымаўся трэк». «З Сяргеем было проста і, галоўнае, весела, – пацвярджае Ўладзь Лянкевіч. – Давялося яго яго трохі памучыць, але здаецца, што вобраз падмарожанага хлопчыка яму вельмі пасуе».

Песня «Фаервэркамі» была запісаная для праекту «Новае пакаленне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець у ноч з 31 снежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». Пачатак эфіру ў 23.15 (па беларускім часе).

калі яна набліжаецца

стаяць скаваныя

не заводзяцца аўто

зледзянелыя птушкі падаюць

прабіваючы лабавое шкло

рассыпаюцца пырскамі

пад нагамі хрумсьцяць

пад коламі – пагатоў

мы з табою сьмяяліся

галасамі дзяцей

у дварах закончаных школ

не даляцеўшы да неба

сьмех застываў між галінаў

і правадоў

нават апошніх паверхаў

не дасягаў быццам холад

схапаў за хвост

а потым я дзеля жарту

па дурасьці прывязаў

да ейнага экіпажу

рукавы ўласнага паліто

і мяне пацягнула

ў невядомую поўнач

проста да самага ранку

на сьвятло поўні –

у сьнежным-сьнежным кірунку

і яна ўзяла мяне ў свае карункі

я абмарозіў рукі

аб вашае стаўленьне

ад марозу занямела шчака

але я не захутаўся падставіў другую

і толькі калі састыў амаль да нябожчыка

я зразумеў: гэта яна так цалуе

хацеў быў адмовіцца адгаварыцца

з абдоймаў вызваліцца

але замест слоў у галаве круцілася

толькі табліца

множаньня

бязглузды халодны хлопчык

скрадзены і пераможаны

я абмарозіў рукі

аб вашае стаўленьне

СБ/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў