«Толькі пра ўладу кепска не пішыце». Як «Белсат» у Менску ваду шукаў


25 чэрвеня. Каля будынку «Менскводаканалу» ўсё спакойна, рабочыя кладуць плітку. Побач – працаўніца арганізацыі дае каментар журналісту. Недалёка на прыпынку два мужчыны гучна размаўляюць, паміж імі стаіць пакунак з пітной вадой: «У крамах на маім раёне не набыць вады, вязу з цэнтру».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Усё пачалося ў сераду. Жыхары двух раёнаў Менску – Фрунзенскага і Маскоўскага – сталі адчуваць непрыемны пах ад вады з крану. Пах станавіўся мацней і мацней. Піць ды нават мыць рукі гэтай вадой стала немагчыма. У бліжэйшых крамах скончыліся бутэлькі з пітной вадой. Людзі пачалі арганізоўвацца праз чаты і запрашаць людзей у свае раёны: «Прыязджайце, нальем вады бясплатна». На вечар 25 чэрвеня афіцыйныя ўлады так і не адказалі, што не так з вадой і адкуль гэты пах? «Менсквадаканал» стаў развозіць цыстэрны з вадой. Belsat.eu вырашыў іх пашукаць ды паразмаўляць з тымі, хто набірае вялікі скарб – чыстую пітную ваду.

Аляксандр жыве на вуліцы Адаеўскага, па працы мужчына прыехаў на Пуліхава і набыў ваду для сям’і, бо ў крамах каля яго дому ўжо няма: «Мы 10 год ваду з пад крана не п’ем, толькі бутыляваную».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На сайце Менгарвыканкаму знаходзім мапу прывозу пітной вады. Бліжэйшая кропка – вул. Пушкіна, 38

Ля дому стаіць невялікая групка жыхароў, цыстэрны побач няма. Заўважаюць чалавека з камерай і пачынаюць дзяліцца:

«Вы журналіст? Напішыце, што адбываецца! На мапе напісана, што тут мусіць быць вада. Была цыстэрна толькі раніцай!», – эмацыйна рэагуе жанчына.

Іншая жанчына падхоплівае: «А я паднасіла свечку да вады – страляе. Я жыву ў 26-м доме».

«Я з 40-га, у мяне вада не пахне, але для дзіцяці вырашыла набраць», – кажа жанчына з белым бідонам у руках.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Накіроўваемся на наступную кропку. Па дарозе сустракаем Валянціну, якая адпачывае ля падземнага перахода, побач – чатыры пяцілітровыя бутлі з вадой:

«Учора мне пазваніла жанчына з царквы, куды я наведваюся і сказала: «Валя, ваду не пей, яна атручаная», а затым мая знаёмая, у якой хворыя ногі і папрасіла прынесці ёй вады. Я не магу ёй адмовіць. Вось з раніцы бегаю па крамах і шукаю».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Кропка: Прытыцкага, 54

Знайсці цыстэрну з вадой не можам, па дапамогу звяртаемся да працаўніка аднаго з кіёскаў. На яго працоўным месцы вісіць налепка ў падтрымку Бабарыкі:

«З шасці раніцы да дванаццаці цыстэрна была, вось там толькі паддон застаўся. Чарга стаяла вялікая. А калі вада скончылася – ён з’ехаў. Магчыма вернецца ўвечары»

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Кропка: Якубоўскага, 34

Стаіць вялікая шумная чарга з пустымі бутэлькамі ды вёдрамі.

«Нам так падабаецца! Стаім блізка, усе без масак, гутарым. Вада пахне як «Шанэль». Учора слухала тэлебачанне. Там мужчына завуалявана каментаваў сітуацыю з вадой, я нічога не зразумела. Сёння ў слоўнік залезла, апынулася ён пра аміяк казаў…», – жартуе апошняя ў чарзе жанчына.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Прачнулася, залезла ў Facebook і ўбачыла свой адрас, пабегла сюды. Цыстэрна стаяла, але а 9:30 скончылася вада і машына з’ехала. Я спытала, колькі чакаць. Мне адказалі, што мінімум дзве гадзіны. Але машына так і не вярнулася. Тут было шмат старых, людзей з дзецьмі і я напісала ў суполку дапамогі. Да нас сталі прыязджаць з дапамогай», – кажа Наста Захарэвіч.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Нечакана натоўп бяжыць на паркоўку, пачынаецца лёгкая цісканіна вакол легкавой машыны. Гэта валанцёркі прывезлі ваду.

Алена з сяброўкай пабачылі паведамленне ў чаце і паехалі дапамагаць. Фатаграфавацца дзяўчаты сціпла адмовіліся.

На развітанне дзве пенсіянеркі просяць не пісаць кепска пра ўладу.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Так і не дачакаўшыся цыстэрны з вадой, вырашылі наведаць артэзіянскую крыніцу.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Бліжэйшая знаходзіцца ў мікрараёне Сухарэва-3, на вуліцы Гарэцкага. Людзей тут шмат, большасць стаіць у чарзе, некаторыя занялі чаргу і каратаюць час на пледзе ў цяньку.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Мінакі адзначылі, што цяпер малая чарга. А вось ноччу і раніцай стаяла больш за 200 чалавек. Некаторыя прыходзілі а 4-ай раніцы і ўсё адно стаялі ў чарзе па ваду.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ля метро Каменная горка бачым яшчэ адну чаргу каля грузавіка з надпісам «Дарыда». Два мужчыны і дзяўчына хутка раздаюць па 2 бутэлькі прахалоднай вады на чалавека.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ірына Арахоўская, фота аўтаркі Belsat.eu

Стужка навінаў