Толькі пакладуць на талерку, а іх ужо няма. «Белсат» шукаў сакрэт масленічных бліноў


«Прыязджайце, пачастую ўсіх блінамі» – запрасіў журналістаў Аляксандр Цвірка – гаспадар аграсядзібы «Запаведны востраў», што на ўскрайку Галубіцкай пушчы, паміж двух азёраў.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Рабілі блінцы гэтым разам на свежым паветры, у адмысловых жалезных печках, якія зрабіў сам гаспадар аграсядзібы. Непадалёк на пагорку быў складзены касцёр – там і пачалося свята. Песні для гасцей спяваў фальклорны гурт «Варган» з Полацку.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

А ў нас сягоння масленіца, масленіца,

Прыляцела ластавіца, ластавіца,

Села-пала на калу, на калу,

Кінула масла па каму, па каму,

А хто хопіць – дык таму, дык таму

Будзе хораша ў даму, у даму.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Наступная частка свята – гушканне на арэлях. Па словах кіраўніка гурта «Варган» Вольгі Емяльянчык, гэта характэрная адметнасць паўночнабеларускай масленіцы.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

– Вядома, былі агульныя рысы гэтага свята для ўсёй Беларусі, – кажа Вольга Емельянчык. – Так, на Масленку абавязкова пяклі бліны, ездзілі адзін да аднаго ў госці, бацькі адведвалі сваіх дачок, якіх аддалі ў мінулым годзе замуж. Але ў нас, на Падзвінні, была і свая спецыфіка. Напрыклад, аб’язджалі маладых коней, а пасля ладзілі конныя спаборніцтвы, абавязкова каталіся з горак. Вось і мы марылі тут пакатацца, але, на жаль, у гэтым годзе снегу няма.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Падчас усяго свята можна было частавацца блінамі. Нас жа цікавіла: ці ёсць нейкі адмысловы рэцэпт масленічных бліноў?

– Не, яны кожны раз у нас розныя. Галоўнае, каб настрой быў добры, святочны. Я думаю, наша галоўная адметнасць – што мы пяклі блінцы на паветры і падавалі адразу з патэльні, гарачымі. Вось таму іх толькі пакладуць на талерку, а іх ужо няма.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Адмысловых кухараў на свяце не было, блінцы пяклі самі госці аграсядзібы.

– Я тут проста адпачываю, а мяне папрасілі спячы бліны, – кажа Ірына. – Нейкага адмысловага сакрэту я не ведаю – хіба яго і няма. Галоўнае, што зроблена на свежым паветры і з любоўю. Вось так і запішыце.

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Ці то ніхто не захацеў дзяліцца сакрэтамі смачных блінцоў, ці то і сапраўды галоўныя складнікі – гэта свежае паветра, любоў, ды добры настрой. І тады ўсё ў вас атрымаецца!

Фота: Зміцер Лупач/Belsat.eu

Зміцер Лупач, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў