«Толькі ідыёты п’юць!»


Вось што не стаіць доўга на складах, так гэта спіртныя напоі. Беларусы сталі піць менш, але надалей застаюцца ў дзясятцы лідараў у свеце па спажыванні алкаголю. Чаму дзяржава не можа перамагчы такую небяспечную хваробу ў нашай краіне? Ці можа для ўраду алкагольны бізнес значна даражэйшы, чымся здароўе нацыі?

Той выпадак, калі быць у лідарах гонару няма аніякага, наадварот – суцэльная ганьба. Паводле Усясветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь займае дзясятае месца ў свеце па ўзроўню спажывання алкаголю. Цікава, што яшчэ год таму мы былі абсалютнымі лідарамі. Але ці гэткі пазітыўны скачок назад – поспех дзяржаўнай антыалкагольнай кампаніі?

«Сённяшняя беларуская дзяржава, на жаль, праводзіць алкагольную кампанію: яна спойвае беларускі народ. Львіная доля дзяржаўнага бюджэту фармуецца за кошт «п’яных» грошай. А пасля гэтага некалькі адсоткаў бюджэту выдзяляецца на ахову здароўя або культуру», – гаворыць Павал Севярынец, адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

І сапраўды, алкагольны бізнес – адзін з найбольш прыбытковых сектараў айчыннай эканомікі. Штогод мы трапляем ува ўсясветныя лідары і паводле выдаткаў на выпіўку. Бо што ж гэта за стол сучаснага беларуса, калі без градуса?

«Толькі ідыёты п’юць! Не гаворачы ўжо нават пра тое, якая шкода. Шкода – нават 10 грамаў!», – гаворыць адзін з апытаных жыхароў Менску.

Між тым пакуль фінансы пяюць рамансы, народ п’е колькі ўлезе і на што хапае ў гаманцы. А таму паралельна з афіцыйнай у краіне дзейнічаюць і недзяржаўныя антыалкагольныя ініцыятывы. У прыватнасці, беларускія хрысціян-дэмакраты сабралі больш за 25 тысяч подпісаў пад патрабаваннем да ўладаў увесці абмежаванні па часе і месцы гандлю алкаголем.

«Паводле нашых прапановаў у «палатцы» будзе разглядацца забарона рэкламы гэтак званых «парасонавых» брэндаў, калі пад выглядам пітной вады «Бульбаш» ці «Сваяк» фактычна рэкламуецца гарэлка», – распавядае Павал Севярынец.

Акрамя чыноўнікаў апазіцыйныя актывісты працуюць і непасрэдна з ахвярамі «зялёнага змію» – разам з таварыствамі ананімных алкаголікаў ды парафіяльнымі ініцыятывамі. Ды плануюць на восень замест удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах новую буйную антыалкагольную кампанію. Каб замест чаркі ды скваркі ў нашай краіны прынамсі на даляглядзе з’явілася лепшая будучыня.

Валера Руселік, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў