«Тое, што робяць сілавікі, – гэта генацыд». Менчука абстралялі гумовымі кулямі за сто метраў ад дому

56-гадовы Эдуард Куфцерын трапіў пад абстрэл на вуліцы Прытыцкага. Даставаць кулю з рукі давялося з дапамогай медыкаў.

Мянчук выйшаў купіць цыгарэты і сустрэць сябра ў раёне станцыі метро «Спартыўная». Гэта быў вечар 11 жніўня. Што адбывалася далей – у аповедзе спадара Эдуарда:

Эдуард Куфцерын

«Я ішоў па вуліцы Жудро. Насустрач мне ішлі хлопцы, дзяўчаты – падлеткі. Яны таксама сядзелі там на горцы, на бардзюрах каля яе. Раптам пад’ехаў новенькі сіні мікрааўтобус, з яго выйшлі гэтыя оркі – інакш іх назваць не магу – і проста ў сваё задавальненне, смеючыся нават, пачалі страляць па дзецях. Гэтыя мікрааўтобусы з амапаўцамі ехалі ўздоўж дарогі, адкрываліся дзверы, баевікі выскоквалі, стралялі, потым вярталіся і ехалі далей.

Яны займаліся проста адстрэлам. Пад які і я трапіў. І не я адзін – там вельмі ажыўленае скрыжаванне, Жудро і Прытыцкага, шмат людзей. А амапаўцы стралялі ў бок прыпынку, туды, дзе людзі стаялі.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Яны расстрэльвалі людзей уздоўж усёй вуліцы – у раёне станцыяў метро «Спартыўная», «Пушкінская», «Каменная Горка». Па дварах таксама. Нікога не затрымлівалі, а проста стралялі. Па вокнах тых людзей, што крычалі. Гэты было нейкае пекла. Гэта было яшчэ не позна, не цёмна – з 20:30 да 23:00 гэта доўжылася бесперапынна.

Аўтобусы ездзілі проста па ходніках, адтуль выскоквалі сілавікі ці проста дзверы адкрывалі і наўпрост з дзвярэй стралялі. То бок зладзілі такі пейнтбол па людзях. І я бачыў іх задаволеныя твары, што ім гэта падабаецца. Гэта садызм, фашызм, я не ведаю, як гэта ўсё назваць. Да такога адэкватныя людзі не дадумваліся.

У мяне трапілі дзве гумовыя кулі. Ад адной гематома на спіне. Другая захрасла ў руцэ, каб яе дастаць, я выклікаў хуткую дапамогу.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Я думаю, што спробы дамаўляцца з гэтымі людзьмі ні да чаго не прывядуць. Бо падаецца, што тыя, хто ў нас служаць сілавікамі, – гэта ўжо не людзі. Кібаргі з поўнай адсутнасцю нейкіх маральных і этычных нормаў. Таму з імі немагчыма весці нейкія перамовы. Таму ўсе гэтыя лозунгі кшталту «міліцыя з народам» трэба забыць. Я не ведаю, адкуль такая агрэсія. Мо таму, што яны працуюць соднямі, і, магчыма, іх накачваюць нейкімі стымулятарамі. Таму што паводзіны ў іх цалкам неадэкватныя. Пасля таго як страляюць у дзяцей, душаць машынамі – як да іх можна ставіцца? Іхныя дзеянні не маюць нічога агульнага з чалавечай мараллю.

Як нам перамагчы? Агульнай забастоўкай. Адзінае, чаго баюся, што Расея побач, і каб яны не ўлезлі.

«Засунулі гранату ў майткі». Дзве гісторыі затрымання ў Менску

Ніякіх скаргаў я цяпер не буду пісаць. Мяне папярэдзілі, што яны ломяцца ў кватэры. У масавых пратэстаў цяпер няма лідара, таму яны ломяць любыя дзверы, за якімі хоць нейкая вызначаная асоба. Пакуль уся краіна не падымецца, я не буду пісаць скаргі, бо не хачу, каб мне ўзламалі дзверы і катавалі мяне. Цяпер шукаюць заходніх арганізатараў, якіх няма, і пад гэты грэбень грабуць усіх без разбору.

Гэта генацыд – тое, што адбываецца. Але гэта мусіць скончыцца, бо гэтая банда, пару палкоў, якіх адмыслова да гэтага рыхтавалі, не могуць паставіць ракам шматмільённае насельніцтва».

Фота прадстаўлена рэдакцыі
  • За час пратэстаў з 9 жніўня, паводле МУС, былі затрыманыя да 6700 чалавек. Адзін мітынговец загінуў. Ноч з 13 на 14 жніўня ў Менску стала першай пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі не было масавых затрыманняў.

НА belsat.eu

Hавiны