«Тое самае было з Ціханоўскім у Горадне». У Магілёве журналіста і праваабаронцу асудзілі за дробнае хуліганства


Суддзя Вікторыя Палякова прысудзіла журналісту і праваабаронцы Аляксандру Буракову 10 содняў арышту, паведамляе карэспандэнт «Белсату». Паводле Буракову супраць яго была ўчыненая правакацыя.

7 жніўня першым у суд Ленінскага раёну Магілёва прывезлі журналіста і праваабаронца Аляксандра Буракова старэйшага. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 КаАП.

Суд над Аляксандрам Бураковым у Магілёве.
Фота: «Белсат»

«Супраць мяне зладзілі правакацыю. Тое самае было з Ціханоўскім у Горадне», – адразу заявіў Буракоў, як толькі ўвайшоў у залю суду. «Гэта правакацыя, арганізаваная маёрам Паўлам Башарымавым. Машына была толькі нагодаю, каб мяне затрымаць і прывезці ў РАУС, а пасля зладзіць правакацыю супраць мяне», – сказаў журналіст.

5 жніўня Аляксандра Буракова затрымалі супрацоўнікі ДАІ і даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва для разбіральніцтва наконт машыны, якая па інфармацыі ДАІ магла быць ва ўгоне. Там Буракова пратрымалі болей за 3 гадзіны, пасля чаго вывелі на вуліцу, дзе побач з Бураковым на асфальт упала жанчына і людзі ў цывільным адразу завялі Буракова назад у РАУС.

Суддзя Вікторыя Палякова прысудзіла журналісту і праваабаронцы Аляксандру Буракову 10 содняў арышту.
Фота: «Белсат»

Свой дзень народзінаў 6 жніўня Аляксандр Буракоў сустракаў у ізалятары часовага ўтрымання. На суд яго прывезлі толькі 7 жніўня.

Сваю віну Буракоў не прызнае і дзеля абароны наняў адваката.

«Пасля разбіральніцтва з машынай маёр Башарымаў вывеў мяне з РАУС з іншага ўваходу. Я пайшоў у галоўны ўваход, каб забраць уласныя рэчы з камеры захоўвання. Мне трэба было прайсці 100 м, але нечакана невядомая мне жанчына абаперлася ў мяне локцем і пачала спаўзаць на зямлю са словамі «Ой, ой!». І мяне тут жа падхапілі пад рукі людзі ў цывільным і павялі назад у РАУС», – патлумачыў Буракоў на судзе.

Фота: «Белсат»

Буракоў лічыць, што міліцыя ўжыла ў адносінах яго тыя ж захады, што і да Сяргея Ціханоўскага: пачалося ўсё з праверкі vin-нумара машыны, а пасля ў справе зʼявілася жанчына, якая сама прычапілася да журналіста. Машыну ў журналіста ў выніку забралі на 10 дзён для праверкі. А па адміністрацыйнай справе не выдалі копію пратакола: «Свой пратакол я падпісаў і яго складаў адзін супрацоўнік – Палазкоў. Мне не далі копію. І толькі перад самым судом мне далі нейкі другі пратакол без майго подпісу і складзены іншым супрацоўнікам – Гоманавым», – сказаў Буракоў.

Буракоў лічыць, што гэтая справа – спроба затрымаць яго на час выбараў, а таксама помста за тое, што ён раскрыў схему працы ДАІ на пікетах дзеля падтрымання Ціханоўскай у Магілёве. Відэа з удзелам супрацоўніка ДАІ, якое зняў Буракоў, праглядзела больш за 200 тысяч чалавек.

Абноўлена
Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі пакараныя 10 соднямі за песню «Перамен!»
2020.08.07 13:45

Маёр Павел Башарымаў вядомы тым, што займаецца ўсімі палітычнымі справамі ў Магілёве. Цяпер ён не толькі распачаў праверку, але і сам выступіў на судзе сведкай супраць Буракова. «Буракоў быў вельмі незадаволены праверкай яго машыны. Ён паводзіў сябе вельмі эмацыйна. Магчыма, у яго проста накіпела. Я юачыў, як Буракоў адштурхнуў жанчыну. Інцыдэнт адбыўся ў 2 метрах ад каліткі РАУС», – пацвердзіў канфлікт Буракова з грамадзянкай Васільковай на судзе маёр Башарымаў.

На баку Буракова ў судзе выступілі 2 сведкі: праваабаронца Барыс Бухель, які чакаў Буракова пад РАУС, і мінак, які ў той час таксама знаходзіўся пад РАУС.

Сярод матэрыялаў справы суддзя агласіла і заяву грамадзянкі Васільковай, якая сцвярджае, што Буракоў лаяўся матам і двумя рукамі штрурхуў яе ў грудзі, чым парушыў яе спакой і просіць яго прыцягнуць да адказнасці. Імя і імя па бацьку Васільковай таксама яе месца жыхарства ў судзе не назвалі. Сама грамадзянка ў суд не зʼявілася, бо «зʼязджае ў Расею». Пра нейкія цялесныя пашкоджанні Васільковай таксама інфармацыі няма. Адвакат Буракова запрасіла паўторна выклікаць у суд грамадзянку Васількову, але суд хадатайства не задаволіў.

  • За апошнія дні ў Магілёве было затрымана 6 асобаў, сярод іх журналісты Уладзімір Лапцэвіч, Аляксандр Буракоў старэйшы і малодшы, праваабаронца Аляксандр Хамратаў назіральнік Андрэй Застрэлаў і сябра каманды «Страны для жизни» Аляксандр Таланкоў. 7 жніўня разглядаюцца іх адміністрацыйныя справы. На дадзены момант вядомы толькі 2 прысуда: Аляксандр Буракоў -10 содняў і Аляксандр Таланкоў – 7 содняў.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў