The Washington Post: Трамп хавае дэталі перамоваў з Пуціным


Газета Washington Post сцвярджае, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп схаваў дэталі перамоваў з расейскім лідарам Уладзімерам Пуціным і нават адабраў у перакладчыка адной з сустрэчаў яго працоўныя запісы. У Белым доме ў адказ заявілі, што артыкул выдання змяшчае такую колькасць недакладнасцяў, што не бачаць сэнсу яго падрабязна каментаваць.

Газета піша, што Трамп, у адрозненне ад папярэдніх прэзідэнтаў ЗША, не бярэ з сабой на перамовы з Пуціным высокапастаўленых працаўнікоў Белага дому і не дзеліцца ні з кім падрабязнасцямі аб ходзе гэтых перамоваў.

Выданне сцвярджае, што пасля сустрэчы з Пуціным на саміце «вялікай дваццаткі» ў Гамбургу ў 2017 годзе Трамп забраў у перакладчыка запісы, якія той рабіў падчас перамоваў, а таксама папрасіў не распаўсюджвацца пра змест размовы нават у Белым доме.

Пасля той сустрэчы некаторых высокапастаўленых працаўнікоў азнаёмілі з агульным вынікам перамоваў. Двое з іх захацелі ўдакладніць дэталі і звярнуліся да перакладчыка – аднак той адмовіўся гаварыць, спаслаўшыся на забарону Трампа.

У артыкуле Washington Post гаворыцца, што гэта не адзінкавы выпадак. Паводле выдання, у 2018 годзе на перамовах з Пуціным у Хельсінкі Трамп не ўзяў з сабой нікога акрамя перакладчыка, і нават стэнаграмы гутаркі ў Белым доме ніхто не бачыў.

Некалькі працаўнікоў Белага дому заявілі газеце, што падрабязнай інфармацыі ні пра адны перамовы Трамп з Пуціным няма нават у засакрэчаных дакументах. Падобныя паводзіны прэзідэнта ЗША ім падаюцца дзіўнымі.

12 студзеня Трамп, каментуючы абвінавачванні ў таемных сувязях з Крамлём, напісаў у сваім профілі ў «Twitter»:

«Я вяду ў дачыненні да Расеі ЗНАЧНА больш жорсткую палітыку, чым Абама, Буш або Клінтан. Магчыма, гэта самая жорсткая пазіцыя ў параўнанні з любым іншым прэзідэнтам. У той жа час… наладжванне стасункаў з Расеяй – гэта добрая, а не дрэнная ідэя. Я чакаю, што аднойчы ў нас зноў будуць добрыя стасункі з Расеяй».

ІІ, belsat.eu, паводле BBC і Голас Амерыкі

Стужка навінаў