The Washington Post: расейскія шпіёны ўзламалі камп'ютары Алімпіяды


Амерыканская выведка абвінаваціла расейскіх шпіёнаў у тым, што яны ўзламалі некалькі сотняў камп’ютараў арганізатараў зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане, піша The Washington Post.

Паводле дадзеных амерыканскай выведкі, расейцы спрабавалі зрабіць выгляд, што за атакай стаіць КНДР.

Арганізатары Алімпіяды ў Пхенчхане прызналі, што кібератака адбылася 9 лютага падчас цырымоніі адкрыцця, але не пацвердзілі, што падазраюць Расею. У той жа вечар былі збоі ў працы інтернэту, сістэмы вяшчання і вэб-сайту Алімпіяды. Многія ўдзельнікі не змаглі надрукаваць квіткі на цырымонію, у выніку заставаліся вольныя месцы.

Арганізатарам спатрэбілася 15 гадзін, каб нармалізаваць працу сістэмы.

Аналітыкі мяркуюць, што атака была помстай Міжнароднаму алімпійскаму камітэту за забарону расейскай зборнай удзельнічаць у гульнях праз ужыванне спартоўцамі допінгу. Ні адна службовая асоба з алімпійскай федэрацыі Расеі не прысутнічала на гульнях, і спартоўцы з Расеі выступалі пад нейтральным сцягам і без гімна сваёй краіны.

Па стане на пачатак лютага Галоўнае ўпраўленне выведкі РФ мела доступ да 300 кампутараў Алімпіяды. У кіраўніцтве ГРУ журналістам у каментары адмовілі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў